2018-й одним абзацем. Интересные события уходящего года

Главное Общество

АМФІБІЯ. Экскаватар-амфібію стварылі на прыватным прадпрыемстве «ПостТраккер».

ІНДЫЙЦЫ. У сёлетнім Міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» упершыню прыняў удзел творчы калектыў з Індыі.

ЮБІЛЕІ. У раёне шырока адзначаны 100-годдзі з дня ўтварэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі, Узброеных Сіл і пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

ЛЕПШАЯ. У аглядзе-конкурсе «Лепшы па прафесіі» сярод сярэдняга медперсаналу органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь першае месца заняла Святлана Квяткоўская з пастаўскага шпіталя.

ВЕЛАСІПЕД. Тры каманды па 10 чалавек кожная прынялі ўдзел у велапрабегу, арганізаваным работнікамі лынтупскага філіяла тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

ПРЫГАЖОСЦЬ. Пастаўчанка Таццяна Палякова перамагла ў міжнародным конкурсе прыгажосці, які праходзіў у Італіі.

ФАНТАН. На плошчы Леніна ў райцэнтры рэканструяваны фантан і высаджаны маладыя туі.

УДАЧА. Лынтупчанка Алена Макаранка выйграла ў еўраоптаўскай гульні «Удача ў прыдачу» кватэру ў Мінску.

ТУРЫСТЫ. На спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі» летам адбыліся ажно чатыры турыстычныя злёты: ветэранаў Узброеных Сіл Беларусі, органаў пагранічнай службы і лакальных ваенных канфліктаў; работнікаў аграпрамысловага комплексу вобласці; раённы і міжнародны людзей элегантнага ўзросту.

РУБЕЖ. Ваенна-гістарычная рэканструкцыя «Пастаўскі рубеж» на адноўленым участку лініі фронту паблізу вёскі Дукі прадэманстравала трагічныя па­дзеі Першай сусветнай вайны. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі з Мінска, Брэста, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калінінграда.

КАФЭ «На Набярэжнай» адкрылася ў аграгарадку Навасёлкі.

ВЫДАТНІК адукацыі. Такое высокае званне Міністэрства адукацыі прысвоіла настаўніку гісторыі і геаграфіі Пастаўскай гімназіі Ігару Пракаповічу.

МАНУМЕНТ. Завершана рэканструкцыя манумента на брацкай магіле загінулым воінам па вуліцы Чырвонаармейскай у райцэнтры.

ПРЫЗЁР. Загадчыца магазіна аграгарадка Камаі Анастасія Невядомская заняла 2-е месца ў абласным конкурсе «Лепшы па прафесіі».

АКАДЭМІЯ. У Паставах адкрыўся філіял футбольнай акадэміі Fair Play.

П’ЕХА. У раённым Доме культуры з сольнай праграмай выступіў папулярны расійскі спявак Стас П’еха.

АРМІЯ. Воінская часць 74384, якая размяшчалася ў Валожыне, змяніла месца дыслакацыі — зараз яна ў Паставах.

БРЭНДЫ. У цэнтральным будынку раённага вузла паштовай сувязі адкрыўся магазін «Беларускія брэнды».

ЯШЧАР. У Дзяржаўны спіс нематэрыяльных каштоўнасцей Беларусі занесена народная гульня моладзі «Яшчар» вёскі Гута.

ПРЭЗЕНТАЦЫІ. У памяшканні райвыканкама адбыліся прэзентацыі зборніка дакладаў навукоўцаў і нашых землякоў-краязнаўцаў «Пастаўскі край на гісторыка-культурнай карце Беларусі», кніг «Арганы Беларусі» (аўтар — Тадэвуш Стружэцкі), «Даследчыкі роднага краю» (Ігар Пракаповіч), «Пяром удзячнасці і абавязку» (Аркадзь Нафрановіч, Уладзіслаў Лапушынскі).

ЛІСІЧКІ. У студзені пастаўчане яшчэ знаходзілі ў лесе лісічкі — настолькі цёплым, на 9 градусаў вышэй за кліматычную норму, было надвор’е.

ДЭПУТАТЫ. 18 лютага ў раёне выбраны 3 дэпутаты абласнога Савета і 30 — раённага.

БІЗНЕС. Пастаўскі раён прызнаны лепшым па развіцці бізнесу ў Віцебскай вобласці.

ГАНАРОВА. Калектыў Пастаўскага малочнага завода занесены на абласную і рэспубліканскую Дошкі гонару.

МУЗЕЙ. У цэнтральнай аптэцы №87 адкрылася экспазіцыя, якая расказвае пра станаўленне і развіццё фармацэўтычнай службы ў нашым рэгіёне.

ЧАЛАВЕК. Чалавекам года Віцебшчыны прызнана тынкоўшчык-маляр аграбудпрадпрыемства «Рассвет Пастаўскі» Алена Букатая. Яшчэ 12 працаўнікоў сталі лаўрэатамі звання «Чалавек года Пастаўшчыны».

ПЕРАМОГА. Дзяржаўнае аб’яднанне «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» прызнана пераможцам рэспубліканскага конкурсу на лепшае ўладкаванне і ўтрыманне водных аб’ектаў для адпачынку, які праводзіла Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

ЗОРАЧКА. Вучаніца Навасёлкаўскай СШ Злата Ярашэвіч у пачатку года атрымала Гран-пры раённага фестывалю эстраднай песні «Пастаўскія зоркі-2018», а ў снежні заваявала званне лаўрэата I ступені на XIV Міжнародным фестывалі-конкурсе «Караван культуры», які праходзіў у Польшчы.

ДОМ на 40 кватэр узвялі ў райцэнтры і здалі ў эксплуатацыю будаўнікі аграбудпрадпрыемства «Рассвет Пастаўскі».

ВАЛЕЙБОЛ. Каманда «Атлант» стала ўладальніцай бронзавых медалёў 27-га чэмпіянату Беларусі па валейболе ў дывізіёне «Б» вышэйшай лігі.

СЯМ’Я. Пастаўчане Сяргей і Анастасія Цепляковы прызнаны лепшай парай рэспубліканскага конкурсу «Сям’я — крышталь грамадства», які штогод праводзіцца Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь сярод маладых ваеннаслужачых.

СТАГОДДЗЕ з дня нараджэння адзначылі жыхары раёна Генавефа Гіляраўна Шчучка, Іван Паўлавіч Бараноўскі і Еўдакія Мікалаеўна Галаўко. Ім уручаны новыя пашпарты.

МАЙСТРЫ. Адкрыты конкурс «Майстры вёскі» выпрабоўваў на трываласць, творчасць і пазітыў сямейныя пары з нашага раёна і латвійскага Рэзекнэ.

ПАРЛАМЕНТАРЫІ. Паставы ў поўным складзе наведала Пастаянная камісія па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

ПАДЗЯКА Прэзідэнта ўручана ў Палацы Незалежнасці Рэспублікі Беларусь начальніку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандру Гарусу.

ПРАДПРЫЕМСТВА. У чэрвені ў райцэнтры пачало вытворчую дзейнасць прыватнае прадпрыемства «Мясакамбінат Пастаўскі», узведзенае інвестарамі з Малдовы.

«ЗАСВЯЦІЛІСЯ». Камайскі сельскі Савет па выніках мінулага года прызнаны адным з пераможцаў рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добра­ўпарадкавання населеных пунктаў краіны.

ЗНАК. Памятны знак нашаму земляку, вядомаму беларускаму пісьменніку і паэту Уладзіміру Дубоўку, адкрыты на яго малой радзіме — у вёсцы Агароднікі.

АРКЕСТР. Узорны духавы аркестр Пастаўскага дзяржаўнага каледжа заняў другое месца ў абласным конкурсе духавой музыкі «Віват аркестр-2018!».



Tagged