Бизнес-предложения от «Белтелеком»

Главное Общество

На мінулым тыдні ў актавай зале Пастаўскага вузла электрычнай сувязі адбылася прэзентацыя «Сучасныя эканамічныя рашэнні для бізнесу ад «Белтэлекама». На яе былі запрошаны кіраўнікі і прадстаўнікі арганізацый, з якімі прадпрыемства плённа супрацоўнічае шмат гадоў.

Падчас сустрэчы спецыялісты РУП «Белтэлекам» азнаёмілі прысутных з новымі тэлекамунікацыйнымі паслугамі, якія ўжо выдатна сябе зарэкамендавалі. Гэтыя прапановы прызваныя не толькі спрыяць інавацыйным падыходам ва ўдасканаленні бізнес-працэсаў, але і служыць рэалізацыі праграм бяспекі, фінансавай празрыстасці, лаяльнасці кліентаў. У прыватнасці, начальнік участка продажу паслуг Глыбоцкага занальнага вузла электрычнай сувязі Вадзім Салодкі прэзентаваў паслугу «SMS-рассылка». Гэта даступны і недарагі спосаб рэкламаваць тавары і паслугі, інфармаваць пра якія-небудзь падзеі кліентаў, калег, сяброў, знаёмых. Для яе падключэння неабходна звярнуцца ў любы сэрвісны цэнтр «Белтэлекама» і аформіць дагавор. Пры яго заключэнні вам выдадуць рэквізіты доступу — лагін і пароль у асабісты кабінет карыстальніка (на сайце прадпрыемства электрасувязі). А таксама прысвояць альфа-імя — унікальны тэкставы ідэнтыфікатар замест нумара тэлефона адпраўніка. Каб паслаць SMS-паведамленне, неабходна ведаць нумар мабільнага тэлефона атрымальніка. За паслугу абанплата не налічваецца, кошт паведамлення — 1 капейка.

Таксама Вадзім Салодкі прадставіў мабільны дадатак «Мой Белтэлекам». Гэта сэрвіс самаабслугоўвання абанентаў РУП «Белтэлекам». Ён дазваляе самастойна падключаць і адключаць паслугі, ажыццяўляць змену тарыфнага плана, атрымліваць інфармацыю пра свой рахунак, папаўняць яго, даведвацца пра акцыі і іншую карысную інфармацыю. Акрамя таго, дадатак прапануе абанентам анлайн-падтрымку. Каб пачаць карыстацца паслугай, неабходна ўстанавіць на свой смартфон, планшэт альбо камп’ютар адпаведны дадатак. Карыстацца ім можна ў двух рэжымах: аўтарызаваным і гасцявым. Апошні мае абмежаваны функцыянал і дазваляе азнаёміцца з навінамі, тарыфамі, размяшчэннем сэр­вісных цэнтраў і кропак доступу Wi-Fi. Для ўваходу ў аўтарызаваным рэжыме неабходна ўвесці нумар мабільнага тэлефона, на які будзе адпраўлены код.

Калега Вадзіма — спецыяліст участка продажу паслуг Глыбоцкага ЗВЭС Анастасія Саколка —спынілася на ўніверсальным пакеце паслуг для юрыдычных асоб «Бізнес-кейс». У яго рамках абанент можа карыстацца безлімітным доступам у інтэрнэт з хуткасцю да 35 Мбіт/с, паслугамі антывіруснай абароны для двух персанальных камп’ютараў, тэлефоннай сувяззю на двух нумарах з неабмежаванай колькасцю званкоў у сетцы «Белтэлекам», а таксама базавым камплектам паслугі «Разумны дом», які дазваляе зрабіць работу ў офісе камфортнай і бяспечнай. Прадставіла Анастасія і паслугу «Відэакантроль». Яна дзейнічае як для фізічных, так і для юрыдычных асоб, дазваляе карыстальніку атрымліваць ін­фармацыю з камер відэаназірання ў рэжыме рэальнага часу і адкладзенага прагляду (захоў­ваецца 30 дзён на серверы «Белтэлекама»). Юрасобы могуць скачваць інфармацыю. Пры падключэнні «Відэакантролю» важна ўлічваць, што павінна быць пракладзена аптычнае валакно, а не медныя лініі.

Спецыяліст Пастаўскага ўчастка продажу паслуг Глыбоцкага ЗВЭС Аляксандр Зубко прапанаваў арганізацыям і ўстановам раздаваць бясплатны Wi-Fi (бесправадны доступ у інтэрнэт) сваім кліентам. Прапанова з’яўляецца актуальнай фактычна для ўсіх, а найбольш — для сферы абслугоўвання і аказання паслуг, бо дазваляе кліентам не сумаваць у чэргах, а праводзіць час з карысцю. Юрыдычная асоба можа абмежаваць час і хуткасць доступу ў інтэрнэт сваім наведвальнікам, вызначыць VIP-кліентаў. Каб падключыць паслугу, неабходна аформіць адпаведную заяўку. «Белтэлекам» прадаставіць абсталяванне, аформіць партал аўтарызацыі ў фірменным стылі заказчыка з размяшчэннем лагатыпа і фону, дасць магчымасць выкарыстоўваць партал для размяшчэння рэкламы, банераў і навін, правядзення апытанняў і г.д.

Кожная прэзентацыя выклікала шэраг пытанняў, на якія далі адказы спецыялісты «Белтэлекама». Завяршылася сустрэча абменам думак пра новыя паслугі і заключэннем дагавораў.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ



Tagged