Хороший результат совместной работы. На ферме «Сергеевичи» содержится 360 голов крупного рогатого скота, из них 188 коров

Важное Сельское хозяйство

Група жывёлаводаў фермы «Сяргеевічы»: Святлана Косінец, Ганна Шкорнік, Наталля Валюкевіч, Любоў Касарэўская, Сяргей Чукін (загадчык фермы), Ганна Садоўская, Артур Каркліньш, Сяргей Квяткоўскі

Хоць ферме амаль паўстагоддзя, гэта не перашкаджае калектыву жывёлаводаў дабівацца добрых вынікаў у працы

Размову вяду пра ферму «Сяргеевічы» сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра». Яе будынкі ўведзены ў эксплуатацыю ў 1970 годзе і, канешне, не могуць параўнацца з тымі, што ўзводзіліся намнога пазней. Тым не менш гаспадар­лівасці, якая тут пануе, варта павучыцца многім. У асобных гаспадароў няма такога парадку нават дома, як на гэтай ферме. Старанна падрыхтаваліся і да зімоўкі — выскраблі, вычысцілі, вымылі бетанаваную падлогу, пабялілі сцены, уцяплілі поліэтыленавай плёнкай вокны, праверылі спраўнасць механізмаў.  Дастаткова кармоў, добрая іх якасць. Таму і праходзіць зімоўка без збояў.

У Сяргеевічах утрымліваецца 360 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 188 кароў. З каровамі ўпраўляюцца пяць асноўных даярак: Святлана Косінец, Ганна Шкорнік, Наталля Валюкевіч, Любоў Касарэўская і Ганна Садоўская, а Ілья Пашкевіч дае ім выхадныя. За 11 месяцаў на ферме надаілі 491 тону малака, што на 109 тон больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. А Наталля Валюкевіч атрымала па 3636 кілаграмаў малака ад каровы. У групе гэтай даяркі 48 першацёлак, якіх яна летась і раздойвала.

Абнаўленне статка працягваецца. Пакрыта 120 цялушак, і зараз ідуць масавыя расцёлы. 38 першацёлак раздойвае Святлана Косінец, яшчэ 14 разда­дзены іншым даяркам. Захаваны ўсе цяляткі. Летам Артур Каркліньш і Мікалай Ліхімовіч пасвілі нецеляў па багатым травастоі. Таму яны былі добра ўкормленыя, своечасова пакрыліся, адпаведна, і прыплод даюць жыццястойкі. Садзейнічае захаванасці маладняку і вельмі старанны яго догляд з боку даярак.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Сарапененка адзначыў, што будучыня ў сяргеевіцкай фермы ёсць. Напрыканцы лістапада тут запусцілі другі малакаправод на 100 кароў, у наступным годзе перакрыюць дах. Калі сёлета ўсе каровы пасвіліся ў адным статку, то налета іх намнога прыбавіцца і будуць сфарміраваны два статкі. Адзначыў высокую адказнасць начальніка аддзялення Алены Кісялёвай і загадчыка фермы Сяргея Чукіна, старанне ўсяго калектыву.

А ў ім, акрамя вышэйназваных жывёлаводаў, начны дзяжурны Казімір Валюкевіч, слесары Сяргей Квяткоўскі і Славамір Стаброўскі, на адвозцы гною — Андрэй Галінскі, і ад кожнага залежыць агульны поспех. А тое, што ў Сяргеевічах нарошчваюць вытворчасць малака і продаж яго дзяржаве, відавочна. У гэтыя дні на завод паступае з фермы па 1100 кілаграмаў малака, што амаль на паўтоны больш, чым у такі ж час летась. Усё яно залічваецца вышэйшым сортам.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Tagged