«Во всем показывает пример». Людмила Счастная является старейшиной деревни Христово не менее 15 лет

Общество

Старэйшыне да ўсяго ёсць справа

Ці шмат знойдзецца цяпераш­нім прагматычным часам ахвотных выконваць які-небудзь грамадскі абавязак? Адказ на гэтае пытанне, канешне ж, адмоўны.

 — А наша Людміла Счасная, якая працуе ў сельвыканкаме бухгалтарам, з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета і старэйшынай вёскі Хрыстова не менш за паўтара дзясятка гадоў, — адзначыла старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Баторы. — І ва ўсім паказвае прыклад: добрасумленнымі адносінамі да непасрэднай і грамадскай работы, сям’ёй, падвор’ем, творчасцю. А таксама ўмее згуртаваць людзей на агульную справу.

 Па сённяшніх мерках Хрыстова — не маленькая вёска. Тут 83 пастаянныя жыхары. З вясны да восені іх колькасць павялічваецца — прыязджаюць дачнікі.

— Людзі ў нас адказныя і гаспадарлівыя, — расказвала старэйшына. — Клапоцяцца пра тое, каб атрымаць добры ўраджай са сваіх агародаў, каб у дамах і на падвор’ях быў належны парадак. Хто прыязджае ў Хрыстова летам, не можа не заўважыць, як прыгожа ў вёсцы, колькі кветак расце ў агародчыках.

Агульны клопат — вясковыя могілкі. На іх таксама заўсёды ўзорны парадак, бо хрыстоўцы не толькі вясной і восенню дружна выходзяць на суботнікі, але і ў іншы час клапоццяцца пра добраўпарадкаванне месца вечнага спачыну. Тэрыторыя могілак абнесена жалезабетоннай агароджай. З часам два яе пралёты прыйшлі ў непрыгоднасць і былі сёлета заменены. Людміла Веніямінаўна клапоціцца пра тое, каб прагрэйдзіравалі вясковую вуліцу, своечасова ўключылі асвятленне, вывезлі смецце,  дапамагае ў арганізацыі пахаванняў памерлых, вырашэнні іншых пытанняў, актыўна ўдзельнічае ў касцельных мерапрыемствах. Як член савета аховы грамадскага парадку абследуе дамы на прадмет супрацьпажарнай бяспекі. Штогод у першыя студзеньскія дні праводзіць улік жывёлы, якая ўтрымліваецца на пад­вор’ях вяскоўцаў.

Што да падвор’я, то ў самой старэйшыны яно багатае. З мужам Генадзіем, які працуе ў мясцовым лясніцтве, трымаюць карову, свіней, птаства. Упраўляцца з хатнімі справамі дапамагае Генава маці, якая жыве разам з імі. Абодва сына Счасных атрымалі вышэйшую адукацыю, жывуць і працуюць у гарадах.

Вольным часам Людміла любіць вязаць. Мае здольнасць і да малявання. Яе работы штогод упрыгожваюць падворак Валкоўскага сельскага Савета падчас правядзення ў Паставах Міжнароднага фестывалю «Зві­няць цымбалы і гармонік», а таксама сцены ўласнага дома.

Ну хто сказаў, што жыць у вёсцы нецікава?

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged