«Я бы в армию пошёл, пусть меня научат». Кто стал победителем в этом году?

Образование

Парад спартыўных талентаў адбыўся ў мінулую суботу на базе БШ №5

А дэманстравалі іх навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна падчас штогадовага спартыўнага мерапрыемства «Я ў армію пайшоў бы, няхай мяне навучаць».

На працягу трох з паловай гадзін 9—11-класнікі гарадскіх №№1, 2, 3, 4, Лынтупскай, Варапаеўскай, Дунілавіцкай і Камайскай школ, а таксама навучэнцы каледжа спаборнічалі ў сіле, хуткасці, спрыце, даказвалі гатоўнасць да абароны Радзімы. Для гэтага камандам, кожная з якіх складалася з шасці чалавек, неабходна было прайсці сем этапаў: конкурс «Прывітанне каманд», размінку, эстафеты «Юны пагранічнік», «Юны пажарны», «Трывога», «Сілавая падрыхтоўка салдат», спаборніцтвы па стральбе «Снайпер». 

Падчас іх юнакі маршыравалі, куляліся на гімнастычным маце, кідалі ў абруч спецыяльны мяшочак, бегалі, поўзалі, адзявалі на хуткасць форму пагранічнікаў, ратаўнікоў, міліцыянераў, транспартавалі «пацярпелага», падцягваліся на перакладзіне, стралялі, выконвалі іншыя практыкаванні. І рабілі гэта настолькі відовішчна і хутка, што здавалася, быццам яны перамяшчаюцца не па падлозе, а лунаюць у паветры, нібы птушкі. Узняццю баявога настрою спрыяла і вельмі ўдала падабранае да кожнага конкурснага этапа музычнае суправаджэнне, якое забяспечыла кіраўнік вакальнай студыі «Славія» Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Аксана Нікалаева.

Было відавочна, што спартыўная зала і юнакі, як кажуць, створаны адно для аднаго. Гаворка не пра выдатнае выкананне тых ці іншых практыкаванняў і нават не пра спартыўную, падцягнутую форму ўдзельнікаў спаборніцтваў, а пра тое, што і пасля заканчэння, у прыватнасці індывідуальных спаборніцтваў, хлопцы наладзілі свайго роду майстар-клас па ўздыме пераваротам на высокай перакладзіне. Аж дух займала ад разнастайнасці практыкаванняў, якія яны дэманстравалі аднагодкам па-за конкурснай праграмай. Падыходаў да «ўзяцця» спартыўнага снарада была незлічоная колькасць, хлопцы з бляскам у вачах назіралі за поспехамі сваіх равеснікаў, фіксавалі віртуознасць выканання на камеры мабільных тэлефонаў. Шчыра яны апладзіравалі настаўніку фізічнай культуры і спорту СШ №1 Аляксандру Бандарэнку і яго дачцэ Нэлі, якія падрыхтавалі мініяцюру на спартыўную тэматыку.

Ацэньвала фізічныя і валявыя якасці ўдзельнікаў «парада» журы з ліку арганізатараў спаборніцтваў. У яго склад увайшлі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Субко, бухгалтар райкама БРСМ Алена Цімашэнка, спецыяліст раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Вольга Мацкевіч, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Віталій Кішко, майстар-ратаўнік РАНС Сяргей Мінгіновіч, начальнік рэзервовай пагранзаставы «Паставы» Яўгеній Анішчук, майстар вытворчага навучання раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Мечыслаў Масінкевіч, настаўнік фізічнай культуры і спорту БШ №5 Іван Кумішча. Судзейства забяспечваў інст­руктар-метадыст Пастаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба Леанід Малец.

Пераможцай у агульнакамандным заліку стала каманда СШ №4. Крыху саступілі ёй лынтупчане (2-е месца) і камайчане (3-е). Яны ўзнагароджаны дыпломамі райкама БРСМ. Тыя, хто не ўвайшоў у лік прызёраў, — падзякамі рэспубліканскага маладзёжнага аб’яднання. У індывідуальных спаборніцтвах найлепшы вынік па жыме гіры (16 кг) прадэманстраваў Віталій Пецюлевіч (Лынтупы), ва ўздыме сілай на высокай перакладзіне — Ілья Высідалка (СШ №1). У згінанні і разгінанні рук ва ўпоры на брусах не было роўных Аляксандру Масцяніцу (Лынтупы), у падцягванні на перакладзіне — Яўгенію Жукаву (СШ №3), уздыме пераваротам на высокай перакладзіне — Арцёму Баруну (СШ №2). Хлопцы адзначаны граматамі ДА «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна». Найлепшыя «снайперы» — навучэнец СШ №4 Уладзіслаў Рудкевіч (1-е месца), навучэнец СШ №2 Мікіта Урбель (2-е) і прадстаўнік Лынтупскай школы Усевалад Савіч (3-е) — заахвочаны граматамі раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ. Прызёры ў стральбе, камандным і індывідуальных заліках атрымалі падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. А ўсе ўдзельнікі спартыўнага мерапрыемства — салодкія падарункі ад «Белай Русі».

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged