«Здесь работают добросовестные люди». Заведующая фермы в Станелевичах СП «Ляховщина-агро» Анна Якубовская

Сельское хозяйство

Васілій Дарожка, Алена Анкудовіч, Наталля Зелянкевіч, Наталля Курачонак, Ганна Якубоўская, Іван Ластоўскі і Сяргей Крыўко

Дапамагаюць узаемаразуменне і ўзаемавыручка

Загадчыца фермы ў Станелевічах сельгаспрадпрыемства «Ляхаўшчына-агра» Ганна Якубоўская любіць час ад часу сабраць аператараў машыннага даення, жывёлаводаў у пакоі адпачынку, папіць разам чаю, паласавацца пячэннем, цукеркамі. Карэспандэнта «Пастаўскага краю» таксама чакалі за чаяпіццем.

— Заадно абмяркуем справы на ферме, падзелімся асабістымі радасцямі, перажываннямі, — гаварыла Ганна, запрашаючы на кубак гарбаты. — Калектыў у нас невялікі, дружны.  Працуецца мне ў ім лёгка. Хаця розныя непрадбачаныя сітуацыі здараюцца. Пастаянна адчуваю падтрымку як калег, так і кіраў­ніцтва гаспадаркі. У нас вопытныя галоўныя спецыялісты: вет­урач Андрэй Баторы, заатэхнік Ала Зелянкевіч. Наведваецца на ферму і дырэктар Баляслаў Барэйка.

Тут утрымліваецца каля 120 кароў. Абслугоўваюць іх дзве Наталлі — Зелянкевіч і Курачонак. Алена Анкудовіч — падменная. Сярэдні надой па ферме з пачатку года склаў 3245 кілаграмаў. Станелевіцкія даяркі саступілі толькі ляхаўшчынскім. Увесь год працуюць з прыбаўкай.

— І ўсё таму, што абнавілі групы, — тлумачыла загадчыца фермы. — Летась увялі першацёлак, раздаілі іх. Пасля другога ацёлу яны радуюць надоямі. Складальнікаў поспеху некалькі. Найважнейшым лічу чалавечы фактар. Усе тры даяркі адказна адносяцца да выканання сваіх абавязкаў. Многае залежыць ад жывёлаводаў. Так, летам Васілій Дарожка, Іван Ластоўскі, Яўгеній Курачонак пасвяць статак, які кругласутачна ўтрымліваецца ў полі, зімой раздаюць кармы. Яны добра ведаюць кожную карову, колькі якая з’ядае корму. У залежнасці ад гэтага і выдзяляюць яго, каб не марнаваўся. Дасканала чысцяць кармушкі. За работу малакаправода, а летам перасоўнай дойкі адказвае слесар Сяргей Крыўко. Ён жа выдаляе гной са стойлаў, рамантуе транспарцёр. Адвозіць малако, выконвае іншыя транспартныя работы Валерый Машніч.

Памяшканне добра падрыхтавалі да зімоўкі: падрамантавалі, пабялілі. Парадак і на прыфермскай тэрыторыі: акуратна скошана трава, уздоўж агароджы пасаджаны рабіны, елкі, сосны.

Адразу пасля школы Ганна Якубоўская закончыла Полацкі лясны каледж, працавала на пасадзе майстра лесу. Потым Пастаўскі каледж. Калі нарадзіўся сынок, прафесію памяняла — пайшла загадчыцай валкоўскай фермай. Затым на некаторы час па сямейных абставінах вымушана была пакінуць работу. У студзені будзе ўжо два гады, як загадвае фермай у Станелевічах.

— Хвалявалася, — прызнаецца. — Але ў калектыве добрасумленныя людзі. Калі ў мяне выхадны дзень, я ўпэўнена, што на ферме парадак. Ва ўсім дапамагаюць узаемаразуменне і ўзаемавыручка.

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged