Виноват «зеленый змий». Среди 12 вызванных на заседание ОПОП мужчин — одна женщина.

Общество

Спіртное стала першапрычынай скандалаў і канфліктаў у сем’ях грамадзян, запрошаных 23 кастрычніка ў РАУС на чарговае пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку, якое правёў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў.

На пасяджэнні прысутнічалі намеснік пракурора раёна Ігар Ластоўскі, начальнік райаддзела міліцыі Аляксандр Гарус, прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, іншыя адказныя асобы па розных напрамках. Яны спрабавалі паставіць на правільны шлях 13 грамадзян, якія пражываюць пераважна ў Паставах і знаходзяцца на прафілактычным уліку ў РАУС па прычыне здзяйснення правапарушэнняў у сферы быту. Частка з іх была добра знаёмая членам камісіі, бо ўжо не раз разглядалася на саветах прафілактыкі. Іншых выклікалі ўпершыню за злоўжыванне спіртным і скандалы дома.

Слухала характарыстыкі асоб і здзіўлялася, наколькі яны падобныя. Большасць грамадзян маюць або мелі сем’і і дзяцей, як правіла, непаўналетніх, якіх трэба гадаваць. Тым не менш афіцыйна нідзе не працуюць — звольнены за прагулы па прычыне п’янства і не спяшаюцца шукаць новую работу. Цеснае сяброўства з «зялёным зміем» прывяло да таго, што няма міру з блізкімі. Адны аматары выпіць у нецвярозым стане скандаляць з жонкамі і сужыцелькамі, паднімаючы на іх руку. Другія не даюць спакою пажылым бацькам, разам з якімі пражываюць з-за адсутнасці ўласнага жылля. А некаторыя здзекуюцца нават з дзяцей, ды так, што тыя баяцца прыходзіць дамоў, калі там п’яны галава сям’і.

Усе дамашнія дэбашыры стаяць на ўліку ў нарколага, не раз праходзілі лячэнне ад алкагалізму ў цэнтры псіхічнага здароўя ў Паставах або ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Але апамятацца — завязаць са спіртным і ўладкавацца на працу — змаглі адзінкі. І ў іх усё наладзілася ў сем’ях. Такім грамадзянам члены камісіі паабяцалі: калі і ў далейшым не будзе праблем, знімуць з прафілактычнага ўліку. Астатнім жа правапарушальнікам загадана зноў звярнуцца ў цэнтральную райбальніцу да нарколага (асобных вырашана адправіць у ЛПП) і ў аддзел па занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. А самае галоўнае — стварыць нармальны мікраклімат у сям’і, інакш забяруць дзяцей.

Сярод 12 выкліканых на пася­джэнне мужчын была адна жанчына. Вызначыць яе ўзрост я не змагла: вельмі глыбокі адбітак на абліччы пакінуў алкаголь. Магу толькі здагадвацца, што грама­дзянцы каля 30 гадоў, бо мае 9-гадовага сына. З-за згубнай звычкі, якая сфарміравалася яшчэ ў раннім юнацтве, хлопчык нарадзіўся са шматлікімі цяжкімі паталогіямі развіцця, зараз знаходзіцца ў спецыялізаваным дзіцячым доме ў Віцебску. Яго здароўем і лёсам маці не цікавіцца, па-ранейшаму працягвае піць, дапускае прагулы на рабоце, нягледзячы на тое, што з’яўляецца абавязанай асобай.

Усё, што гаварылі члены камісіі, жанчына ўспрымала моўчкі і спакойна. Не праявіла эмоцый нават тады, калі сказалі, што будуць рыхтаваць дакументы на пазбаўленне яе бацькоўскіх правоў. Спіртное цалкам знішчыла мацярынскі інстынкт. Што можа быць страшней за гэта?

Алена ШАПАВАЛАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.