Зноў парадавала моладзь

Спорт

«Стралец-ПДУ» (Полацк)—«Атлант» (Паставы) — 0:3, 1:3

1 дзень. 0:3 (21:25; 23:25; 14:25).
2 дзень. 1:3 (21:25; 25:22; 21:25; 27:29).

Пастаўчане сёлета значна амаладзілі свой склад, і ў чэмпіянаце краіны гуляюць пераважна выхаванцы ДЮСШ. Абодва чарговыя паядынкі прайшлі ў роўнай барацьбе. У канцоўцы першай партыі мацнейшымі аказаліся пастаўчане, але ў наступнай студэнты Полацкага дзяржуніверсітэта, узмоцненыя некалькімі вопытнымі валейбалістамі, дабіліся камфортнага адрыву — 16:5. У амаль безнадзейнай сітуацыі нашы не разгубіліся, а сканцэнтраваліся і прымусілі саперніка капітуляваць. Пасля такой асечкі палачане так і не здолелі вярнуцца ў гульню і прайгралі першы матч. А ў наступным прыклалі максімум намаганняў, каб узяць рэванш. Трэнерскі штаб пастаўчан рызыкнуў і на пазіцыю распасоўшчыка выпусціў 14-гадовага Данілу Болгава. Дэбютант у адказны момант не падвёў.

У далейшым характар барацьбы стаў напружаным. Пастаўчане выйшлі наперад, але ў рашаючай чацвёртай партыі безнадзейна саступалі з лікам 18:23. Ролю лідара ўзяў на сябе вопытны кандыдат у майстры спорту Віталь Варанец. Яго атакі першым тэмпам палачанам спыніць не ўдалося. Калі сапернік стаў яго перакрываць, звязуючы капітан пастаўчан Арцём Кароль пачаў пасаваць на нападаючага Андрэя Казлоўскага, які таксама стаў вынікова атакаваць. Максімальны вынік на выездзе дазволіў нашай камандзе пасля шасці тураў увайсці ў тройку лідараў першынства.

Наш наступны сапернік — гомельская “Энергія-2” — дома выйграў паўторную сустрэчу з лікам 3:1 у аршанскага “Узлёта”, а напярэдадні саступіў яму з лікам 2:3. Аднаасобны лідар — “Бумпрам” (Гомель) — на сваёй пляцоўцы двойчы перамог выхаванцаў СДЮШАР ВК “Мінск” з лікам 3:0 і 3:1. Калі пастаўчане 8—9 снежня дома ўдала згуляюць супраць гамяльчан, то першы круг нацыянальнага першынства яны завершаць на другім месцы.

Уладзімір ШЫК



Tagged