Яшчэ ёсць над чым працаваць пастаўскаму “Атланту”

Спорт

«Атлант» пасля пераможнага матча з аршанцамі

Пасля заканчэння 1-га круга нацыянальнага першынства валейбалісты пастаўскага “Атланта” адпачывалі нядоўга: ужо праз два дні аднавілі рэгулярныя трэніроўкі. З гэтага сезона яны сталі праходзіць штодзень, за выключэннем серады і ня­дзелі. Мала хто са спецыялістаў чакаў, што наша маладая каманда атрымае 8 перамог у 12 матчах і зойме высокае другое месца. “Для нас саміх такі вынік стаў прыемнай нечаканасцю, — адзначыў старшы трэнер Павел Ва­вінскі. — Але ён не выпадковы — гэтаму паспрыяла ўпартая праца. Першынство пачалі на сваёй пляцоўцы з двух паражэнняў ад фаварыта — гомельскага “Бумпрама”. Усе ўбачылі, якія кампаненты сваёй гульні належыць узмацніць”.

Пастаўчанам дапамагло і тое, што ў іх складзе побач з моладдзю гуляюць пяцёра вопытных ігракоў на чале з кандыдатам у майстры спорту Віталем Варанцом, які выступае за “Атлант” ужо 10 сезонаў. Потым у калектыў прыйшоў цяперашні капітан і распасоўшчык Арцём Кароль. У напружаных пяцісэтавых матчах з “Узлётам”, СДЮШАР ВК “Мінск” і “Энергіяй-2” яны разам з нападаючымі Андрэем Русаком, Янам Сакалоўскім, лібера Валерыем Казекам дапамаглі камандзе вырваць вельмі важныя перамогі.

“Атлант” адчувае падтрымку кіраўніцтва раёна і спартыўнай галіны: для паездак на гуль­ні ў іншыя гарады набыты камфартабельны аўтобус. Валейбалістам купілі новую форму, спартыўныя касцюмы і красоўкі, усё неабходнае для падрыхтоўкі.

Пакуль пройдзена толь­кі частка чэмпіянату, і наперадзе яшчэ шмат выпрабаванняў. “Мы бачым нашы недапрацоўкі, — падкрэсліў Павел Вавінскі. — Хлопцам трэба набыць большую псіхалагічную ўстойлівасць, веру ў свае сілы, менш хвалявацца, асабліва калі гульні праходзяць у родных сценах. Нацэльваем каманду на тое, што ў другім крузе будзе яшчэ цяжэй, бо сапернікі настроены рашуча, а з асноўнымі канкурэнтамі ў барацьбе за медалі згуляем на выездзе”.

Цяпер спартсмены працуюць над тым, каб палепшыць прыём, наладзіць стабільныя сілавыя падачы. Пастаўчан чакаюць яшчэ 12 сустрэч другога круга, пасля чаго вызначацца чэмпіён і два прызёры. Да шасцёркі лепшых дывізіёна “Б” далучацца дзве слабейшыя каманды элітнага дывізіёна “А” вышэйшай лігі. Гэта васьмёрка клубаў правядзе свой трохраўндавы турнір, два пераможцы якога пяройдуць у групу лепшых каманд Беларусі. Пажадаем пастаўчанам не здаваць заваяваных пазіцый і надалей радаваць аматараў спорту сваёй гульнёй.

Уладзімір ШЫК
Фота Алесі Гіль



Tagged