В Дуниловичском психоневрологическом доме-интернате для престарелых и инвалидов создана первичная организация ОО «БРСМ»

Общество

Далучыліся да маладзёжнай суполкі

З ліку маладых работнікаў Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў створана пярвічная арганізацыя ГА «БРСМ».

Павіншаваць моладзь з гэтай нагоды ў актавую залу, дзе праходзіла мерапрыемства, завіталі старэйшыя калегі — сакратары пярвічных арганізацый прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў і РГА «Белая Русь» Леакадзія Ясінская і Анастасія Ластоўская, дырэктар дома-інтэрната Павел Паўловіч, а таксама першы сакратар райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Вераніка Казлоўская.

Першай слова ўзяла сакратар новай пярвічкі Анастасія Храпавіцкая. Яна паведаміла гісторыю ўстановы, расказала пра дзень сённяшні, акрэсліла асноўныя задачы, што стаяць перад калектывам, які налічвае 117 работнікаў і ўсебакова клапоціцца пра пастаяльцаў. А іх зараз у доме-інтэрнаце 230 чалавек.

— Дзевяць гадоў таму на базе ўстановы была створана пярвічная арганізацыя «Белай Русі». Яна паспяхова дзейнічае і сёння. Аднак за апошнія гады калектыў значна амаладзіўся, і ў сувязі з гэтым было вырашана стварыць пярвічку саюза моладзі, — расказвала пра грамадскую дзейнасць ва ўстанове Анастасія. — Пакуль што нас 12 чалавек, але мы актыўныя, маем цікавыя прапановы, жадаем паказаць сябе ў справе. А разам зрабіць можна значна больш. Упэўнена, што мы сябе зможам праявіць.

Пад апладысменты прысутных Вераніка Казлоўская ўручыла Анастасіі Храпавіцкай, Марыі Мажэйка, Юліі Бадзігінай, Алесі Цярлюк, Анастасіі Паршонак і Маргарыце Згірскай білеты і значкі члена Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Астатнія атрымаюць іх ад сакратара пярвічкі, бо па розных прычынах не змаглі прысутнічаць на мерапрыемстве.

Маладзёжны лідар раёна падзякавала дунілаўчанам за ініцыятыву, пажадала супрацоўнічаць з мясцовымі пярвічкамі, якія створаны ў яслях-садзе—сярэдняй школе, сельскім Савеце, «Дунілавічах-агра», расказала пра маладзёжную палітыку краіны і існуючую сістэму бонусаў для БРСМаўцаў. У прыватнасці, атрымаць скідку да 50% яны могуць у спартзалах, кафэ, магазінах, аквапарках, цырульнях, кінатэатрах, на дыскатэках і г.д. па ўсёй рэспубліцы. Азнаёміцца з поўным спісам партнёраў маладзёжнай арганізацыі можна ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» на старонцы райкама БРСМ «Эх, моладзь!!!».

Віншуючы падначаленых з уступленнем у шэрагі самай буйной маладзёжнай суполкі Беларусі, Павел Іванавіч узгадаў камсамольскія гады свайго юнацтва. Калісьці ён быў сакратаром пярвічнай арганізацыі класа, не страціў актыўнай грамадзянскай пазіцыі і падчас вучобы ў інстытуце, службы ў арміі. Адзначыў, што яму прыемна ўсведамляць, што БРСМ падхапіў найлепшыя камсамольскія традыцыі і нават узвёў іх на больш высокі ўзровень. Пажадаў поспехаў.

Завяршылася сустрэча абмеркаваннем планаў і прапаноў на бліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву, якія жадае ажыццявіць дунілавіцкая моладзь.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged