В Поставском районе браконьеры убили трёх косуль и пытались сбежать

Важное Правовое поле

Фото Государственной инспекции охраны животного и растительного мира при Президенте Республики Беларусь

Дзічына абыходзіцца дорага

Аматараў палявання ў нашым раёне нямала. Аднак не ўсе яны маюць дазвол на здабычу дзікіх жывёл. Некаторыя грамадзяне адпраўляюцца са стрэльбай у лес без паляўнічага білета, спадзеючыся вярнуцца з трафеем і пры гэтым застацца незаўважанымі. Толькі так атрымліваецца не заўсёды, што пацвярджае нядаўні прыклад.

Вечарам 10 лістапада за вёскай Чарты, недалёка ад павароту на Паставы, супрацоўнікі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС затрымалі аўтамабіль “Рэно-Эспэйс”, у якім знаходзіліся трое жыхароў райцэнтра — 1961, 1969 і 1985 гадоў нараджэння. У багажніку яны перавозілі тушы трох казуль, незаконна здабытых каля вёскі Крашнева Варапаеўскага сельсавета — дазволу на паляванне і транспарціроўку мужчыны не мелі. Спачатку машыну з імі спынілі для праверкі каля вёскі Андроны інспектары Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, якім перадалі інфармацыю пра браканьераў пагранічнікі. Але як толькі вадзіцеля папрасілі паказаць, што ў багажніку, ён рэзка націснуў на педаль газу. Некалькі кіламетраў вялося праследаванне, пакуль экіпаж ДАІ не перакрыў дарогу ўцекачам.

Двое з траіх затрыманых аказаліся паляўнічымі, адзін з іх меў пры сабе стрэльбу і два патроны да яе, у другога боты былі ў крыві. У адносінах да браканьераў узбуджана крымінальная справа па факце незаконнага палявання. Ім пагражаюць да 6 гадоў пазбаўлення волі і немалы штраф, нягледзячы на добраахвотнае пакрыццё прычыненага ўрону, які ацэньваецца ў 8,8 тысячы рублёў. У адносінах да вадзіцеля “Рэно” пачаты адміністрацыйны працэс за непадпарадкаванне патрабаванням дзяржаўтаінспектараў. Яму таксама пагражае крымінальная адказнасць за незаконную транспарціроўку дзічыны, магчымая і канфіскацыя аўтамабіля, які зараз знаходзіцца на штрафстаянцы ДАІ.

Нярэдка здараецца і такое, што грамадзяне знаходзяць тушы дзікіх жывёл у лясных масівах і на абочынах дарог. Многія разбіраюць іх і грузяць у багажнік. Але так рабіць нельга, бо гэта расцэньваецца як злачынства, за якое, у адпаведнасці з заканадаўствам, прадугледжана адміністрацыйная або крымінальная адказнасць. Пры адміністрацыйнай адказнасці за ўказанае правапарушэнне прадугледжаны штраф у памеры ад 20 да 50 базавых ве­лічынь, пры крымінальнай — як штраф, так і папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў або пазбаўленне волі да 3 гадоў. Крымінальная адказнасць наступае тады, калі ўрон ад незаконнай здабычы жывёл перавышае 100 базавых ве­лічынь, а таксама калі незаконныя дзеянні здзейснены службовай асобай з выкарыстаннем сваіх паўнамоцтваў або асобай, якая раней была асуджана за такое злачынства. Акрамя таго, неабходна дадаткова аплаціць памер урону, прычыненага навакольнаму асяроддзю ў выніку незаконнага знішчэння дзікіх жывёл, і кошт незаконна здабытай (перавозімай) прадукцыі па ўстаноўленых таксах.

Таму калі вы збілі дзікага звера, кіруючы аўтамабілем, або знайшлі яго параненага, хворага ці загінулага, не рызыкуйце і не забірайце трафей з сабой. Лепш паведаміце пра гэта ў лясгас, раённую арганізацыю Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў або ў райаддзел унутраных спраў.

Алена ШАПАВАЛАВА



Tagged