В Дуниловичах побывал министр иностранных дел Польши Яцек Чапутович

Главное Духовность

Яднае не толькі памяць

У мінулы чацвер у Дунілавічах пабываў міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч

Ён знаходзіўся ў Беларусі з двухдзённым візітам і прымаў удзел у пася­джэнні асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якое прахо­дзіла ў Мінску з 31 кастрычніка па 1 лістапада. Яцэк Чапутовіч сустракаўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, наведаў Кальварыйскія могілкі.

У Дунілавічы прыехаў разам з паслом Польшчы ў Беларусі Артурам Мі­хальскім і асобамі, якія іх суправаджалі. Высокіх гасцей сустракалі саветнік старшыні аблвыканкама Міхаіл Даніленка, старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснік Юрый Кісялёў. Яны прынялі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Затым у працэсіі накіраваліся на могілкі, дзе пахаваны польскія салдаты і афіцэры, якія загінулі падчас савецка-польскай вайны 1920 года. Могілкі былі асвечаны 20 чэрвеня 1936 года. Тады на гэта мерапрыемства прыязджаў Прэ­­зідэнт Польшчы Іг­націй Масціцкі. 

1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых, 2-га — успамінае ўсіх памерлых вернікаў. Знаходзячыся ў Беларусі, міністр замежных спраў Польшчы не прамінуў магчымасці ўскласці кветкі, запаліць свечкі на магілах сваіх суайчыннікаў, якія аддалі жыццё за Бацькаўшчыну.

Абноўленыя могілкі

— Хутка міне 100 гадоў з дня заканчэння той вайны, — гаварыў Яцэк Чапутовіч. — Пры падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ўдалося адрэстаўраваць могілкі польскіх салдат у Докшыцах, Задарожжы, Язне, Дунілавічах. Дзякуй уладам Беларусі за імкненне захаваць гэтыя пахаванні, магчымасць іх аднавіць. Сёння я не магу наведаць магілы сваіх родных у Варшаве, але рады, што малюся за польскіх салдат, якія знайшлі свой вечны спачын на беларускай зямлі. На памяці пра мінулае трэба будаваць будучыню, рабіць усё для таго, каб у свеце было менш ваенных канфліктаў. У няпростым геапалітычным кантэксце Беларусь з’яўляецца свое­асаблівым мостам паміж Усходам і Захадам.

Яцэк Чапутовіч адзначыў станоўчую дынаміку двухбаковых палітычных кантактаў і парламенцкіх сувязей паміж Польшчай і Беларуссю, рост гандлёвага тавараабароту, выказаў упэўненасць у далейшым паляпшэнні даверу і ўзаемаразумення паміж краінамі і запэўніў, што польскі бок будзе садзейнічаць падтрыманню суверэнітэту Беларусі, яе ідэнтычнасці.

Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч (справа) і пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі падчас ускладання кветак

— Адносіны паміж нашымі краінамі найлепш ахарактарызаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас свайго выступлення на пася­джэнні асноўнай групы Мюн­хенскай канферэнцыі, — гаварыў саветнік старшыні аблвыканкама Міхаіл Даніленка. — Беларусь — міралюбівая краіна. Народы Поль­шчы і Беларусі звязвае не толькі агульная гістарычная памяць, па­між імі развіваюцца эканамічныя, культурныя сувязі. У гэтыя дні мы ўспамінаем сваіх продкаў. На дунілавіцкіх могілках ляжаць польскія салдаты, якія з гонарам выканалі свой абавязак перад Айчынай. Вечная ім памяць.

Затым міністра замежных спраў Польшчы абступілі журналісты шмат­лікіх сродкаў масавай інфармацыі як Беларусі, так і Польшчы. Ім Яцэк Чапутовіч расказаў, што Беларусь уразіла гасціннасцю, паважлівымі адносінамі ўлады да захавання гістарычнай памяці. У далейшым польскі бок бу­дзе рабіць усё для таго, каб развіваць трансгранічны турызм, паляпшаць адносіны паміж краінамі ва ўсіх сферах.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.