Урожай в 1200 тонн. На сажалках рыбхоза «Новинки» завершили массовый облов рыбы

Важное Сельское хозяйство

Аляксандр Жук, Уладзімір Якімовіч, Алег Лалыка, Ілья Кадушкевіч, Дзмітрый Ганчук

І рыба ёсць, і попыт

Тыдзень таму на апошніх сажалках рыбгаса «Навінкі» завяршалі масавы аблоў рыбы. Ураджай склаў больш за 1200 тон.

З дырэктарам Аляксандрам Ліхаманавым едзем па тэрыторыі. Непрывычна бачыць абапал дарогі сажалкі без вады.

— Па тэхналогіі ваду спускаем да пачатку аблову, — тлумачыў дырэктар. — Затым закідваем невад і вылаўліваем рыбу. Работа цяжкая. Сёлета папрацавалі плённа і сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці — калектыў сустракае з добрым настроем. Ужо маем больш за 1200 тон жывога тавару. З іх 47 тон таўсталобіка, па 20 — амура і карася, 1 тона шчупака. Астатняя колькасць — карп. Вынік мінулага года перавышаны больш чым на 30 %.

Летась упершыню за 10 гадоў рыбгас «Навінкі» план аблову выканаў толькі на 74 %. Такая сітуацыя склалася з-за таго, што лета было халодным і дажджлівым. Сёлета надвор’е паспрыяла. Правільна правялі зарыбленне, своечасова падвозілі кармы (іх за летні перыяд зрасходавалі 3 тысячы тон), работнікі лабараторыі дасканала адсочвалі гід­ра­хі­мічныя паказчыкі. 24 жніўня прыступілі да інтэнсіўнага аблову, які называюць пуцінай.

Валерый і Алена Шэндзель

Пад’язджаем да таго месца, дзе ідуць вылаў і пагрузка рыбы. Дзень сапраўды восеньскі: дзьме пранізлівы вецер і не хочацца пакідаць цёплы салон машыны. А рыбакі ў гумовых камбінезонах ходзяць у вадзе, чэрпаюць сачкамі рыбу і напаўняюць ёй жалезны коўш. Лябёдкай яго падымаюць наверх і выгружаюць у аўтамашыну, якая дастаўляе прадукцыю ў сартавальны цэх. Рэйс за рэйсам робяць вадзіцелі Павел Бервячонак, Раман Пачкоўскі, Валянцін Врублеўскі, Анатолій Карнацэвіч, Міхаіл Якімовіч. Як з бункера камбайна выгружаецца збожжа, так з рыбгасаўскай аўтамашыны праз спецыяльнае прыстасаванне рыба высыпаецца на вялікі латок і вадой падаецца ў сартавальны цэх. Жанчыны ў спецвопратцы, гумовых пальчатках сарціруюць яе па відах і масавых групах. 

— Калі ў работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў зіма — больш-менш спакойны час, то ў нас напружанне круглы год, — гаварыў Аляксандр Ліхаманаў. — Рыбу мы вырошчваем з лічынкі да таварнай прадукцыі. З вясны пачынаем зарыбленне, летам галоўная ўвага надаецца кармленню, ахове вадаёмаў, бо знаходзяцца аматары нелегальнай рыбалкі. Змагаемся з бакланамі, якія нішчаць і шкодзяць шмат рыбы. Цяпер завяршаем пуціну і падводзім вынікі працы. Зімой таварная рыба будзе здабывацца з зімавальных сажалак і пастаўляцца ў гандлёвыя кропкі.

У гэты час важным этапам з’яўляецца продаж. Рэалізуецца рыба па прымальных цэнах, каб выгадна было і пакупніку, і вытворцу. Аўтамашыны рыбгаса з надпісам «Жывая рыба» даяз­джаюць да спальных раёнаў вялікіх гарадоў і маланаселеных вёсачак. Два сямейныя экіпажы ў складзе Ніны і Віктара Гінько, Алены і Валерыя Шэндзель, а таксама вадзіцелі Анатолій Мамаеў, Сяргей Каспіровіч і прадавец Святлана Крывёнак працуюць у Віцебску. Ім рыбгас здымае нумары ў гасцініцы, тавар рэгулярна падвозіцца. Ігар і Даната Карнацэвіч гандлююць на рынках райспажыўтаварыства і «Беліт» у Паставах. Па выніках работы за кастрычнік больш за іншых прадала рыбы Жанна Вярцінская. Удзельнічаюць рыбгасаўцы ў восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашах у Мінску, дзе прыгожая, чыстая, з выдатнымі смакавымі якасцямі рыба з Навінак карыстаецца вялікім попытам. З 17 лістапада ў сталіцы стартавалі рыбныя кірмашы выхаднога дня.

Ідзе сарціроўка рыбы

Рыбгас па-ранейшаму ў ліку лепшых у рэспубліцы. Доказам таму запрашэнне Аляксандра Ліхаманава на Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Стратэгія развіцця рыбнай галіны ў Рэспубліцы Беларусь», якая праходзіла на мінулым тыдні ў Мінску, і прапанова па­дзяліцца вопытам работы. Праектная магутнасць гаспадаркі — 540 тон рыбы. Але ў калектыве ўжо і не памятаюць, калі здабывалі такую колькасць.

— Дасягнуць поспеху немагчыма без старання людзей, — гаварыў дырэктар. — У нас сфарміраваўся дружны, адказны калектыў. Кожны работнік імкнецца якасна выконваць даручаную справу, дабівацца высокіх вынікаў. Добрасумленнымі адносінамі вызначаюцца рыбакі Аляксандр Жук, Уладзімір Якімовіч, Алег Лалыка, Ілья Кадушкевіч, Дзмітрый Ганчук. Яны дасканала ведаюць, як даглядаць жывое «срэбра» вадаёмаў. Рыба, як і любая жывая істота, патрабуе аптымальных умоў, якія часам стварыць няпроста. Важкі ўклад у агульны поспех уносяць галоўны рыбавод Яўгеній Кісялёў, вядучы маркетолаг Віталій Новікаў, майстры ўчасткаў Уладзімір Гузараў і Мікалай Слука, лабарант Святлана Каспіровіч. Дырэкцыя ўсяляк заахвочвае людзей. Тыя, хто не мае заўваг, да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці атрымалі грашовыя прэміі. Вечар адпачынку  з выступленнем удзельні­каў народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус» зладзілі ў кафэ ААТ «Навасёлкі-Лучай».

Наперадзе звычайныя працоўныя будні. І калектыў рыбгаса «Навінкі» будзе рабіць усё для таго, каб на нашым стале была карысная, смачная рыба.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Tagged