Земли ОАО «Камайский-агро» расширились еще на 3,5 тысячи гектаров. Актуальное интервью с Константином Гайлевским

Важное Сельское хозяйство

Зрухі ў лепшы бок ёсць

Да былога калгаса «Дружба» (зараз адкрытае акцыянернае таварыства «Камайскі-агра») у свой час паступова было далучана пяць гаспадарак: «За Радзіму», «Новае жыццё», імя Кірава, імя Жданава, імя Дзяржынскага. Сёлета ўладанні ААТ «Камайскі-агра» пашырыліся яшчэ на 3,5 тысячы гектараў — таварыству перададзены землі былога ААТ «Свіран­скі-агра» і часткова — «Вярэнь­кі-агра», «Блакітныя азёры-агра», якія абанкруці­ліся. У выніку мае 16 тысяч гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, з іх 9,5 тысячы — ворыва. Пра тое, як ідуць справы ў такой вялікай гаспадарцы, размаўляем з яе кіраўніком Канстанцінам Гайлеўскім.

— Канстанцін Генрыхавіч, ведаю, што яшчэ не прайшло і паўтара года, як вас назначылі на гэтую пасаду.
— У адпаведнасці з распараджэннем старшыні абл­выканкама Мікалая Шарснёва, выдадзенага ў маі 2017 года, функцыі калегіяльнага і аднаасобнага выканаўчага органа кіравання ААТ «Камайскі-агра» былі цалкам перададзены Пастаўскаму малочнаму заводу, а мяне 12 чэрвеня назначылі кіраўніком гаспадаркі (да гэтага працаваў галоўным эканамістам малочнага завода). Пачатак быў вельмі цяжкім. Ураджайнасць зерневых самая нізкая за ўсе гады існавання гаспадаркі — 17 цэнтнераў з гектара, валавы збор — толькі 4700 тон. Мала нарыхтавалі кармоў, і ўсю зіму закуплялі іх, каб захаваць статак.

— А як завяршаеце гэты сельскагаспадарчы год?
— Пачаць хачу з таго, што грунтоўна падрыхтаваліся да веснавой сяўбы. Амаль пад поўную патрэбу закупілі мінеральных удабрэнняў, адрамантавалі тэхніку, назапасілі якаснага насення. Сяўбу правялі ў сціслыя і аптымальныя тэрміны. У далейшым пасевы атрымалі належны догляд. На жаль, не паспрыялі ўмовы над­вор’я, таму і не атрымалі той аддачы, на якую разлічвалі. Ураджайнасць зерневых склала 25 цэнтнераў з гектара, валавы збор — 6800 тон. 800 гектараў займалі аднагадовыя травы, якія сабралі не толькі першым і другім, але нават трэцім укосам. Добра ўрадзіла кукуруза, якую высявалі на 692 гектарах. Нарыхтавалі рэкордную колькасць грубых кармоў — 24 тысячы тон сенажу і 16 тысяч тон сіласу, у разліку на ўмоўную галаву маем 30,9 кармавой адзінкі. Такім чынам стойлавы перыяд для жывёлы будзе сытным. Значыць, і яе прадукцыйнасць павінна павысіцца.

Зрабілі добры задзел на будучы год — 2630 гектараў засеялі азімымі, што ў чатыры разы больш, чым мелі іх сёлета, 826 — рапсам. Сёлета яравы рапс займаў 686 гектараў і даў у сярэднім з кожнага 15 цэнтнераў насення. Выканалі дзяржзаказ, частку па выгаднай цане прадалі іншым гаспадаркам.

 — У галіне раслінаводства зрухі відавочныя і бачыцца нядрэнная перспектыва. А як справы ў жывёлагадоўлі?
 — Гаспадарка мае 5739 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку кароў — 2345. Калі па вытворчасці мяса ёсць прырост да мінулагодняга ўзроўню, то па малаку мінусуем. Вось і ў гэтыя дні надойваем ад каровы ў сярэднім 7,5 кілаграма. Паказчыкі былі б вышэйшыя, калі б не фермы далучаных гаспадарак. Напрыклад, у Вярэньках зараз штодзённы надой усяго 3 кілаграмы. Летась вельмі дрэнна спрацавалі з асемяненнем. З мэтай выпраўлення становішча ў жніўні купілі двух племянных бычкоў. Зараз сітуацыя паляпшаецца. У першым квартале 2019-га павінны атрымаць прыплоду на 300 галоў больш, чым у адпаведным перыядзе бягучага года. Яшчэ не пазбавіліся і ад мікрабактэрыёзу буйной рагатай жывёлы. З-за гэтай праблемы, што існуе не адзін год, выбракоўваем шмат кароў і недабіраем прадукцыі. Не спрыяе справе і дробнатаварная вытворчасць. Маем толькі адзін комплекс на 730 кароў, а на астатніх дзевяці фермах — па 100-200 кароў. Зразумела, што на іх затраты на вытворчасць прадукцыі вышэйшыя. Абавязкова трэба ўзводзіць новы комплекс, але пакуль на гэта няма фінансаў.

— Раскажыце, калі ласка, пра падтрымку, якую атрымліваеце ад малочнага завода.
— Яна вельмі істотная і ажыццяўляецца па некалькіх напрамках. Галоўная — фінансавая. Калі ў нас няма магчымасці разлічыцца з першачарговымі плацяжамі ці выплаціць зарплату, падстаўляе плячо завод. Тое ж самае з набыццём мінеральных удабрэнняў, тэхнікі і прычапнога інвентару. Дзякуючы падтрымцы прадпрыемства, мы купілі 7 трактароў, 3 дыскатары, кормаўборачны і зернеўборачны камбайны, сам завод — 3 магутныя «Кіраўцы», 2 камбайны «Нью Холанд», прэс-абгортвальнік, два прэсы для прасавання сена і саломы, прычапны інвентар. На падрыхтоўцы глебы, сяўбе, уборцы ўраджаю поплеч з нашымі механізатарамі працуюць і заводскія. У верасні прадпрыемства перадало нам у арэнду трактары, касілкі, грабілкі, іншы прычапны інвентар. Вясной цэлы месяц штодня 10-15 завадчан убіралі з палёў каменне. Тэрмінова патрабаваўся які-небудзь спецыяліст, напрыклад электрык — зноў выручаў завод. Безумоўна, толькі трапіўшы пад крыло завода, гаспадарка змагла развівацца, бо перад гэтым яна знаходзілася ў вельмі цяжкім становішчы. Паспрыяла паляпшэнню спраў і дзяржаўная дапамога ў набыцці мінеральных удабрэнняў, паліва, насення. Дзякуючы ўсяму гэтаму, за дзевяць месяцаў мы атрымалі 448 тысяч рублёў чыстага прыбытку.

— Каб спраўна функцыянавала такая махіна, як «Камайскі-агра», трэба мець і адпаведны кадравы патэнцыял.
— На жаль, гэтым пахва­ліцца не можам. У 2014 го­дзе ў калектыве гаспадаркі налічвалася 600 чалавек, сёлета — 320. У той жа час у сувязі з далучэннем земляў яшчэ трох гаспадарак аб’ёмы вытворчасці намнога ўзра­слі. Калі ў жывёлагадоўлі дастаткова і спецыялістаў, і радавых работнікаў, то інжынерная і агранамічная службы неўкамплектаваныя, не хапае трактарыстаў-машы­ністаў, будаўнікоў. Карыстаючыся выпадкам, запрашаю ў гаспадарку працавітых і дысцыплінаваных людзей. Маем добрае жыллё, пастаянна паляпшаюцца ўмовы працы, будзе расці і заработная плата. У Камаях сёлета адкрылі сталовую для работнікаў гаспадаркі. Паабедаць у ёй можна ўсяго за адзін рубель, бо чалавек плаціць толькі 20% ад сабекошту абеда. У самы гарачы час уборачнай у полі кармілі да 200 чалавек — механізатараў, паляводаў, спецыялістаў, а таксама пастухоў.

— Набліжаецца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Будзеце адзначаць людзей?
— Абавязкова. 40 найлепшых працаўнікоў з нашай гаспадаркі дэлігіраваны на раённую ўрачыстасць і атрымаюць грашовыя прэміі. Усе, за выключэннем тых, хто парушыў дысцыпліну, атрымаюць наборы прадукцыі Пастаўскага малочнага завода і Глыбоцкага мясакамбіната. Спецыялісты збяруцца на карпаратыў. Немагчыма пералічыць прозвішчы самых старанных і адданых зямлі людзей, бо такіх у нас не адзін дзясятак. Таму сёння не буду вылучаць нікога, каб не пакрыўдзіць іншых. Усім дзякую за працу, жадаю здароўя, асабістага шчасця і, вядома ж, дасягнення новых поспехаў. А ў тым, што яны будуць, я ўпэўнены.

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged