В Поставах личный приём граждан провёл депутат Палаты представителей Сергей Земчёнок

Важное Местная власть

На гэтым тыдні ў Паставах асабісты прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Зямчонак.

Магчымасцю задаць хвалюючыя пытанні дэпутату скарысталіся трое жыхароў нашага райцэнтра. Адна жанчына патэлефанавала. Яна пражывае ў доме №1 па вуліцы Юбілейнай і надзвычай заклапочана яго дрэнным станам. Выказала пажаданне ад імя многіх жыхароў гэтага дома, каб правялі яго капітальны рамонт. Таксама яна незадаволеная добраўпарадкаваннем вакол. Па гэтым пытанні Сяргеем Зямчонкам будзе накіраваны адпаведны запыт ва УП ЖКГ Пастаўскага раёна.

Сярод тых, хто папярэдне запісаўся на прыём да Сяргея Рычардавіча, быў пастаўчанін 1960 года нараджэння. Па прафесіі ён — токар 3-га разраду, але, звольніўшыся з апошняга месца працы, не можа ўладкавацца. Мужчына патлумачыў сваю занепакоенасць тым, што да пенсіі яму яшчэ 4 гады, а на новае месца яго не хочуць браць з-за ўзросту. Праўда, у яго ёсць магчымасць афіцыйна аформіцца па доглядзе сваёй хворай 84-гадовай цешчы. Пры гэтым яму патлумачылі, што, згодна з існуючым заканадаўствам, у страхавы стаж гэтыя гады яму залічаны не будуць.    

Апошняя грамадзянка, якая прыйшла на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў, падняла глабальнае пытанне, якое адносіцца да нядобрасумленнай канкурэнцыі ў сферы пасажырскіх перавозак у нашай краіне. 23 студзеня бягучага года ўступілі ў сілу змены ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках». Гэты дакумент удакладніў крытэрыі аднясення аўтамабільных перавозак пасажыраў да перавозак у нерэгулярных і рэгулярных зносінах. Яго галоўная мэта — навесці парадак у гэтай сферы, вывесці з ценю нелегальных перавозчыкаў, якія працавалі на тых жа маршрутах, што і афіцыйныя перавозчыкі, і тым самым перацягвалі на сябе значную частку іх пасажыраў і выручкі. Аднак па факце атрымалася так, што далёка не ўсе перабудавалі свой бізнес пад новую прававую рэальнасць і да гэтага часу працуюць па “шэрых” схемах. Пакуль шматлікія спробы жанчыны дабіцца справядлівасці ў розных інстанцыях як раённага, так і рэспубліканскага ўзроўню поспехам не ўвянчаліся. На яе думку, з-за таго, што да канца так і не зразумела, хто ў дадзеным выпадку з’яўляецца галоўным кантралюючым органам, які б адсочваў работу нелегалаў і прымаў рашэнні аб іх пакаранні. Сяргей Зямчонак пагадзіўся з высновамі жанчыны і падкрэсліў, што гэтае пытанне патрабуе дадатковай прапрацоўкі. Паабяцаў узяць яго на кантроль, накіраваўшы спецыяльны запыт ў пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі.

Пасля прыёму Сяргей Рычардавіч расказаў пра апошнія парламенцкія слуханні, якія адбыліся 14 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў. Яны закранулі вельмі важнае для Беларусі пытанне — паляпшэнне інвестыцыйнага клімату ў краіне. Іх правядзенне было ініцыянавана пастаяннымі камісіямі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы і міжнародных справах.

— У абмеркаванні тэмы прынялі ўдзел звыш дзвюхсот чалавек, — расказваў Сяргей Зямчонак. — Сярод іх дэпутаты, міністры, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікі дзелавой супольнасці, міжнародных структур, вядучых юрыдычных кампаній, эксперты і інвестары. Удзельнікі пасяджэння аналізавалі заканадаўства і дзяліліся меркаваннямі, як зрабіць Беларусь прывабнай для інвестараў. Прапановы, якія прагучалі падчас парламенцкіх слуханняў, будуць улічаны пры дапрацоўцы інвестыцыйнага заканадаўства.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ



Tagged