Участники спортивных соревнований «Папа, мама, я — спортивная семья» доказали, что заниматься спортом сегодня престижно и модно

Важное Образование Спорт

Прэстыжна і модна займацца сёння спортам

Гэта яскрава пацвердзілі каманды-ўдзельніцы спартыўных спаборніцтваў, якія праходзілі на базе СШ №4 і называліся «Тата, мама, я — спартыўная сям’я».

Суботняя раніца. У спартыўнай зале гучаць фанфары. Пад апладысменты гледачоў у яе ўваходзяць каманды, якія складаюцца з тандэмаў мама—сын і тата—дачка, «Таты, мамы, дзеці» (Кацярына і Уладзіслаў Каратковы, Юлія і Арцём Токаравы, Уладзімір і Валерыя Краўчанка, Сяргей і Анастасія Рабовіч) і «Сямейны экстрым» (Эмілія і Аляксандр Коскіны, Ганна і Аляксей Грынько, Сяргей і Лізавета Мацкевіч, Валерыя Грузд са сваім дзядзькам Віктарам Казакевічам). Яны робяць круг пашаны і становяцца ў строй, каб «адрапартаваць» прывітанне. Знаёмства адбылося — час пачынаць.

 Права ўзняць флаг спаборніцтваў прадаставілі пераможцу раённых, бронзаваму прызёру абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па мнагаборстве Ула­дзіславу Рудкевічу. Ацэньвала выступленне каманд журы ў складзе дырэктара школы Вячаслава Пякарскага, старшыні папячыцельскага савета Алены Рудкевіч, фельчара Жанны Дунец, навучэнцаў Юліі Шылько, Уладзіслава Рудкевіча і першага сакратара райкама БРСМ Веранікі Казлоўскай.

Пацвердзіць фізічную падрыхтоўку, спрыт, згуртаванасць удзельнікам прапаноўвалася ў дзесяці эстафетах. Падчас іх прадстаўнікі каманд бегалі, скакалі ў мяшках, з мячамі паміж ног і парамі ў абручах, кацілі хакейнай клюшкай тэнісны мячык, неслі яго ў лыжцы, перацягвалі канат і іншае. Паміж спартыўнымі стартамі прыгожымі песенна-танцавальнымі нумарамі прысутных забаўлялі юныя таленты СШ №4.

Ад занадта частага выкарыстання ў газетных артыкулах сказа «спартыўныя спаборніцтвы прай­шлі азартна» ён стаў «заезджаным». Вось і зараз, баюся, што калі напішу яго,  то не будзе ўспрыняты належным чынам. А мне вельмі не хочацца, каб так атрымалася, бо падчас эстафеты паветра ў спартыўнай зале аж звінела ад байцовага духу ўдзельнікаў, гучнага скандзіравання балельшчыкамі «малайцы!», апладысментаў.

З невялікім адрывам у ліку перамагла каманда «Сямейны экстрым», апярэдзіўшы сапернікаў на 2 ачкі. Усе ўдзельнікі спартыўнага свята атрымалі граматы, папяровыя медалі і тарты і, вядома ж, безліч станоўчых эмоцый.

Адметнасць дадзеных спаборніцтваў у тым, што гэта першае мерапрыемства новага маладзёжнага сямейнага праекта «Тата-зала». Яго арганізатарамі выступаюць райкам БРСМ, аддзел па адукацыі райвыканкама і СШ №4. Сваёй мэтай яны ставяць папулярызацыю сямейных каштоўнасцей і здаровага ладу жыцця, умацаванне бацькоўска-дзіцячых адносін і супрацоўніцтва паміж школай і бацькамі. Праект будзе рэалізоўвацца, пачынаючы з лістапада бягучага года па красавік наступнага.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged