Хоровод фантазии, техник, образов. В Доме ремесел открылись две экспозиции «Рождественское чудо» и «В душе сохраняется свет»

Общество

Выстаўку «Калядны цуд» прадстаўляе Алена Крывенькая

19 снежня ў Доме рамёстваў «Стары млын» адбылося адкрыццё дзвюх экспазіцый. Упрыгожваць выставачныя залы яны будуць да сярэдзіны лютага.

У цэнтральнай зале размясцілася выстава «Калядны цуд». Гэта свайго роду творчая справаздача членаў народнага клуба «Майстры», якому літаральна праз некалькі дзён — 1 студзеня — споўніцца 25 гадоў. Гісторыю яго стварэння і развіцця нагадала дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух.

— Ля вытокаў клуба стаяў мясцовы мастак Іосіф Атрахімовіч, які ў 1991 годзе аб’яднаў такіх жа, як і сам, таленавітых людзей. Іх работы выстаўляліся ў раёне, вобласці, рэспубліцы, за мяжой. Разам з творцамі пра захаванне і папулярызацыю народных промыслаў і рамёстваў клапаціліся работнікі сферы культуры. У прыватнасці Людміла Чатовіч і Таццяна Гарошка здзейснілі не адну этнаграфічную экспедыцыю па Пастаўскім раёне, — узгадвала. — Праз тры гады, маючы вялікую базу, клуб атрымаў званне «народны». Спачатку ён размяшчаўся на першым паверсе дзіцячай бібліятэкі, а яго работу курыраваў РДК. Зараз ён знаходзіцца ў будынку былога млына і ўваходзіць у склад Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна.

Алена Апухціна са сваімі работамі

За гады існавання клуб «Майстры» змяніў не аднаго кіраўні­ка. Першым быў Сяргей Бар­дзееў, цяпер творчае аб’яднанне ўзначальвае майстар па традыцыйным ткацтве Алена Крывенькая. Яна падзякавала ўсім, хто прыйшоў на адкрыццё выставы, а таксама самім майстрам, якія не толькі прадаставілі свае работы, але і дапамагалі ў стварэнні экспазіцыі.

— Зараз клуб налічвае больш за 60 творцаў. Сяргей Шчэрба, Таццяна Петух, Лілія Зарэцкая, Мар’ян Аўгусціновіч і Юрый Фурс з’яўляюцца членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Вольга Гукава і Яніна Ліманоўская працуюць у тэхніцы народнага роспісу па тканіне «маляванка», якая занесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, — гаварыла А. Крывенькая.

Выстава аб’яднала работы, выкананыя ў самых разнастайных тэхніках і кірунках. Тут і кераміка, і разьба па дрэве, жывапіс і валенне з воўны, ткацтва, вышыўка стужкамі, мулінэ і бісерам, батык і іншае. Гэта цікавай формы рэчы з плітачнага клею і будаўнічых сумесяў, іконы, дываны, карціны, адзенне, лялькі, свістуль­кі, сумкі, драўляныя вырабы. Усяго і не пералічыць! І кожнай работай хочацца любавацца, дакрануцца да яе. Зможаце пераканацца ў гэтым самі, калі наведаеце экспазіцыю.

Магчымасць дакрануцца да прыгожага, атрымаць асалоду ад мастацтва, адчуць любоў, укладзеную ў работы, наведвальнікам прадаставілі іх аўтары — Леанарда Іванова, Алена Апухціна, Ганна Шылько, Галіна Калдышкіна, Яніна Ліманоўская, Галіна Дзевятоўская, Сяргей Шчэрба, Іосіф Атрахімовіч, Таццяна Петух, Анжаліка Рагута, Віктар Шашура, Іосіф Гарбуноў і Крысціна Брэская.

Сцены малой выставачнай залы ўпрыгожыла фотавыстава Рыты Шылей і Кацярыны Паўлавай «У душы захоўваецца святло». На здымках — наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. Гэта не проста партрэты людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а, на мой погляд, цікавыя вобразы. Тым больш што пры іх стварэнні ўлічваліся як пажаданні мадэляў, так і сфера іх інтарэсаў. А яны, нягледзячы на стан здароўя, вельмі разнастайныя. Нехта знайшоў сябе ў веры, хтосьці любіць жывёл, хтосьці — тэхніку. Такі шыкоўны падарунак — бясплатную фотасесію — Рыта і Кацярына зрабілі ім да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged