В педагоги я пойду, здесь меня научат. Три года назад в Поставской гимназии создан первый педагогический класс

Образование

Наталля Болгава праводзіць факультатыў у 10 класе

Тры гады назад у сувязі з увядзеннем у краіне профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў Пастаўскай гімназіі быў адкрыты першы педагагічны клас. Вопыт яго існавання аказаўся паспяховым, і сёння такіх класаў ва ўстанове адукацыі два — дзясяты, у якім навучаецца 21 чалавек, і адзінаццаты, дзе налічваецца 13 вучняў.

Педкласы створаны на падставе рашэння раённага выканаўчага камітэта і пагаднення аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М. Танка. Ад звычайных яны адрозніваюцца абавязковым наведваннем навучэнцамі факультатыва «Уводзіны ў педагагічную прафесію», на які даецца дзве га­дзіны ў тыдзень. Пры заканчэнні гімназіі ў атэстаты выпускнікоў класа ўносіцца запіс аб засваенні праграмы факультатыва, што дазваляе ім паступаць у БДПУ, а з гэтага года — і на педагагічныя спецыяльнасці ў іншыя ВНУ краіны без уступных іспытаў. Адзіная ўмова — у атэстатах абітурыентаў павінны быць адзнакі не ніжэй за 7 балаў па ўсіх вучэбных прадметах і не ніжэй за 8 балаў па прадметах, якія адпавядаюць про­фільным уступным іспытам.

Што датычыць працэсу навучання спецыяльнасці ў педагагічным класе, то, па словах педагога-псіхолага гімназіі Наталлі Болгавай, якая вядзе названы вышэй факультатыў, ён набліжаны да ўніверсітэцкага. На працягу першага паўгоддзя старша­класнікам чытаюць лекцыі на тэмы псіхалагічных аспектаў педагагічнай прафесіі, прафесійных патрабаванняў да педагога, асаблівасцей арганізацыі адукацыйнага працэсу ў Беларусі і інш. і праводзяць з імі семінарскія заняткі. У снежні навучэнцы здаюць залікі па праслуханым курсе. А са студзеня пачынаюць праходзіць педагагічную практыку: спачатку наведваюць шэсць любых урокаў настаўнікаў, пасля чаго самі праводзяць урокі: адзі­наццацікласнікі — тры, дзесяцікласнікі — па адным пробным. На такіх уроках абавязкова прысутнічаюць прадстаўнікі адміністрацыі гімназіі, якія затым даюць сваю рэцэнзію.

— Падрыхтоўка да ўрока — складаная і маштабная праца, — расказвала Наталля Яўгеньеўна. — Таму навучэнцы пастаянна знаходзяцца ў кантакце з настаўнікамі: вучацца самастойна складаць планы-канспекты, праводзіць урок, падтрымліваць дысцыпліну ў класе. Адзінаццацікласнікі ў маі абараняюць свае партфоліа «Я — педагог». Гэта абавязковая ўмова, без чаго мы не даём выпускнікам рэкамендацыі ні ў адну ВНУ.

Збіраць партфоліа гімназісты пачынаюць яшчэ ў 10 класе, бо яно ўключае ў сябе, акрамя асабістых даных навучэнца, усё, чым ён займаўся на працягу двух гадоў: планы-канспекты ўрокаў, даследчыя, праектныя, творчыя работы, асабістыя дасягненні. Вучні педкласаў пастаянна ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, якія прапануе БДПУ імя М. Танка: фарсайт-форумах (анлайн-трансляцыях, у час якіх абменьваюцца вопытам і ідэямі з навучэнцамі педагагічных класаў і груп з розных школ краіны), маніторынгах профільнага навучання і інш. Летась занялі другое месца ў вобласці ў педагагічным батле, годам раней сталі аднымі з пераможцаў праекта «Педагогі будучыні вачыма сучасных дзяцей».

Некалькі разоў у год выкладчыкі педуніверсітэта праводзяць для настаўнікаў і навучэнцаў гімназіі вебінары рознай тэматыкі. Сёлета падчас асенніх кані­кулаў запрасілі чатырох адзінаццацікласнікаў у Мінск на семінар «Студэнт на адзін дзень». Там патэнцыяльныя педагогі ў суправаджэнні старшакурснікаў ВНУ наведвалі лекцыі і семінарскія заняткі і ў поўнай меры змаглі адчуць сябе студэнтамі. Сярод тых, каму пашчасціла гэта зрабіць, была Кацярына Дзяргач, з якой мне давялося пагутарыць.

— Я збіраюся паступаць на педагога-псіхолага і вельмі рада, што пабывала ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ, — расказвала дзяўчына. — Ад паездкі засталіся самыя лепшыя ўражанні, пераканалася, што зрабіла правільны выбар прафесіі. А вызначыцца з ёй дапамог педклас. Ён — цудоўная магчымасць для нас, навучэнцаў, гарантавана атрымаць вышэйшую адукацыю за бюджэтныя сродкі.

У гімназіі адбылося два выпускі педагагічнага класа. Шасцёра яго былых вучняў, не толькі дзяўчаты, але і хлопцы, зараз з’яўляюцца студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Нямала жадаючых стаць педагогамі і сярод цяперашніх адзінаццаці­класнікаў. А гэта значыць, што расце папулярнасць прафесіі настаўніка.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged