На очередном заседании клуба «Живая память» продолжился разговор о роли комсомола в судьбах и обществе

Важное Общество

Навучэнцы гарадскіх школ і гімназіі, якія рыхтавалі прэзентацыі сустрэч з ветэранамі камсамольскага руху на Пастаўшчыне

Жывым праўдзівым словам

На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне клуба «Жывая памяць», створанага пры раённым краязнаўчым музеі. Як і ў папярэдні раз, на яго сабраліся прадстаўнікі старэйшага пакалення і БРСМаўцы — прадоўжылася размова пра ролю камсамола ў асабістых лёсах і грамадстве, 100-годдзе з дня ўтварэння якога шырока адзначалася ў кастрычніку бягучага года.

Педагог-арганізатар СШ №5 Вольга Мацкевіч

Напярэдадні БРСМаўцы ўсіх гарадскіх школ і гімназіі ў фармаце «Адкрытага дыялогу» сустрэліся з былымі сакратарамі райкама камсамола і камсамольскімі актывістамі, задалі ім шмат пытанняў, запісалі ўспаміны, якія і агучылі на пасяджэнні клуба, а таксама прадэманстравалі відэакадры сустрэч, якія адбыліся ў навучальных установах.

Педагог-арганізатар СШ №1 Анастасія Маркелава

Пераказаць усё на газетнай старонцы немагчыма, таму спынюся толькі на асобных момантах. Вось эпізод з успамінаў Ігара Махніса: «Раней першага сакратара райкама камсамола назначаў райкам пар­тыі. У 1987 годзе ўпершыню ў Віцебскай вобласці ў Паставах адбыліся выбары на альтэрнатыўнай аснове — было некалькі кандыдатур. Вялікая зала райвыканкама не змясці­ла ўсіх выбаршчыкаў, паўсотні чалавек стаялі ў калідоры. Прысутнічала тэлебачанне і газетчыкі з Віцебска і Мінска. Я набраў найбольшую колькасць галасоў і стаў працаваць першым сакратаром райкама камсамола (да гэтага з’яўляўся інструктарам райкама пар­тыі). Раённая камсамольская арганізацыя налічвала на той час больш за 5 тысяч чалавек і была адной з буйнейшых у вобласці. У апараце райкама камсамола працавала 13 чалавек, амаль кожны дзень мы выязджалі ў пярвічныя арганізацыі, дапамагалі ў правядзенні розных мерапрыемстваў. Па прыёме ў члены УЛКСМ раён займаў адно з першых месцаў у вобласці».

Рыгор Леснікаў падчас вучобы ў інстытуце быў сакратаром пярвічнай камсамольскай арганізацыі студэнцкай групы. Выконвалі вялікую грамадскую работу — рабілі перапіс насель­ніцтва, ставілі канцэрты ў доме састарэлых, давалі ўрокі ў калоніі, правяралі магазіны. Іншы раз атрымлівалі ад прафкама падзяку ў выглядзе прэміі — 1 рубель або магчымасць гадзіну-дзве паплаваць на лодках.

«Што чалавек паспее зрабіць замалада, тое і панясе з сабой па жыцці», — пераканана Лілія Акіншына. Яна ўспамінала, якім насычаным, у ваенна-патрыятычных традыцыях было выхаванне ў школах: «Абавязковым для кожнага навучэнца быў удзел у турыстычных злётах, спаборніцтвах, секцыях, вечарах і г.д. Нас усё цікавіла, і мы ўсюды паспявалі».

«Камсамольцы вызначаліся не толькі ў сваім раёне, але і будавалі Байкала-Амурскую магістраль, Лукомльскую гідраэлектрастанцыю, Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод, — адзначыў Уладзімір Магіль­ніцкі. — Найлепшых рэкамендавалі для выбрання дэпутатамі як мясцовых Саветаў, так і Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета СССР».


У 1987 годзе ўпершыню ў Віцебскай вобласці ў Паставах адбыліся
выбары першага сакратара райкама камсамола на альтэрнатыўнай аснове.


У 1989—1991 гады першым сакратаром райкама камсамола працавала Галіна Чаплінская. Аб’ёмнае і цікавае інтэрв’ю з ёй падрыхтавалі актывісты СШ №3. У ім было і пытанне пра тое, ці помніцца, як сама ўступала ў маладзёжную арганізацыю. «Помніцца. Мне было 14 гадоў. Выдатнікам у вучобе і актывістам, чые фотаздымкі віселі на Дошцы гонару, у тым ліку і мне, прапанавалі рыхтавацца да ўступлення ў камсамол, — расказвала Галіна Мікалаеўна. — Зрабіць гэта было не так і проста. Назубок трэба было вывучыць Статут УЛКСМ. Многім асабліва складана запаміналіся прынцыпы дэмакратычнага цэнтралізму, некаторыя «засыпаліся» на гэтым пытанні. Цяжка было не разгубіцца перад аўтарытэтнай камісіяй у райкаме і правільна адказаць на ўсе пытанні. Калі прымалася станоўчае рашэнне, ахоплівала радасць. Камсамол даваў магчымасць праявіць актыўную жыццёвую пазі­цыю, станавіўся прыступкай для далейшага росту ў вучобе, а потым — у прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Зараз такія магчымасці дае БРСМ».

На пасяджэнні клуба гаварылася не толькі пра гэтыя, але і пра іншыя ўспаміны ветэранаў камсамольскага руху. Некаторыя з іх прысутнічалі асабіста, удзельнічалі ў дыялогу, цікавілі­ся справамі сваіх юных пераемнікаў. А на завяршэнне сустрэчы ўсе яе ўдзельнікі пацвердзілі намер далейшага збору матэрыялаў па камсамольскім руху на Пастаўшчыне з мэтай выдання кнігі.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Tagged