Все в сборе — пора начинать. Праздник деревни Теляки

Культура Общество

Цёплыя словы ў адрас кожнага жыхара гучалі падчас свята вёскі Целякі

Месца сустрэчы прызначана ў двары Целякоўскага фельчарска-акушэрскага пункта. Будынак медустановы ўпрыгожаны паветранымі шарамі, паўсюль кветкі. Прыблізна за сорак хвілін да пачатку мерапрыемства з дынамікаў загучалі вясёлыя песні, па адным і групамі падыходзілі людзі. І гэта не толькі целякоўцы і жыхары суседніх Турлаў і Русакоў, але і іх дзеці, унукі, якія прыехалі з іншых населеных пунктаў. Публіка, як кажуць, — ад малога да старога, шмат моладзі. Усе радасна віталіся адно з адным, размаўлялі пра жыццё-быццё, усміхаліся. То адны, то другія гаварылі, як хораша сабрацца разам. Сапраўды, зараз такое, на жаль, бывае рэдка. Насельніцтва старэе, моладзь з бацькоўскіх гнёздаў разлятаецца па розных гарадах. А калісьці прыемных нагод для сумесных сустрэч было хоць адбаўляй: вяселлі, провады ў армію, дні нара­джэння…

Усе ў зборы — пара пачынаць. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. Ён шмат узгадваў пра тое, як віравала жыццё ў Целяках, якія сацыяльна значныя аб’екты былі ў вёсцы, якімі заможнымі былі калгасы «Шлях да камунізму» і імя Мічурына, у якіх калісьці шчыравалі целякоўцы. У адрас былых хлебаробаў, а зараз ветэранаў працы гучалі цёплыя словы ўдзячнасці. Многа іх было сказана і пра загадчыцу Целякоўскага фельчаска-акушэрскага пункта Людмілу Маслюк, якая добрасумленна вось ужо шмат гадоў стаіць на варце здароўя аднавяскоўцаў. Пад іх апладысменты Пётр Леанідавіч уручыў Людміле Яўгеньеўне Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў.   

Вядучая свята — мастацкі кіраўнік Курапольскага СДК Валянціна Міхалевіч — прывітала прысутных, узгадала гісторыю населенага пункта, расказала пра пахо­джанне назвы, нядаўняе мінулае і чым жывуць вяскоўцы зараз. А іх тут 119 чалавек. Падчас мерапрыемства старшыня Курапольскага сельвыканкама Мікалай Яльчык адзначыў у той ці іншай намінацыі многіх. Самае пачэснае месца на свяце было адведзена доўгажыхарам Тамары Канстанцінаўне Цяляк, Праскоўі Ільінічне Гіль, Радзівону Уладзіміравічу Целяку. Шмат у вёсцы сёлета і юбіляраў. Гэта Ала, Сяргей, Георгій, Алена і Алег Цяляк, Людміла Маслюк, Алена Машара, Іван Новак, Часлаў Курсевіч, Вольга Тараскевіч. У ААТ «Хацілы-агра» добрасумленна працуюць Ірына і Міхаіл Бурак, Марыя і Славамір Лешчык, Вольга і Віктар Галубоўскія, Зянон Жэйма, Тамара, Алена, Георгій Цяляк. Дзякуючы мнагадзетным маці Ганне Валодзічавай, Вользе Кавалеўскай, Ірыне Табашнікавай і Вользе Паўловіч, вёсачка і сёння поўніцца дзіцячым смехам. Ва ўзорным парадку ўтрымліваюць свае двары сем’і Андрэя і Святланы Цяляк, Лянгіна і Людмілы Маслюк, Юрыя і Тамары Цяляк, Георгія і Алены Цяляк. Найлепшымі малаказдатчыкамі з’яўляюцца Міхаіл Бурак, Вольга Валадзько, Славамір Лешчык. Яны, а таксама многія іншыя атрымалі падчас свята кветкі і падарункі, пра якія паклапацілася кіраўніцтва ААТ «Хацілы-агра» і Курапольскага сельвыканкама.

Паміж ушанаваннямі гледачоў забаўлялі цяперашнія і былы культработнікі Курапольскага сельскага Дома культуры Марына Смулько, Валянціна Міхалевіч і Мікалай Мацюшчанка, а таксама Людміла Чабуранава, тэатр песні «Вясковы экстрым» Камайскага СДК.

Першая частка мерапрыемства доўжылася дзве гадзіны. Але разыходзіцца пасля яе заканчэння многія не спяшаліся: накрылі стол у двары ФАПа, успаміналі жыццё, жартавалі, спявалі песні пад баян, танцавалі.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.