5 криминальных новостей Поставщины, о которых вы еще не знаете

Важное Правовое поле

З хуліганскіх намераў

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да трох навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа — 2000 і 2003 гадоў нараджэння. Вечарам 16 кастрычніка недалёка ад чыгуначнага вакзала маладыя людзі наўмысна, з хуліганскіх намераў збілі 43-гадовага жыхара райцэнтра, які быў у нецвярозым стане і папрасіў у іх закурыць. Мужчыну знайшлі на абочыне дарогі па вуліцы Вакзальнай з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і даставілі ў цэнтральную райбальніцу.

Наехаў на школьніка

Вечарам 11 лістапада 26-гадовы жыхар г.п. Лынтупы, кіруючы аўтамабілем “Рэно-Лагуна”, на вуліцы М. Казея наехаў на вучня 8 класа Лынтупскай яслі-сад—сярэдняй школы, які рухаўся на мапедзе ў спадарожным напрамку. У выніку дарожна-транспартнага здарэння школьнік атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму з падазрэннем на пералом зводу і асновы чэрапа і быў дастаўлены ў бальніцу. А ў адносінах да вадзіцеля ўзбудзілі крымінальную справу за парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў. 

Крадуць усё, што бачаць

16 лістапада з заявай аб крадзяжы рэечнага чыгуначнага дамкрата ў РАУС звярнуўся жыхар вёскі Цёплыя. Механізм знаходзіўся ў трактарным прычэпе каля фермы ў Андронах, чым не прамінуў скарыстацца 28-гадовы жыхар аграгарадка, які нідзе не працуе. А да пастаўчаніна з вуліцы Ленінскай злодзей — ім аказаўся 35-гадовы жыхар Васілін, які ўжо мае судзімасць — наведаўся дамоў. Пасля яго візіту праз фортку зніклі тэлефонны апарат, 20 DVD-дыскаў, 3 фотаальбомы, дарожная сумка, 4 ручнікі, 10 маек, столькі ж пар шкарпэтак і іншыя рэчы гаспадара. Зараз злодзеяў чакае суд.

Пад суд за браканьерства

24 лістапада 35-гадовы жыхар вёскі Асінагарадок, не маючы на тое дазволу, здабыў з дапамогай капкана на сажалках ААТ “Рыбгас “Навінкі” рачнога бабра, чым прычыніў навакольнаму асяроддзю ўрон на суму 5 тысяч 145 рублёў. Праз два дні работнікі Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі 48-гадовага жыхара вёскі Вайцяхі, які на возеры Трумпічскае таксама без адпаведнага дазволу, з выкарыстаннем нерата, у забароненым месцы здабыў рачную выдру. У дадзеным выпадку ўрон склаў 12 тысяч 250 рублёў. У адносінах да браканьераў узбуджаны крымінальныя справы. Ім пагражаюць не толькі немалыя штрафы, але і пазбаўленне волі.

Канфіскавалі міні-арсенал

28 лістапада Пастаўскі РАСК узбудзіў крымінальную справу па артыкуле “Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў” у адносінах да жыхара вуліцы Зялёнай у Паставах. Устаноўлена, што мужчына незаконна захоўваў у сваім дачным доме ў вёсцы Дашкі карабін, 51 вінтовачны патрон і 165 грамаў выбуховага рэчыва. Усё гэта міліцыянеры канфіскавалі падчас агляду дома. 

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА



Tagged