Деревенская жизнь была трудной, но привычной. Владислав и Эдуарда Галинские по-прежнему в сельских хлопотах

Общество Сельское хозяйство

У 1970—1980-я гады на старонках раённай газеты неаднаразова з’яўляліся прозвішчы механізатараў калгаса «Радзіма» Міхаіла Мацюшонка, Уладзіслава Галінскага, Івана Мальца. Яны былі звеннявымі па вырошчванні бульбы і атрымлівалі высокія ўраджаі гэтай культуры. А якімі клопатамі жывуць колішнія перадавікі сёння? Будучы нядаўна ў Сяргеевічах, я наведалася да аднаго з іх.

Прыехала без папярэджання, таму з парога пачала з прабачэння. Уладзіслаў Васільевіч і Эдуарда Эдмундаўна Галінскія прыязна «пагасілі» маю няёмкасць. «Праходзьце, праходзьце, — запрашалі. — Гасцям мы заўсёды рады». А даведаўшыся мэту візіту, ахвотна ўспаміналі мінулае, расказвалі пра цяперашнія справы.

…Уладзіслаў праходзіў тэрміновую службу ў Маскве. «Будучы салдатам, разам з вольнанаёмнымі рабочымі будаваў у сталіцы дамы, — успамінаў. — Агітавалі застацца. Абяцалі маскоўскую прапіску, а праз два гады — кватэру. Але вярнуўся дадому, бо чакалі маці, жонка і малы сынок, які нарадзіўся праз некалькі дзён пасля таго, як мяне прызвалі на службу і якога ўпершыню ўбачыў толькі праз паўтара года, прыехаўшы ў водпуск.

Вясковае жыццё было цяжкае, але прывычнае. Маці адна гадавала сына і з маленства прывучыла яго да сялянскай работы. Пасля васьмі класаў паступіў у пастаўскае СПТВ-2 і ўжо працаваў прычэпшчыкам. Закончыўшы вучылішча, стаў працаваць на трактары ў калгасе «Радзіма». З гадамі любая тэхніка стала падуладная яго рукам. Пра тое, наколькі адказна і з якім стараннем адносіўся да працы, сведчаць не толькі шматлікія граматы, але і дзве дзяржаўныя ўзнагароды — ордэны Чырвонага Працоўнага Сцяга і «Знак Пашаны». А пра актыўную грамадзянскую пазіцыю — тое, што механізатар з’яўляўся не проста каму­ністам, а членам бюро райкама партыі.

— Мы, трое звеннявых, вырошчвалі ў калгасе бульбу на 150 гектарах, — успамінаў ветэран працы. — З кожнага атрымлівалі ў сярэднім 200-220 цэнтнераў. Высокай ураджайнасці дабіваліся дзякуючы захаванню агратэхнікі вырошчвання. Закладвалі шмат тарфагноевых кампостаў і багата ўносілі іх у глебу, своечасова праводзілі догляд пасеваў, не марудзілі з уборкай.

Ёсць што ўспомніць і Эдуардзе Эдмундаўне. Закончыла Ільянскі сельгастэхнікум. Працавала брыгадзірам, лабарантам, аграномам. Разам з мужам выхавалі трое годных дзяцей. Андрэй стаў механізатарам, і таксама, як і бацька, — адным з лепшых у гаспадарцы (зараз гэта сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра»). Яго дом — праз дарогу ад бацькоўскага, і варта адзначыць, што абодва — дыхтоўныя і дагледжаныя. Мае спецыяльнасці трактарыста і токара Сяргей, але яго падкасіла хвароба, знаходзіцца на групе інваліднасці, жыве ў Лынтупах. Таццяна — медсястра, працуе ў раённай паліклініцы. Усе маюць сем’і. Калі летам пяцёра ўнукаў збіраюцца ў бабулі з дзядулем, у доме і двары становіцца весела і гаманліва.

Побач з вёскай — лес. Без яго дароў Галінскія не застаюцца ні адзін год. Больш за тое, яшчэ і заробяць, здаючы нарыхтоўшчыкам сабраныя грыбы ды ягады. Трымаюць вялікую асабістую гаспадарку — карову, быка, некалькі свіней, дзясяткі курэй — бройлерных і нясушак. Гавораць, што гэта не зашмат, бо разлічваюць на чатыры сям’і. Канешне, працы хапае, але спраўляюцца. Пасадзіць і ўбраць бульбу, нарыхтаваць сена дапамагаюць дзеці і ўнукі. Ёсць уласны трактар, і ў Андрэя — таксама.

Ужо 13 гадоў Уладзіслаў Васільевіч на пенсіі, але па-ранейшаму ён у сялянскіх клопатах. Праўда, зараз шчыруе толькі на карысць сваёй сям’і, а не калгаса, як раней. І паказвае прыклад руплівасці. Вось бы ўсе былі такімі гаспадарамі, як ён і яго жонка, тады нашы вёсачкі не адыходзілі б у нябыт.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Tagged