Шоу первоклассников-2018. Столько зрителей в главном зале города ранее никогда не собиралось.

Главное Общество

Маляўнічае шоу ад першакласнікаў змаглі ўбачыць усе, хто завітаў у нядзелю ў раённы Дом культуры на папулярную конкурсную праграму з аднайменнай назвай.

Столькі гледачоў у галоўнай зале горада раней ніколі не збіралася. Пабалець за ўдзельнікаў «Шоу першакласнікаў» вырашыла так шмат пастаўчан, што яшчэ хвілін за 10 да яго пачатку няпроста было знайсці свабоднае месца не толькі на бліжэйшых да сцэны радах, але і на «галёрцы». А калі загучалі фанфары, гледачы стаялі нават у праходах па абодва бакі залы. Многія прыйшлі сем’ямі — з дзецьмі і ўнукамі, актыўныя балельшчыкі — з паветранымі шарамі і плакатамі з надпісамі ў падтрымку канкурсантаў.

Іх было пяцёра — па колькасці школ горада. Гонар СШ №1 адстойвала Аліна Русак, СШ №2 — Маша Гінько, СШ №3 — Арсеній Хадасевіч, чацвёртую пастаўскую школу прадстаўляла Алі­са Врублеўская, пятую — Валерыя Літвін. Зусім нядаўна яны ўпершыню пераступілі парог сваіх навучальных устаноў, акунуўшыся ў мора ведаў, і сталі называцца першакласнікамі. А цяпер першы раз выйшлі на раённую сцэну, каб расказаць пра сябе і прадэманстраваць свае таленты. Дапамагалі ў гэтым групы падтрымкі ў складзе родных, аднакласнікаў і сяброў.

Пазнаёміцца з канкурсантамі, даведацца пра іх захапленні і мары, першыя школьныя ўражанні гледачы змаглі ў конкурсе «Візітка». Кожная была цікавай і адметнай. Так, Аліна Русак паўстала ў вобразе прынцэсы, якая сабралася на «Шоу перша­класнікаў», а яе бацькі — у ролі Караля і Каралевы. Казачны сюжэт разыграла і каманда Валерыі Літвін, расказаўшы пра тое, як «каралеўская сям’я» марыла пра дачушку і якая цудоўная дзяўчынка нарадзілася. Гісторыю свайго жыцця прадставіла дружная сям’я Врублеўскіх, а затым у дэталях паказала дзень, калі ўсе разам збіралі Алісу ў першы клас. Вершаваную прэзентацыю-расказ пра сябе і сваю вучобу ў школе падрыхтаваў Арсеній Хадасевіч, якога падтрымлівалі на сцэне аднакласнікі і класны кіраўнік. А Маша Гінько і яе блізкія станцавалі пад напісаны пра іх рэп.

Яшчэ больш таленты юных ­удзельнікаў раскрыліся падчас конкурсаў «Мінута славы» і «Зорны вобраз». У першым пачаткоўцы спявалі і танцавалі ў складзе дзіцячых харэаграфічных калектываў, у другім — пераўвасобіліся ў зорак расійскай эстрады Паліну Гагарыну, Ёлку, Сяргея Лазарава, Святлану Лабаду і Глюкозу. Кожнага гледачы сустракалі і праводзілі бурнымі апладысментамі.

Кіпелі эмоцыі і падчас галасавання за пераможцу. Як і ў мінулыя гады, права вызначыць яго было аддадзена тым, хто прыйшоў на шоу. На ўваходзе ў фае Дома культуры ўсе атрымалі жэтоны з парадкавымі нумарамі канкурсантаў. Ну а пакуль ішоў падлік галасоў, перад гледачамі выступілі салісты ўзорнай вакальнай студыі «Юніта» і ўзорнай цыркавой студыі «Каскад». Разам з тэатрам рук арт-студыі «Экспромт» яны радавалі сваім майстэрствам таксама на працягу конкурснай праграмы.

І вось галасы падлічаны. Вядучая зноў запрашае на сцэну канкурсантаў і дырэктара РДК Алу Чарнюк для аб’яўлення пераможцы.

— З кожным годам наша шоу становіцца ўсё больш папулярным сярод пастаўчан, пра што сведчыць перапоўненая гля­дзельная зала, і больш сучасным, адыходзячы ад чыста школьнай тэматыкі. Над тым, каб яно атрымалася, працавала вельмі шмат людзей. У першую чаргу гэта самі канкурсанты і іх бацькі, аднакласнікі і класныя кіраўнікі першаклашак, за што ім вялікае дзякуй, — гаварыла, захоўваючы інтрыгу, Ала Баляславаўна.

Усім удзельнікам яна ўручыла памятныя дыпломы і падарункі — мяккія цацкі і тарты — ад спонсараў: магазінаў «Белоснежка», «Детский», «Ладушки», «Солнышко» і «Купалинка», а таксама ад раённага Дома культуры. І толькі тады назвала імя пераможцы. Ёй стала вучаніца 1 «А» класа СШ №4 Аліса Врублеўская, якая атрымала яшчэ адзін дыплом.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.