Почтальон Светлана Танана всегда приходит к людям с улыбкой

Общество

…І шмат пазітыву

«Напішыце пра нашага паштальёна. Святлана Танана — шчырая працаўніца і цудоўны чалавек». (Са званка ў рэдакцыю)

Наўмысна не ўзгадала яго, пачынаючы размову з начальнікам раённага вузла паштовай сувязі Таццянай Гайлюн. Хацелася даведацца, каго парэкамендуе для газеты кіраўнік арга­нізацыі. «Святлану Фадзееўну Танана», — быў адказ.

Між тым у паштовай сувязі Святлана ўсяго трэці год і трапіла сюды выпадкова. Да гэтага працавала на адным з прыватных прадпрыемстваў. Атрымаўшы складаны пералом рукі, працяглы час знаходзілася на бальнічным. Са словамі «Вы надта доўга хварэлі» ёй прапанавалі звольніцца.

Давялося шукаць новую работу. Раённаму вузлу паштовай сувязі патрабаваўся паштальён на адзін з гарадскіх участкаў. «Не было ўпэўненасці, што ў мяне атрымаецца, але вырашыла паспрабаваць, — гаварыла. — На першым часе прыходзілася цяжка, а зараз вельмі люблю сваю работу».


На маім участку цудоўныя людзі. Многіх ведаю даўно, бо вырасла ў тым мікрараёне, які абслугоўваю.


Участак вялікі — вуліцы Школьная, Камарова, Кірычука, Крупскай, Кляра, 1-я, 2-я і 3-я Меліярацыйныя і аднайменны завулак, Садовая, Някрасава, Ціхана, Веры Харужай. Акрамя таго, Святлана з’яўляецца брыгадзірам паштальёнаў — каардынуе іх работу, вырашае пытанні, што ўзнікаюць, трымае сувязь з адміністрацыяй, вядзе дакументацыю. Цяжкасцей хапае, але яна гаворыць не пра іх, а пра тое, ад чаго атрымлівае задавальненне: «На маім участку цудоўныя людзі. Многіх ведаю даўно, бо вырасла ў тым мікрараёне, які абслугоўваю. У кожным доме чакаюць і заўсёды прыязна сустракаюць, дзеляцца навінамі. Зносіны з людзьмі даюць столькі пазітыву!»

Яна ў сваю чаргу клапоціцца, каб не забылі прадоўжыць падпіску на тое ці іншае выданне, таксама парэкамендуе новыя газету або часопіс, выплаціць пенсію, прынясе не толькі карэспандэнцыю, але і пячэнне, алей, цукар ці іншы тавар, які чалавек заказваў — сумка ніколі не бывае на маршруце лёгкай. Але, нягледзячы ні на якія цяжкасці, Святлана заўсёды прыходзіць да людзей з усмешкай.

 Ёсць у жанчыны і захапленне — яна заўзяты агароднік і апантаны пчаляр. Жыве ў гарадской кватэры, а любімай справай займаецца на дачы. «Зямля і пчолы забіраюць увесь негатыў», — гаворыць і называе пчолак сваімі сяброўкамі. А сваім гонарам — дачку і сына. Марыя закончыла Полацкі дзярж­універсітэт, працуе ў фінансавай арганізацыі ў Мінску. Жэня сёлета стаў курсантам Ваеннай акадэміі. З імі і будзе сустракаць за святочным сталом Новы год. А напярэдадні прынясе віншаванні ў сем’і на сваім паштовым участку.

Фаіна Касаткіна



Tagged