Здравствуй, юность в сапогах! Из Поставского района на срочную службу в армии отправилось 24 человека

Важное Общество Правовое поле

Андрэй Краўцоў і Вадзім Красілевіч

Вось ён я: прывітанне, армія мая!

У чацвер адбылася адпраўка ў войскі самай вялікай у бягучай прызыўной кампаніі партыі навабранцаў з Пастаўшчыны

У чатыры гадзіны раніцы 24 хлопцы ў суправаджэнні начальніка групы прызыву на ваенную службу Валерыя Баравіка цэнтралізавана накіраваліся на абласны зборны пункт. Па заяўцы раённага камісарыята ўчастак г. Паставы філіяла «АТП №16 г. Глыбокае» выдзеліў для іх асобны аўтобус.

За дзень да адпраўкі ў ваенкамаце праводзілася кантрольная яўка прызыўнікоў. Падчас яе маладыя людзі прайшлі медыцынскі агляд, зверылі правільнасць напісання свайго поўнага імя і даты нараджэння ва ўсіх дакументах, атрымалі ваенныя білеты і распісаліся ў іх. Валерый Іосіфавіч правёў з імі дэталёвы інструктаж: расказаў, якія трэба мець дакументы, што браць з сабой, у што апранацца, як паводзіць сябе ў дарозе і іншае.

Калі для гэтых хлопцаў «жыццё па статуце» толькі пачынаецца, то Вадзім Красілевіч днямі вярнуўся дадому са службы ва ўнутраных войсках спецыяльнага прызначэння МУС. У сераду ён прыйшоў у ваенкамат стаць на воінскі ўлік і сустрэў тут некалькіх сяброў. Сярод іх і Андрэй Краўцоў, які адпраўляецца на тэрміновую службу ў 103-ю паветрана-дэсантную брыгаду. Прашу Вадзіма даць параду знаёмым, абнадзеіць. І ён ахвотна пагаджаецца.

— Нічога не трэба баяцца. Служыць — цікава, шмат чаго вам спадабаецца, — упэўнена і з лагоднай усмешкай гаварыў ён. — Армія навучыць многаму, а галоўнае — цаніць родных і блізкіх. Поспехаў!

Застаецца толькі дадаць, што гэта шматлікая група прызыўнікоў будзе служыць у вайсковых часцях унутраных войск МУС (Мінск), аб’яднанага вучэбнага цэнтра (Барысаў) і 103-й паветрана-дэсантнай брыгады (Ві­цебск). Прычым 13 чалавек з іх — у якасці вадзіцеляў.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged