«Хотелось придать современности». Что изменилось в здании Поставского района электросетей после ремонта?

Общество

Начальнік аварыйна-дыспетчарскай службы Мікалай Ожэль (у цэнтры) з дыспетчарамі Аляксандрам Багушэвічам і Аляксандрам Анкудовічам

Камфорт спрыяе плёну

У жніўні бягучага года калектыў Пастаўскага раёна электрасетак справіў наваселле ў абноўленым адміністрацыйна-бытавым корпусе.

— Рэканструкцыя была крайне неабходная, — расказваў начальнік РЭС Аляксандр Скрыц­кі. — Ранейшы будынак узводзілі гаспадарчым спосабам, і ён не мяняўся 34 гады. Хацелася надаць яму сучаснасці. І гэта атрымалася.  Вентыляваны фасад, кроквенны дах з металадахоўкі не толькі ўтрымліваюць цяпло ўнутры будынка, засцерагаюць ад пранікнення вільгаці, але і надаюць эстэтычны знешні выгляд. Поўнасцю заменены інжынерныя сеткі, водаправодныя і ацяпляльныя трубы, пракладзена новая электраправодка, лакальная камп’ютарная сетка. Уваход абсталяваны электронным турнікетам, які аўтаматычна фіксуе час прыходу і адыходу па персанальных прапусках. Кантроль на тэрыторыі і ў памяшканнях ажыццяўляецца з дапамогай камер відэаназірання.

У памяшканні створаны ўсе ўмовы для камфортнай работы. Ёсць гардэроб. У ім за кожным электраманцёрам, вадзіцелем, слесарам замацавана шафа на два аддзяленні. З гардэроба ёсць праход у душавую, разлічаную на 6 месцаў. Гарачае водазабеспячэнне наладжана ад электрычных бойлераў. Душ працуе круглы год. Да гардэроба прымыкае памяшканне з дзвюма электрычнымі сушыльнымі шафамі для сушкі адзення і абутку.

У вучэбным класе — трэнажор для аказання першай медыцынскай дапамогі. Устаноўлены вялікі манітор для прагляду спецыяльных вучэбных праграм і стэнды з узорамі рэальных сродкаў аховы, кабелю, камутацыйных апаратаў, счэпнай арматуры паветраных ліній. У наяўнасці неабходныя плакаты і літаратура. Усё гэта прызначана для навучання персаналу бяспечным метадам работы.

І лініі «маладзеюць»

За 11 месяцаў бягучага года работнікамі Пастаўскага раёна электрычных сетак адрамантаваны 93 кіламетры паветраных ліній напружаннем 10 кВ, 105 — 0,4 кВ, 117 комплексных трансфарматарных падстанцый і 10 закрытых электрападстанцый. Уласнымі сіламі ўручную расчышчана 28,8 гектара прасек. Прадаўжаюцца работы па замене неізаляваных правадоў на ізаляваныя. За 10 месяцаў яны заменены на адлегласці 3,3 кіламетра паветраных ліній. У службу «Адно акно» РЭС за гэты час звярнулася больш за 150 чалавек. Выданы тэхнічныя ўмовы і падключаны да электрасетак 62 абаненты.

Мабільны персанал

Сэрца электрасетак раёна — дыспетчарская. Яна абсталявана новай каляровай мнемасхемай. Пры вышыні 2,5 метра мае даўжыню 15 метраў. Дыспетчары працуюць пазменна і кругласутачна забяспечваюць электраэнергіяй жылыя дамы, прадпрыемствы, арганізацыі. Пастаянна трымаюць руку на пульсе ўсёй электрагаспадаркі раёна Антон Валетка, Аляксандр Багушэвіч. У абавязкі аператыўна-выязной брыгады ўваходзіць неадкладнае рэагаванне на аварыйныя адключэнні электраліній. У любое надвор’е і ў любы час сутак члены брыгады выязджаюць на месца для ўхілення паломкі. Сярод электраманцёраў аператыўна-выязной брыгады хачу адзначыць Аляксея Студзянкова, Валянціна Катовіча. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі майстры Уладзімір Шурпік, Андрэй Сырадойка, тэхнік Ганна Пяткевіч. Восьмы год дыспетчарскую службу ўзначальвае Мікалай Ожэль. Яму вельмі часта прыходзіцца прымаць адказныя рашэнні.

За ўтрыманне ў спраўным стане электрычных сетак адказваюць электраманцёры рамонтна-эксплуатацыйных брыгад. Асаблівы ўклад у гэта ўносяць Валерый Зубрыцкі, Ігар Пашкевіч, Генадзій Мышко, Аляксандр Палкін, Андрэй Марціновіч, Аляксей Зубко, Андрэй Раманоўскі.

Новая паслуга

Аб планавых і аварыйных адключэннях электраэнергіі жыхары раёна могуць даведацца дзякуючы СМС-апавяшчэнням. У іх будзе інфармацыя пра дату і працягласць адключэння, што дасць магчымасць людзям  падкарэкціраваць свае планы: загадзя працепліць у доме, на гэты час адвезці дзіця да бабулі, не купляць прадукты, якія хутка псуюцца. Здараюцца і аварыйныя адключэнні электраэнергіі. У такіх выпадках тэлефон аварыйна-дыспетчарскай службы не змаўкае. І калі першае паведамленне пра адсутнасць электрычнасці садзейнічае арганізацыі аднаўленчых работ, то дзясяткі наступных толькі адцягваюць дыспетчара ад непасрэднай работы. Той, хто падключаны да паслугі СМС-апавяшчэння, на працягу 20 хвілін атрымае інфармацыю і аб аварыйным адключэнні. Вы будзеце ведаць, што дыспетчар у курсе паломкі і работа па яе ліквідацыі вядзецца.


 Падключыць СМС-апавяшчэнне можа кожны, прычым бясплатна. Для гэтага трэба звярнуцца ў Энерга­збыт: г. Паставы, вуліца Чырвонаармейская, 146 «Д», або пазваніць на нумар 4-13-63.


Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Tagged