Творчество длиною в четверть века. Народная эстрадная группа «25 плюс-минус» отметила 25-летний юбилей

Важное Культура

Шэры кароткі дзень. Пранізлівы вецер. На дварэ холадна і няўтульна. Толькі і сядзець бы дома за кубачкам кавы або гарбаты за камп’ютарам, пры тэлевізары ці з кнігай. Але да раённага Дома культуры сцякаўся і сцякаўся людскі ручаёк — пастаўчане ішлі на юбілейны канцэрт народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус», што ладзіўся з нагоды яе 25-годдзя. І цалкам запоўнілі гля­дзельную залу на 500 месцаў.

Яшчэ б! Групу ведаюць і любяць усе, хто не раўнадушны да музыкі і песні. Вось ужо чвэрць стагоддзя калектыў папулярны і запатрабаваны. Яго ўдзельнікам няма розніцы, дзе выступаць — на прывычнай сцэне РДК або імправізаванай на свяце вуліцы, у нарачанскім санаторыі ці за мяжой (выязджалі ў Польшчу, Расію, Латвію). Усюды яны працуюць творча, натхнёна, з поўнай аддачай і з любоўю да гледача.

Цяперашнія і ранейшыя ўдзельнікі народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус»

І перад кожным канцэртам хвалююцца. «А сёння — яшчэ больш, — прызналіся. — Юбілейны канцэрт — гэта так адказна!» Забягаючы наперад, скажу, што прайшоў ён на адным дыханні. Тон задаў, канешне ж, сённяшні склад групы: Аляксей Конанаў (музычны кіраўнік), Марына Вайцяховіч, Эла Панавас, Пётр Кароль. Затым вядучая Алена Слядзеўская перадала эстафету салістам, якія спявалі ў групе раней. Некаторыя з іх змянілі сямейнае становішча і месца жыхарства, але не пакінулі сцэну. Іна Кундра (Гарач­кіна) прыехала са Смаргоні, Марыя Бірукова (Логінава) — з Расіі, Аляксандр Апанасевіч — з Мінска, Ірына Гетнікава — з Варапаева. Алена Харук (Крывіцкая) і Сяргей Казура па-ранейшаму жывуць на Пастаўшчыне. Выступленне на юбілейным канцэрце гэтых гасцей стала для гледачоў прыемным сюрпрызам, і яны прымалі іх асабліва гарачымі апладысментамі. А першы склад групы быў наступны: Мікалай Карпенка, Пётр Кароль, Алена Крывіцкая, Леанід Косаў, Уладзімір Ерамееў, Юрый Белік і Канстанцін Сахацкі. Са «старажылаў» у калектыве зараз толькі Пётр Кароль, які выступае на сцэне ўжо на працягу 40 гадоў. «Я — шчаслівы чалавек, — прызнаўся. — Песня заўсёды ў маім жыцці, а сцэна натхняе».

Намеснік начальніка аддзела ідэала­гічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Лойка ўручыла Пятру Каралю Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта, а кіраўніку групы Аляксею Конанаву — грашовы сертыфікат на 700 рублёў. Яна і дырэктар РДК Ала Чарнюк павіншавалі калектыў з прыгожай датай, падзякавалі за адданасць песні і пажадалі далейшых поспехаў у творчасці. А юбілеяў аказалася некалькі: 25 гадоў з дня стварэння групы, і столькі ж у ім спявае вядучы саліст Пётр Кароль, 20 гадоў назад прысвоена званне «народны калектыў», і столькі ж часу ў ёй Аляксей Конанаў.

 На юбілейным канцэрце неаднойчы гучала імя Мікалая Карпенкі — выдатнага музыканта, таленавітага арганізатара, лідара, які заклаў творчы фундамент групы. Менавіта дзякуючы яму ў Пастаўскім Доме афіцэраў быў створаны і паспяхова выступаў вакальна-інструментальны ансамбль «Сучаснік», удзельнікамі якога з’яўляліся ваеннаслужачыя. Пасля развалу СССР у 1993 годзе з нашага горада была выведзена расійская воінская часць. Натуральна, перавяліся на новае месца службы і амаль усе ўдзельнікі ВІА. А Дом культуры вайскоўцаў і апаратура былі перададзены аддзелу культуры райвыканкама. І тут Мікалай Карпенка стварыў эстрадную групу «25 плюс-мінус». На жаль, жыццё таленавітага творцы абарвалася дачасна, але памяць пра яго і яго песні жыве. Гучалі яны і на гэтым канцэрце.

 Асобны рэспект кіраўніку і ўдзельнікам групы за рэпертуар. Усе песні ў ім не толькі папулярныя, але і змястоўныя, шмат беларускіх. Адны расчульваюць гледачоў, другія прымушаюць задумацца над сэнсам жыцця, трэція выклікаюць усмешку, пад чацвёртыя хочацца пусціцца ў скокі. За кожную пастаўчане дзякавалі дружнымі апладысментамі, воклічамі «брава!», «малайцы!». Сапраўды, малайцы. Дарыце і надалей людзям радасць.

Фаіна Касаткіна
Фота Наталлі Налей



Tagged