3 декабря на Поставщине прошли мероприятия, приуроченные к Дню инвалидов

Главное Общество

Са святлом у душы

Так называлася акцыя міласэрнасці, прымеркаваная да Міжнароднага дня інвалідаў і Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь, якая прайшла ў раённым Доме культуры.

Трэцяга снежня ва ўсім свеце асабліва чакаюць асаблівыя людзі, чые магчымасці фізічна або псіхічна абмежаваныя. Не абыходзяць увагай інвалідаў на Пастаўшчыне. Штогод у раёне ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, у якіх самы актыўны ўдзел прымаюць тыя, хто, на думку здаровых, мог бы даўно апусціць рукі. У іх варта павучыцца сіле волі, мэтанакіраванасці, мужнасці. Акцыя ў чарговы раз пацвердзіла, што інва­ліднасць — не прысуд. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі з дня ў дзень даказваюць, што яны могуць і ўмеюць радавацца жыццю, цэняць  кожнае імгненне і не губляюць дарэмна час.

У фае гасцей сустракалі валанцёры з ліку навучэнцаў СШ №№4, 5, дзяржаўнага каледжа, суправаджалі да гардэроба, дапамагалі распрануцца. Весяліў прысутных ігрой на акардэоне народны музыка Аляксандр Пачкоўскі, цікавасць выклікалі выставы работ пастаяльцаў Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для інвалідаў і састарэлых, наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН, якія  прадстаўляла валанцёр Ала Жук. Яны тут жа праводзілі майстар-клас па вырабе рэчаў. Як заўсёды, шмат жадаючых было адкрыць душу псіхолагу, пракансультавацца з юрысконсультам, пагутарыць са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, змераць ціск у медыка. А якія цудоўныя здымкі наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў зрабілі і аформілі ў выставу «У душы захоўваецца святло» фотамайстры Рыта Шылей і Кацярына Паўлава!   

— Любаваўся работамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і не верылася, што яны выкананы рукамі тых, у каго безліч праблем са здароўем, — гаварыў, адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — Кожная зроблена з любоўю, у яе ўкладзена душа. Дзяржавай, у тым ліку і раённай уладай, нямала робіцца для таго, каб падтрымаць такіх людзей. У раёне функцыянуюць тры медыцынскія ўстановы: УАЗ «Пастаўская цэнтральная раённая бальніца», 1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы і абласны дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Ветразь». У іх створана сучасная база, працуюць кваліфікаваныя ўрачы і  сярэдні медыцынскі персанал, якія робяць усё магчымае, каб жыццё асаблівых людзей было паўнавартасным. Але не менш важным з’яўляецца сіла духу самога хворага.

Намеснік старшыні райвыканкама прывёў красамоўныя прыклады, калі інваліды дабіваюцца значных перамог (зборная паралімпійцаў Беларусі заваявала 12 медалёў, мінчанка-калясачніца стала «Міс свету»). Ёсць і сярод пастаўчан з абмежаванымі магчымасцямі такія, хто прымае ўдзел у розных конкурсах. На гэты раз за актыўную жыццёвую пазіцыю, творчую ініцыятыву Падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама атрымалі Аляксандр Дубоўскі, Дзяніс Каравацкі, Валерый Рундзя і Аляксандр Пачкоўскі.

Галоўны ўрач АДРАЦ «Ветразь» Сяргей Петухоў з дапамогай слайдаў падрабязна расказаў пра паслугі, якія аказвае цэнтр, запрасіў на лячэнне і рэабілітацыю. Затым быў прадэманстраваны відэаролік пра работу аддзялення дзённага знахо­джання для інвалідаў ТЦСАН і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Пасля пачалася канцэртная праграма. Яе з дапамогай работнікаў вышэйназваных устаноў, а таксама Дунілавіцкага дома-інтэрната падрыхтавалі іх наведвальнікі і пастаяльцы.

Пазней у фае гасцей весялілі ўдзельнікі народнага лялечнага тэатра «Вытварашкі». Танцавальна-забаўляльная праграма, як і пачастункі з салодкага стала, прыйшліся ўсім даспадобы.

— Арганізаваць мерапрыемства без міласэрных людзей было б складана, — гаварыла загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Вольга Гінько. — Дзякуючы галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы Уладзі­міру Чакаваму, на культурна-рэабілітацыйнае мерапрыемства ў Дом культуры змаглі прыехаць нават тыя, чыім сродкам перамяшчэння з’яўляецца каляска. Для іх транспарціроўкі быў прадастаўлены спецыяльны мікрааўтобус, які ў той дзень праехаў па раёне больш за 200 кіламетраў. Людзей з абмежаванымі магчымасцямі з горада дастаўляў транспарт ТЦСАН. Шмат дапамаглі індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выдзелілі сувеніры на заахвочванне прызёраў конкурсаў і прадукты для салодкага стала.

Дзень інвалідаў — гэта не свята, а яшчэ адна нагода звярнуць увагу на тых, каму выпаў няпросты лёс. Але, назіраючы за тымі, хто прыйшоў у гэты дзень у Дом культуры, разумела: для іх — свята! Людзі з абмежаванымі магчымасцямі радаваліся таму, што змаглі зноў сустрэцца, паглядзець цудоўны канцэрт, патанцаваць і павесяліцца.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Tagged