«Честный, старательный, пунктуальный». Старший оперуполномоченный группы розыскной работы отделения уголовного розыска РОВД Евгений Черенко

Личности Правовое поле

Сумленны, старанны, пунктуальны

Так характарызаваў мне старшага оперупаўнаважанага групы вышуковай работы аддзялення крымінальнага вышуку РАУС старшага лейтэнанта Яўгенія Чарэнку начальнік райаддзела міліцыі Аляксандр Гарус. Пры гэтым заўважыў, што з прыходам у службу маладога опера істотна палепшыліся паказчыкі дзейнасці па дадзеным напрамку.

У Пастаўскім РАУС Яўгеній служыць з ліпеня 2017-га. Да гэтага закончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь, дзе набыў спецыяльнасць «Правазнаўства» са спецыялізацыяй «Аператыўна-вышуковая дзейнасць». Цяпер займаецца пошукам асоб, якія здзейснілі розныя злачынствы, прапалі без вестак, з’яўляюцца даўжнікамі па грамадзянскіх справах (не плацяць аліменты, крэдыты або маюць іншыя запазычанасці), і іх месцазнаходжанне не ўстаноўлена. Гэту лінію вядзе адзін і прызнаецца, што без дапамогі калег з аддзялення крымінальнага вышуку, прадстаўнікоў іншых службаў аддзела было б няпроста. Асабліва дапамагаюць участковыя інс­пек­тары, якія абслу­гоў­ваюць увесь раён і, калі бачаць кагосьці, хто знаходзіцца ў вышуку, абавязкова паведамляюць пра іх. Наладжаны ў Яўгенія і кантакты з паліцэйскімі Масквы і Падмаскоўя, куды пастаўчане часта едуць на заработкі або каб схавацца ад органаў прымусовага выканання, а таксама з абласным упраўленнем. Таму і паказчыкі аператыўна-службовай дзейнасці добрыя.

Так, з пачатку бягучага года Я. Чарэнкам знойдзены дзевяць злачынцаў, пяцёра з якіх былі аб’яўлены ў вышук год і больш назад. Яшчэ чатырох чалавек удалося знайсці, як кажуць, па гарачых слядах — на працягу трох сутак з моманту знікнення. У адносінах да прапаўшых без вестак вышуковыя справы сёлета не заводзіліся, бо месцазнахо­джанне ўсіх грамадзян, па якіх паступілі такія паведамленні або заявы (іх прынята каля паўсотні), устаноўлена на працягу дзесяці сутак. Таксама знойдзена жыхарка раёна, якая прапала ў 2017 годзе. Аналагічная карціна з дзярждаўжнікамі: устаноўлены адрасы пражывання ўсіх чатырох чалавек, якія хаваліся яшчэ з мінулага года, і дваіх з трох грамадзян, аб’яўленых у вышук сёлета. А ўсяго з органаў прымусовага выканання ў 2018-м паступілі 43 пастановы аб вышуку неплацельшчыкаў, 40 з якіх былі знойдзены ў хуткім часе, без завядзення спраў.

— Вышуковая работа мне падабаецца, — расказваў пра сваю прафесію Яўгеній. — Атрымліваю маральнае задавальненне, калі кагосьці ўдаецца знайсці. Гэта як цікавая гульня. Даводзіцца вывучаць паводзіны, кола інтарэсаў і зносін чалавека, пралічваць усе яго магчымыя дзеянні, каб у нейкі момант апынуцца на шляху і затрымаць. Што ж датычыць увогуле службы ў міліцыі, то ўсё склалася само па сабе. Я з дзяцінства хацеў насіць пагоны, хоць і не глядзеў фільмы пра міліцыянераў, не маю іх сярод родных, з каго можна было б браць прыклад. Пасля школы вырашыў паступаць у Акадэмію МУС разам з адна­класнікам Дзмітрыем Козелам, з якім зараз служым у аддзеле.

Каб быць у добрай фізічнай форме, што немалаважна для супрацоўніка органаў унутраных спраў, Я. Чарэнка актыўна займаецца спортам. Заўсёды знаходзіць час прабегчы некалькі кругоў па стадыёне, паплаваць у басейне, наведаць трэнажорную залу. Кажа: «Не ўсе злачынцы будуць стаяць і чакаць, калі да іх падойдзеш. Кагосьці давя­дзецца і даганяць па розных участках мясцовасці. Да таго ж спорт дапамагае зняць псіхалагічнае напружанне, разгрузіцца пасля цяжкага працоўнага дня».

Нягледзячы на невялікі стаж, Яўгеній ўжо мае Падзяку ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама за дасягнутыя вынікі ў службе. Гэту ўзнагароду атрымаў у сакавіку, на Дзень міліцыі, што стала стымулам выконваць сваю работу яшчэ лепш.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged