В основе деятельности – забота о людях. Пленум районной профсоюзной организации Белорусского профсоюза работников АПК

Важное Общество Сельское хозяйство

У мінулы аўторак адбыўся пленум раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

У яе склад уваходзяць 23 пярвічкі, якія аб’ядноў­ваюць 2933 чалавек. Сёлета створаны дзве: у філіяле «Свінакомплекс Дунілавічы» і ТАА «Славінпрадукт». Вядзецца работа па стварэнні яшчэ дзвюх: на ААТ «Мясакамбінат Пастаўскі» і «ФрэшФудПак». Выбраны тры новыя старшыні прафкамаў: Юлія Сілівёрстава (ААТ «Камайскі-агра»), Вольга Баравік (ААТ «Кураполле-агра») і Уладзімір Танана (ЗАТ «ПаставыЭнерга»).

Па працы і зарплата

На пленуме абмеркавана пытанне аб асноўных напрамках дзейнасці і бягучых задачах. Старшыня раённай арганізацыі Аляксей Філімонаў свой даклад пачаў з аналізу вытворча-эканамічнай дзейнасці сельгасаргані­зацый, паколькі ад гэтага залежыць іх фінансавае становішча, а ў канчатковым выніку — узровень сацыяльна-эканамічнай абароны работнікаў, размер зарплаты, велічыня тарыфнай стаўкі першага разраду, магчымасці матэрыяльнага стымулявання, паўната выканання калектыўнага дагавора. Па выніках 10 месяцаў тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 105% да адпаведнага перыяду мінулага года, у тым ліку раслінаводства — 125,6%, жывёлагадоўлі — 93,0%. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства за 9 месяцаў склала 33,4 мільёна рублёў, або 108,8% да адпаведнага перыяду мінулага года.

На пасяджэннях калегіі па сельскай гаспадарцы і харчаванні, нарадах з галоўнымі эканамістамі сельгасарганізацый разглядаліся пытанні захавання гарантый аплаты працы, недапушчэння налічэння заработнай платы, ніжэйшай за мінімальную. На сённяшні дзень ні адна сельгасарганізацыя раёна не мае запазычанасці па ёй. Найбольш высокая сярэдняя зар­плата ў ААТ «Хацілы-агра» — 910 рублёў, «Навасёлкі-Лучай» — 643, КУСП «Ляхаўшчына-агра» — 476, «Кураполлі-агра» — 469, а самая нізкая — у райаграсэрвісе — 329, «Дунілавічах-агра» — 371, «Янавіцы-агра» — 378.

Заахвочваюцца пераможцы спаборніцтва

Раённы камітэт прафсаюза пастаянна праводзіць спаборніцтва сярод работнікаў усіх катэгорый. Асаблівая ўвага надаецца жывёлагадоўчай галіне — асноўнай крыніцы паступлення грашовых сродкаў на працягу ўсяго года. У адпаведнасці з пастановай Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, з 1 кастрычні­ка 2017 года па 1 мая 2018-га праводзілася акцыя «Наш жывёлавод», у ходзе якой правяраліся санітарна-бытавыя ўмовы, створаныя для работнікаў, забеспячэнне іх спец­адзеннем і абуткам. Лепшых жывёлаводаў адзначалі дыпломамі і грашовымі прэміямі.

У рамках названай акцыі ў сакавіку ў абласным цэнтры адбылося ўшаноўванне пераможцаў спаборніцтва, у тым ліку і 8 прадстаўнікоў нашага раёна, якія атрымалі каштоўныя падарункі. Па выніках работы за мінулы год 8 лепшых аператараў машыннага даення з ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Камайскі-агра», КУСП «Дунілавічы-агра» ўзнагароджаны падзячнымі пісьмамі, сувенірамі і грашовымі прэміямі рэспубліканскага і абласнога камітэтаў Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Арганізуецца спаборніцтва і сярод механізатараў, занятых на палявых работах. 16 пераможцаў адзначаны падарункамі і грашовымі прэміямі.

Запазычанасць трэба ліквідоўваць

Фінансавая дзейнасць прафарганізацый ажыццяўляецца за кошт членскіх узносаў, якія ўтрымліваюцца з зарплаты і павінны пералічвацца на іх рахункі. Аднак па стане на 1 лістапада існуе вялікая запазычанасць па ўзносах: райкаму прафсаюза — 36861 рубель, прафкамам — 45983. Найгоршае становішча на льнозаводзе, дзе не толькі не пагашаецца запазычанасць, але і не пералічваюцца бягучыя прафсаюзныя ўзносы.

Несвоечасовае пералічэнне наймальнікам утрыманых узносаў не дазваляе прафсаюзным органам праводзіць культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы, заахвочваць пераможцаў спаборніцтва, падтрымліваць малазабяспечаныя і мнагадзетныя сем’і, ветэранаў працы, набываць пуцёўкі ў санаторыі, арганізоўваць экскурсійныя паездкі і г.д.

Запазычанасць па прафсаюзных узносах трэба як мага хутчэй ліквідоўваць. Гэта непасрэдны абавязак кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў, і ігнараваць яго выкананне, па крайняй меры, безадказна. На чым завастрыў увагу і старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гутараў, які прыняў удзел у рабоце пленума. Выступаючы перад прысутнымі, Віктар Сяргеевіч спыніўся і на іншых аспектах прафсаюзнай работы, паставіў перад актывам канкрэтныя задачы на бліжэйшы час.

Вопытам сваёй работы падзяліліся старшыні прафкамаў ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель і «Сцяг Перамогі-агра» Таццяна Чарняўская. На пленуме разгледжаны і арганізацыйныя пытанні. А перад пачаткам яго работы прафсаюзныя актывісты змаглі азнаёміцца з узорамі спецадзення для жывёлаводаў, механізатараў, зваршчыкаў, якія прадставіла ААТ «Паставымэбля» і гатова прымаць заказы на яго пашыў.

Фаіна Касаткіна



Tagged