«Цирком нужно болеть, жить им…» 13 лет назад в Поставах появилась цирковая студия «Каскад»

Образование Общество

Цырк, цырк, цырк…

А з’явіўся ён у нашым горадзе 13 гадоў назад дзякуючы Алёне і Валянціну Дзіль. Абое, як кажуць, выраслі ў дзіцячай цыркавой студыі ў Шаркаўшчыне і, пераехаўшы ў Паставы, стварылі аналагічную тут.

Сёння ўзорная цыркавая студыя «Каскад» — адзін з самых вядомых і любімых гледачамі ўсіх узростаў самадзейных калектываў раённага Дома культуры. Без яго не абыходзіцца практычна ніводнае мерапрыемства. «Каскадаўцы» — пастаянныя ўдзельнікі Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», свят з нагоды Дня Незалежнасці, Міжнароднага дня абароны дзяцей і многіх іншых, задзейнічаны ва ўсіх навагодніх і не толькі спектаклях РДК. Ведаюць іх і за межамі раёна. Юныя цыркачы з Пастаў выступалі на Дні беларускай пісьменнасці ў Глыбокім, «Славянскім базары ў Віцебску», семінары па адукацыі ў Наваполацку, сталі лаўрэатамі тэлевізійнага праекта «Зорны шлях». А нядаўна атрымалі яшчэ адну ўзнагароду — дыплом адкрытага абласнога свята-конкурсу цыркавога мастацтва «Арэна-2018», які праходзіў у Оршы і пра які мы расказвалі на старонках газеты.

Зараз у калектыве займаюцца каля 50 дзяцей ад 5 да 16 гадоў, раздзеленых на тры ўзроставыя групы. А ўсяго за час існавання студыі праз яе прайшло з паўтысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку старэйшыя сын і дачка Алёны і Валянціна Дзіль, цяпер ходзяць сярэдняя і малодшая дочкі. Змянілася некалькі саставаў юных артыстаў. Цікава, што дзеці з першага набору ўжо прыводзяць у «Каскад» сваіх малых. Як кіраўнік Алёна Здзіславаўна прымае ўсіх жадаючых паспрабаваць сябе ў гэтым жанры, бо ў далейшым многія адсейваюцца. Нехта фізічна не вытрымлівае нагрузкі, нехта разумее, што такі род занятку не для яго. У выніку застаюцца самыя моцныя, валявыя, працавітыя, тыя, каму падабаецца цырк як мастацтва.

— Цыркам трэба хварэць, жыць ім. Толькі тады можна з задавальненнем хадзіць на рэпетыцыі, адточваць кожны рух, часам пераадольваючы боль, — кажа Алёна Дзіль. — І заўсёды ёсць дзеці, якім такі занятак падабаецца. Некаторых вечарамі бывае цяжка адправіць дамоў. Я мару, што ў будучым хтосьці з іх стане маім пераемнікам. Хочацца, каб цырк жыў і развіваўся далей.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged