Большая ответственность. Фельдшер скорой помощи Денис Черняк встретит Новый год на рабочем месте

Здравоохранение

Не ў абдымках каханай, а на рабочым месцы сустрэне Новы год фельчар хуткай дапамогі Дзяніс Чарняк

З кахання пачала невыпадкова — усяго тры месяцы назад хлопец ажаніўся з былой сваёй аднакурсніцай па Барысаўскім медыцынскім каледжы Ірынай. Зразумела, што першы сямейны Новы год ім хацелася б сустрэць разам, але менавіта на гэтую ноч Дзянісу выпала дзяжурства. «Нічога не зробіш, такая работа, — спакойна канстатуе ён. — Затое 1 і 2 студзеня мы з Ірай бу­дзем разам».

Пакуль іх раздзяляе адлегласць. Ірына не абмежавалася каледжам, а прадоўжыла вучобу на завочным аддзяленні Белдзяржуніверсітэта, які ў бліжэйшыя месяцы заканчвае і пераязджае са свайго роднага Барысава ў Паставы, да мужа.


Калектыў добры, прынялі мяне цёпла, работа падабаецца, хоць вельмі адказная.


А ён пачаў сваю працоўную біяграфію ў жніўні 2015-га. «Калектыў добры, прынялі мяне цёпла, работа падабаецца, хоць вельмі адказная, — расказваў. — Дзяжурым па 12 гадзін. За змену выязджаем не менш чым на 10 выклікаў. Кожны выпадак няпросты — праблемы з сэрцам, страта прытомнасці, пе­рад­інсультны стан, траўма і г.д. Ні ў якім разе нельга разгубіцца, першую дапамогу трэба аказаць хутка і якасна».

Так у Дзяніса і атрымліваецца. Добра адзываецца пра яго работу старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі цэнтральнай раённай бальніцы Юрый Габец, станоўча адзначае адміністрацыя ЦРБ, застаюцца ўдзячнымі пацыенты.

Акрамя Дзяніса Чарняка, навагодняй ноччу будуць дзяжурыць фельчары хуткай дапамогі Сняжана Дубовік і Ганна Бондарава, дыспетчар Фаіна Тамашэвіч, вадзіцелі Мікалай і Дзмітрый Дунцы, Анатолій Даўгель. Пажадаем ім як найменш выклікаў, а ўсім пастаўчанам — здароўя.

Фаіна Касаткіна



Tagged