«Дети были в восторге!» В детском саду в 5-м городке завершился ремонт

Важное Образование

Беласнежны «Рамонак»

Гэты Новы год для ўсяго педагагічнага калектыву, выхаванцаў садка і іх бацькоў будзе асабліва радасным: крыху больш за тыдзень назад завяршыўся бягучы рамонт будынка, які доўжыўся некалькі месяцаў.

Такіх вялікіх пераўтварэнняў установа не ведала з моманту свайго адкрыцця ў 1996 годзе. Зразумела, штогод праводзіліся рамонтныя работы як унутры, так і звонку. Толькі дах лапілі не менш за тры разы. Але ён, па словах загадчыцы ясляў-сада І. М. Зубкевіч, усё роўна працякаў. Патрабаваў істотнага абнаўлення і фасад: часткова згнілі драўляныя вокны і дзверы, на сценах утварыліся шчыліны, кавалкамі адвальвалася тынкоўка. Карацей кажучы, будынак знаходзіўся ў паўаварыйным стане.

І вось сёлета, дзякуючы галоўнаму ўпраўленню па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, якое выдзеліла 250 тысяч рублёў, пачалася яго рэстаўрацыя. За гэтыя грошы цалкам перакрылі дах, уставілі 185 пластыкавых вокнаў (яшчэ 27 замянілі раней) і 13 уваходных дзвярэй, замазалі швы паміж блокамі на фаса­дзе, «апранулі» яго ў новую «шубу» і пафарбавалі. Работу выконвалі дзве будаўнічыя фірмы з Магілёва.

— Я вельмі задаволена падрадчыкамі, — гаварыла Ірына Мікалаеўна Зубкевіч. — Члены абедзвюх брыгад працавалі без выхадных з сярэдзіны мая да канца кастрычніка. Затым пастаўскія будаўнікі з ПГУП «СтройХом» пачалі заліваць адмостку каля фундамента. Шмат зрабіў наш калектыў. Уяўляеце, колькі бруду і смецця было ў памяшканнях і вакол будынка! Толькі вывозілі яго 5 дзён. А трэба ж было ўсё вынесці, вымыць, вычысціць. Дзяўчаты затрымліваліся на рабоце да 23-24 гадзін, а то і пазней, прыходзілі ў выхадныя. Прыклалі руку да рамонту і бацькі. Яны дапамаглі нам замяніць 500 квадратных метраў лінолеуму, які набыты за сродкі раённага бюджэту, абуладкавалі ўсе ўчасткі для прагулак каля садка: зрабілі новыя альтанкі, матацыклы, караблі, машыны. Дзеці былі ў захапленні, калі ўбачылі ўсё гэта. 

Не засталіся незаўважанымі малышамі і іншыя змены. Зараз яны яшчэ ахвотней спяшаюцца раніцай у бялюткі, як снег, садок і з гордасцю паведамляюць усім: «У нас прыгожа! У нас быў рамонт!»

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged