В райисполкоме презентовали сборник докладов ученых и наших земляков-краеведов «Поставский край на историко-культурной карте Беларуси»

Главное Общество

І. Л. Капылоў расказвае пра выда­дзены зборнік

Плён сумеснай працы

У мінулую пятніцу ў раённым выканаўчым камітэце адбылася прэзентацыя зборніка дакладаў навукоўцаў і нашых землякоў-краязнаўцаў «Пастаўскі край на гісторыка-культурнай карце Беларусі», выдадзенага Інстытутам мовазнаўства імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам ураджэнца Пастаўшчыны Ігара Капылова.

У зборнік увайшлі матэрыялы Рэспубліканскага навукова практычнага семінара, які прайшоў у Паставах у красаві­ку 2017 года па ініцыятыве І. Л. Капылова. Тады да нас прыехалі вядомыя мовазнаўцы, гісторыкі, этнографы, літаратуразнаўцы з Мінска, Віцебска і Полацка. У семінары прымалі ўдзел таксама мясцовыя даследчыкі-краязнаўцы, былі падведзены вынікі двух творчых конкурсаў для школьнікаў і дарослых — «Сцяжынкамі роднага краю» і «Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля бацькоў святая», якія праводзіліся ў яго рамках. А цяпер адбылася своеасаблівая справаздача аб выніках таго мерапрыемства. Разам з Ігарам Лявона­вічам на сустрэчу з работнікамі адукацыі і культуры раёна, многія з якіх маюць непасрэднае дачыненне да краязнаўства, іншымі, хто цікавіцца гэтай тэмай, завітаў яшчэ адзін наш зямляк — старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі.

Перад пачаткам прэзентацыі, якую ўключылі ў Рэспубліканскую праграму мерапрыемстваў па правядзенні ў Рэспубліцы Беларусь 2018—2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы, зацверджаную пастановай Савета Міністраў краіны, І. Л. Капылоў выканаў прыемную для сябе місію. Па даручэнні кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук ён уручыў Ганаровую грамату намесніку старшыні райвыканкама Юрыю Кісялёву за вялікі ўклад у развіццё краязнаўства, актыўную прапаганду навуковых даследаванняў сярод інтэлігенцыі і навучэнцаў, пастаянную дапамогу вучоным НАН Беларусі ў правядзенні даследаванняў на мясцовым матэрыяле і клопат пра захаванне і ўзбагачэнне нацыянальных культурных традыцый. А затым расказаў перадгісторыю правядзення семінара.

Яго задума ўзнікла пасля наведвання Прэзідэнтам Беларусі Нацыянальнай акадэміі навук. Падчас гэтай сустрэчы былі абмеркаваны роля навукі ў выкананні сацыяльна-эканамічных задач развіцця краіны, стварэнне спрыяльных умоў для захавання і развіцця навуковага патэнцыялу, фарміраванне міжнароднага іміджу Беларусі як краіны з высокім узроўнем інтэлектуальнага і чалавечага патэнцыялу. Разам з тым абмяркоўвалася пытанне ўключэння вынікаў навуковых даследаванняў, у першую чаргу даследаванняў НАН, у кантэкст культурнага і грамадскага жыцця рэгіёнаў краіны, прыцягнення да навуковай дзейнасці шырокіх слаёў творчай інтэлігенцыі і моладзі. У якасці паддоследнай пляцоўкі па шэрагу прычын быў выбраны Пастаўскі раён.

Што ж уяўляе сабой выдадзены зборнік? Гэта грунтоўная праца навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадскасці, навуковымі рэдактарамі якой з’яўляюцца І. Л. Капылоў і Ю. М. Кі­сялёў, а рэцэнзентамі — мастацтва­знаўцы, літаратуразнаўцы і мова­знаўцы. Усе даклады ў кнізе размешчаны ў алфавітным парадку. Але для прэзентацыі Ігар Лявонавіч згрупіраваў іх у блокі: мовазнаўчы, гістарычны, этнаграфічны, літаратурны і краязнаўчы, расказаўшы пра кожны, сутнасць навуковых даследаванняў і іх аўтараў. Прыемна, што побач з дакладамі вядомых навукоўцаў, у тым ліку самога І. Л. Капылова, годнае месца займаюць працы дырэктара раённага краязнаўчага музея Таццяны Гарошка, былога работніка гэтай установы Вадзіма Шышко, навуковага супрацоўніка Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Людмілы Чатовіч, настаўнікаў і аматараў-края­знаўцаў Ігара Пракаповіча і Мікалая Арэха, тады яшчэ вучаніцы Пастаўскай гімназіі Крысціны Клянтак. Прычым па сваёй вартасці яны не саступаюць работам славутых даследчыкаў. У канцы зборніка размешчаны матэрыялы названых вышэй творчых конкурсаў і вершы нашай зямлячкі Аліны Легастаевай.

Адзін экзэмпляр кнігі І. Л. Капылоў падарыў Ю. М. Кісялёву, другі — Т. Г. Гарошка. У адказ Таццяна Гвідонаўна паднесла госцю краязнаўчы даведнік «Гонар нашага краю». У ім спецыялісты музея сабралі інфармацыю пра навукоўцаў — ураджэнцаў Пастаўшчыны, сярод якіх ёсць і І. Л. Капылоў. У канцы выступлення Ігар Лявонавіч выказаў надзею на працяг супрацоўніцтва з нашым раёнам, прапанаваўшы школьнікам і краязнаўцам далучыцца да вывучэння мікратапаніміі (назваў дробных геаграфічных аб’ектаў) Пастаўшчыны і паабяцаўшы выдаць зборнік сабраных матэрыялаў. Акрамя таго, ужо ёсць дамоўленасць з кіраўніцтвам райвыканкама аб правядзенні ў рамках маючага адбыцца фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» міжнароднай навуковай канферэнцыі «Пастаўшчына ў вымярэнні часу».

На мерапрыемстве былі прэзентаваны і яшчэ дзве кнігі — «Арганы Беларусі» і «Даследчыкі роднага краю». Першую прадставіў аўтар аднайменнага праекта, старшыня Беларускага фонду культуры, дацэнт кафедры сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Тадэвуш Стружэцкі. Ён адзначыў, што ўпершыню ў краіне падрыхтавана і ўбачыла свет такое грунтоўнае энцыклапедычнае навукова-папулярнае выданне, у якім змешчана інфармацыя пра 123 арганы, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі, і майстроў, якія іх стваралі, гісторыю арганнай справы і сучаснае развіццё арганна-выканальніцкага майстэрства. А ідэя кнігі нарадзілася ў час аднаго з фестываляў «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны». Таксама Тадэвуш Іванавіч падарыў краязнаўчаму музею поўны збор твораў Уладзіміра Дубоўкі ў двух тамах і кнігу «Уладзімір Дубоўка: ён і пра яго».

Аўтарам другога выдання з’яўляецца Ігар Пракаповіч. Яго праца ўяўляе сабой даведнік пра краязнаўцаў Пастаўшчыны, якіх у кнізе больш за 60. Пра кожнага даюцца кароткія біяграфічныя звесткі, напрамкі дзейнасці і іх вынікі. Сваю ідэю выдаць даведнік аўтар патлумачыў тым, што хацеў паказаць, якія здабыткі мае на сённяшні дзень наша краязнаўства, і падштурхнуць калег да іх сістэматызацыі.

На жаль, купіць зборнікі «Пастаўскі край на гісторыка-культурнай карце Беларусі» і «Арганы Беларусі» пастаўчане не змогуць: яны выдадзены малымі тыражамі і не паступілі ў продаж. А вось кнігу «Даследчыкі роднага краю» можна набыць у магазіне «Культтавары» ў райцэнтры, а таксама непасрэдна ў яе аўтара — Ігара Міхайлавіча.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged