
Калі старанне заахвочваецца
Сярэдні надой ад каровы на старадворскай ферме ААТ «Навасёлкі-Лучай» у бягучым годзе павялічыўся амаль на паўтоны. Карэспандэнт «Пастаўскага краю» пацікавілася прычынай росту.
Змяркалася. Рабочы дзень у гараджан набліжаўся да завяршэння, а на ферме ў Старым Двары пачыналася вячэрняя дойка. Пад’язджаем да двух будынкаў, у якіх свецяцца вокны. Перад уваходам сустракае загадчыца Ірына Мотуз. Заходзім у памяшканне: стойлы вычышчаныя і падсыпаныя апілкамі, каровы з апетытам ядуць сянажную масу.
— Кармы раздаюцца перад дойкай, — тлумачыць загадчыца. — Гэтым займаюцца жывёлаводы Аляксандр Пупенка, Уладзімір Чарняўскі, Аляксей Бугай, Дзмітрый Кадушка. Працуюць па зменах, летам пасвяць статак у полі, круглы год ад іх у вялікай ступені залежаць надоі. На ферме ўтрымліваецца амаль 400 кароў. Іх даглядаюць 10 даярак, дзве з іх падменныя. Свае абавязкі адказна выконваюць усе, падтрымліваюць чысціню і парадак.
З таго часу, як паўтара года таму старадворскае аддзяленне было перададзена ў падпарадкаванне ААТ «Навасёлкі-Лучай», зрухі ў лепшы бок тут адчувальныя. Аналізую паказчыкі работы даярак за мінулы і бягучы год. Плюс у надоях вагаецца ад 300 да 740 грамаў. Напрыклад, за 9 месяцаў 2017 года сярэдні надой ад каровы ў групе, якую даглядае Алеся Масянкевіч складаў крыху больш за 1500 кілаграмаў, сёлета — амаль 2400, у Валянціны Пупенка быў 1890 кг, стаў — 2460. Спрыяюць большым надоям якасныя кармы, збалансаваны рацыён, забяспечанасць у неабходным аб’ёме вітамінна-мінеральнымі дабаўкамі, падтрыманне адпаведнага мікраклімату, дакладнае выкананне распарадку дня на ферме. А асноўны рэзерв — прадуманая племянная работа. Групы абнавілі прадукцыйнымі першацёлкамі. Маладыя каровы расцяліліся па другім разе, і малака стала больш.

— Гатовыя ўводзіць цялушак у свае групы і іншыя аператары машыннага даення, — працягвала загадчыца. — Але немагчыма зрабіць усё адразу — патрэбен час. Паступова статак будзе поўнасцю абноўлены. Хапае спраў ветурачу фермы Сяргею Якімовічу, які сочыць за здароўем жывёлы, адказвае за племянную работу. Людзі ў нас працавітыя, у большасці — багаты вопыт. А калі праца стала годна аплачвацца, то і энтузіязму дабавілася. Так, Жанна Надзей на ферме з 1992 года. Пачынала вартаўніком, затым набрала групу першацёлак. Адразу пасля заканчэння школы ў жывёлагадоўлю прыйшла і Валянціна Пупенка. Вялікі стаж у Надзеі Карнілавай.
— На старадворскай ферме працавала доўга, — расказвала Надзя, — а калі далучылі да Дунілавіч (яшчэ да таго часу, як СП узначаліў Андрэй Сарапененка), нервы здалі: не вытрымала абыякавых адносін кіраўніцтва як да людзей, так і ўвогуле да справы, бяскорміцы зімой, безгаспадарчасці, нізкай зарплаты. Як цяпер памятаю: разлік атрымала 850 тысяч рублёў. Папрасілася ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» — прынялі на навасёлкаўскую ферму. Выконвала тыя ж абавязкі, што і на ранейшым месцы, і першую зарплату атрымала 6 млн 500 тыс. рублёў. Год таму вярнулася ў Стары Двор: у Навасёлках была кватэра, а тут выдзелілі дом з прысядзібным участкам. Сярэдняя зарплата па ферме — 750 рублёў. Пастухі летам атрымлівалі і па 1000.
Ірына Селязнёва і Ірына Грышчанка пераехалі ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» з Браслаўскага раёна, Таццяна Пронька — з «Камайскага-агра».
— Прачыталі аб’яву, што патрабуюцца жывёлаводы, пацікавіліся ўмовамі ў знаёмых, якія раней перабраліся ў гэту гаспадарку, і памянялі месца жыхарства, — расказвалі. — Да работы на ферме мы прывычныя, бо ў жывёлагадоўлі пастаянна. У Коўзанах атрымалі добраўпарадкаванае жыллё. Зарплата нядрэнная, выплачваецца своечасова. На работу і з работы нас возіць мікрааўтобус. Немалаважнае значэнне маюць чулыя адносіны кіраўніцтва. Прыязджаюць на ферму не толькі галоўныя заатэхнік Іван Кісель, ветурач Аляксандр Жыдковіч, часта бывае і дырэктар Юрый Шымчык. Заўсёды пацікавіцца вытворчымі і асабістымі справамі. Старанне заахвочваецца рублём, аказваецца дапамога ў апрацоўцы прысядзібных участкаў, нарыхтоўцы сена, вырошчванні бульбы. Увогуле, з якой бы просьбай ні звярнуліся, выслухае і пасадзейнічае.

Слесары Сяргей Балебка і Міхаіл Сымановіч сочаць за тым, каб надзейна працавалі малакаправод, халадзільнае абсталяванне, сістэма гноевыдалення. Паломкі, вядома ж, здараюцца, бо абсталяванне на ферме не новае. Калі не пад сілу справіцца самім, выклікаюць падмогу з цэнтральнага аддзялення.
Накіроўваемся ў прафілакторый для цялят. Іх пераводзяць сюды праз некалькі гадзін пасля з’яўлення на свет. Даяркі пояць іх малодзівам і адпраўляюць пад апеку Таццяны Шакола і Зоі Кухальскай. Даглядчыцы якраз збіраліся паіць сваіх гадаванцаў. Тыя, чуючы пах малака, з даверам цягнуліся да рук «мамак», тыкаліся ў іх мордачкамі. А Таццяна і Зоя лашчылі малых, падстаўлялі соскі-паілкі. І тыя, высмактаўшы «вячэру», сытыя ўкладваліся на свежа падасланую салому.
Сумленныя адносіны жанчын да выканання сваіх абавязкаў спрыяюць добрым сярэднясутачным прывагам жывёлы — за 10 месяцаў яны склалі 640 грамаў. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў па раёне. Добрую малочную карову можна выгадаваць толькі са здаровага цяляці. Іх захаванасць у групах старадворскіх даглядчыц стопрацэнтная. У летні перыяд у групе бывае да 200 цялятак, цяпер, пакуль не пачаліся масавыя ацёлы, крыху менш за 100. На пытанне, як працуецца, Таццяна і Зоя адказалі: «Апошнія паўтара года — у задавальненне: хапае кармоў, зарплату атрымліваем добрую».
Зіма — адказны перыяд для работнікаў ферм. Сёлета надвор’е пакуль не выпрабоўвае ні маразамі, ні завеямі. Але наперадзе яшчэ не адзін месяц халадоў. Важная роля ў паспяховым правядзенні стойлавага ўтрымання належыць добрай кармавой базе і зладжанай працы работнікаў. Сенажу і сіласу ў гаспадарцы дастаткова. Кармы закладзены побач з фермай. Сёлета тут забетанавалі дзве новыя ямы. Надзейнае захоўванне кармоў — гарантыя іх добрай якасці.