«Есть желание служить!» Старший инспектор-инженер группы средств и систем охраны Егор Хмельник

Общество Правовое поле

На службу ў Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы ўраджэнец Міёр Ягор Хмельнік прыйшоў 29 кастрычніка гэтага года пасля заканчэння трохмесячных курсаў у Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у Мінску. Па адукацыі хлопец — інжынер радыёэлектронікі, выпускнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў таксама сёлета. Але, атрымаўшы дыплом, не захацеў працаваць дзесьці на заводзе. Вырашыў, як і бацька, пайсці служыць у міліцыю, а менавіта — у Дэпартамент аховы, дзе праходзіў студэнцкую практыку. Месцам службы выбраў Паставы, каб жыць самастойна і незалежна ад бацькоў.

У абавязкі Ягора як старшага інспектара-інжынера групы сродкаў і сістэм аховы ўвахо­дзяць арганізацыя і кантроль за дзейнасцю дзяжурнага пункта цэнтралізаванага назірання і электраманцёраў, якія ажыццяўляюць мантаж і наладку абсталявання на аб’ектах, што прымаюцца пад ахову, і забяспечваюць яго бесперабойную работу. Акрамя кантролю за падначаленым асабовым складам — а гэта каля 10 чалавек, — Я. Хмельнік выязджае на аб’екты: жылыя дамы, кватэры, вытворчыя і іншыя памяшканні, каб вызначыць, дзе размясціць сродкі ахоўнай сігналізацыі, які від датчыка і якую сігналізацыю выкарыстаць. Таксама афармляе дагаворы з уласнікамі аб’ектаў, якія вырашылі здаць іх пад ахову. А з 2019 года будзе займацца яшчэ і пытаннямі аховы працы.

— Работы шмат, — прызнаецца малады лейтэнант. — Але яна мне падабаецца, у тым ліку таму, што не прыходзіцца сядзець на месцы. Кожны дзень бываю на нейкім аб’екце, якіх пад нашым крылом прыблізна 250 у гора­дзе і раёне. Добры і калектыў аддзялення. Адчуваю падтрымку і дапамогу з боку калег і кіраўніцтва. Выдатныя ўмовы пражывання ў прадастаўленай службовай кватэры. Адным словам, усім задаволены і рады, што прыехаў служыць у Паставы.

— Канешне, вопыту работы Ягору пакуль не хапае, — гаварыў начальнік Пастаўскага ад­дзялення Дэпартамента аховы Вадзім Крыштафовіч. — Але я бачу яго старанне і адданасць справе. Усе пастаўленыя задачы ён выконвае. Безумоўна, нешта падказваем, вучым і я, і наш інжынер групы сродкаў і сістэм аховы Аляксандр Яўгенавіч Івашчанка. Упэўнены, што з цягам часу ў Ягора з’явяцца неабходныя прафесійныя веды і навыкі. Галоўнае, што ёсць жаданне вучыцца і служыць у міліцыі.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged