К новой жизни. Установление Советской власти на Поставщине и включение ее в состав БССР

Главное Общество

Настаўнік А. Швед са сваімі вучнямі на будаўніцтве школы

1 студзеня 2019 года Рэспубліка Беларусь адзначыць 100-гадовы юбілей утварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Устанаўленне Савецкай улады на Пастаўшчыне і ўключэнне яе ў склад БССР было абцяжарана некаторымі гістарычнымі падзеямі. Яшчэ падчас Першай сусветнай вайны значная частка Пастаў і Пастаўскага раёна была акупіравана нямецкімі войскамі. Пасля заканчэння вайны і адыходу немцаў з тэрыторыі Беларусі ў другой палове лістапада 1918 года часці Чырвонай Арміі ўвашлі ў Паставы і была ўсталявана Савецкая ўлада.

Прадстаўнік Пастаўшчыны Ф. Р. Маркаў (у першым радзе справа) на 3-й нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР 14 лістапада 1939 года

Пасля падзей савецка-польс­кай вайны 1919—1921 гадоў Пастаўшчына зноў аказалася аку­піраванай, толькі ўжо поль­скімі войскамі. Заканчэннем гэтага канфлікту стала падпісанне Рыжскага мірнага дагавора, паводле якога заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Поль­шчы. Польскія ўлады сталі называць іх «крэсамі ўсходнімі», але замацавалася неафіцыйная назва — Заходняя Беларусь. І толькі па­дзеі верасня 1939 года спрыялі ўключэнню Пастаўшчыны ў склад БССР. Менавіта тады ўпершыню за шматвекавы перыяд свайго станаўлення і развіцця беларускі этнас здабыў тэрытарыяльную цэласнасць, што ў далейшым спрыяла ўмацаванню яго дзяржаўнасці, стварэнню магутнага эканамічнага і культурнага патэнцыялу краіны.

1 верасня гітлераўская Германія напала на Польшчу, тым самым распачаўшы Другую сусветную вайну. Вайна набліжалася і да беларускіх зямель. Палохала, што на змену польскай акупацыі прыйдзе нямецка-фашысцкая. У гэтых абставінах раніцай 17 верасня 1939 года ў адпаведнасці з дасягнутай з Германіяй дамоўленасцю аб сумеснай дэмаркацыйнай лініі Савецкі ўрад аддаў загад Чырвонай Арміі перайсці граніцу і вызваліць тэрыторыю Заходняй Беларусі. Яе працоўныя з радасцю і надзеяй сустрэлі чырвонаармейцаў. Аднак сярод польс­кага насельніцтва адчувалася варожасць у адносінах да Саветаў.


У 1940 годзе ў раёне працавалі бальніца, амбулаторыя, дзіцячая кансультацыя,
тубдыспансер, вендыспансер, санстанцыя, кінатэатр, 15 хат-чытальняў,
3 бібліятэкі, дзейнічала больш за 150 гурткоў мастацкай самадзейнасці.


З першага дня вызвалення ўстанаўлівалася новая ўлада. Ствараліся часовыя ўпраўленні і сялянскія камітэты, міліцыя. Да ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР уладу на Пастаўшчыне ўзялі на сябе органы часовага кіравання на чале з упаўнаважаным ЦК КП(б)Б М. П. Брыкавым. У абстаноўцы палітычнага ўздыму 22 кастрычніка 1939 года адбыліся выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў у заканадаўчым парадку вырашыць пытанне аб уладзе. Сход адбыўся 28—30 кастрычніка ў Беластоку. Ад Пастаўшчыны ў ім удзельнічаў жыхар вёскі Казічы М. А. Пронь­ка. Дэпутаты Народнага сходу звярнуліся ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і ўз’яднанні яе з БССР. Іх просьба была задаволена. 29 кастрычніка 1939 года была прынята Дэкларацыя Народнага сходу Заходняй Беларусі аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, а 2 лістапада 1939 года — Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР з уз’яднаннем яе з БССР.

У хуткім часе на Пастаўшчыне пачаліся пераўтварэнні ў палітычным, сацыяльным і экана­мічным жыцці. Беззямельныя і малазямельныя вяскоўцы атрымалі 13,5 тыс. га зямлі, сотні адзінак сельгасінвентару, 360 коней, 700 кароў, шмат іншай жывёлы. Адначасова былі адкрыты дзяржаўныя крамы. У раёне пачалі дзейнічаць 7 калгасаў. Першымі на шлях калектыўнага вядзення гаспадаркі сталі жыхары вёсак Васіліны, Кураполле, Лынтупы.

У студзені-сакавіку 1940 года былі створаны мясцовыя органы Савецкай улады: сельскія, раённыя, гарадскія і абласныя Саветы дэпутатаў працоўных. Першым старшынёй Пастаўскага гарсавета абраны А. І. Арцямёнак, Пастаўскі сельсавет узначаліла М. А. Замастоцкая. Прадстаўляць інтарэсы насельніцтва ў Вярхоўным Савеце БССР быў аказаны давер загадчыку аддзела сацыяльнага забеспячэння райвыканкама А. М. Пабядзінскаму. У канцы 1939-га — пачатку 1940 года было створана 11 партыйных арганізацый і 1 партыйна-кандыдацкая група. Райкам партыі ўзначаліў М. П. Брыкаў, пазней — А. А. Манахаў. На тэрыторыі раёна існавалі 32 пярвічныя камсамольскія арганізацыі. Яны аб’ядноўвалі больш за 300 чалавек.

На 1 студзеня 1940 года ў выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў раёне існавала 20 сельсаветаў. 15 студзеня ў складзе Вілейскай вобласці былі ўтвораны Пастаўскі і Дунілавіцкі раёны. У 600 населеных пунктах Пастаўскага раёна пражывала каля 53 тыс. чалавек. Паставы мелі статус горада, Лынтупы, Камаі і Груздава — статус мястэчка.

Даваенныя вуліцы ў Паставах

Пачатак сацыялістычным пераўтварэнням у эканоміцы паклала нацыяналізацыя прамысловасці і банкаў, якая адбывалася ў асноўным у лістападзе-снежні 1939 года. Асноўная прамысловасць была размешчана галоўным чынам у Паставах і Лынтупах. Горад асвятляўся пры дапамозе газагенератараў. Электрыфікаваны былі таксама элеватар, радыёвузел, друкарня, гарбарны завод. За кароткі час была пабудавана і здадзена ў эксплуатацыю аўтарамонтная майстэрня. Пачаў дзейнічаць мэблевы цэх, быў створаны цэх па рамонце веласіпедаў, прымусаў, швейных машынак, патэфонаў і іншых прадметаў хатняга ўжытку. Дзейнічалі 4 цагельныя заводы, 3 паравыя і 1 вадзяны млын, 2 электрастанцыі і лесапільны завод. У Паставах існавала 7 арцеляў: сталярная, харчовая, швейная, смалакурная, шавецкая, цагельная, фотаарцель.

Адным з асноўных кірункаў дзейнасці партыйных і савецкіх органаў стаў клопат аб масавай адукацыі насельніцтва. У Паставах працавалі 1 сярэдняя, 3 няпоўныя сярэднія школы, у сельскай мясцовасці — 9 няпоўных сярэдніх і 71 пачатковая. Паступова пашыралася сетка культурна-асветных устаноў. У 1940 го­дзе ў раёне працавалі кінатэатр, 15 хат-чытальняў, 3 бібліятэкі, у тым ліку раённая, дзейнічала больш за 150 гурткоў мастацкай самадзейнасці. Прапагандыстам, агітатарам і арганізатарам мас стала газета «Новы шлях». Яна пачала выходзіць з верасня 1939 года перыядычнасцю 9 нумароў у месяц і накладам 2000 асобнікаў. Да 5 мая 1940 года былі выдадзены 82 нумары газеты агульным тыражом 160 тысяч асобнікаў.

Значныя змены адбыліся ў галіне аховы здароўя. У Паставах у 1940 годзе працавалі бальніца, амбулаторыя, дзіцячая кансультацыя, тубдыспансер, вендыспансер, санстанцыя. Змянілася аблічча краю. Праўда, часта насельніцтва, якое доўгі час знаходзілася пад Польшчай, не ўспрымала новую ўладу. Былі выпадкі, калі распаўсюджваліся антысавецкія лістоўкі, з адміністрацыйных будынкаў здымаліся чырвоныя флагі. Але гэтыя дзеянні ў асноўным не знаходзілі падтрымкі ў людзей.

У фондах Пастаўскага раённага краязнаўчага музея ёсць шэраг дакументаў, якія датычаць устанаўлення Савецкай улады на Пастаўшчыне: тэксты законаў, дэкларацыі, пратаколы сходу сялян, успаміны жыхароў, выразкі з газет, фотаздымкі, што адлюстроўваюць тыя падзеі. Абапіраючыся на эканамічны і навукова-тэхнічны патэнцыял краіны, Пастаўскі раён, як і іншыя раёны Заходняй Беларусі, пасля ўз’яднання і прыняцця Савецкай улады зрабіў значны крок у сваім сацыяльна-эканамічным развіцці. Сёння гэта развіты ва ўсіх адносінах рэгіён.

Кацярына КУРАКОВА, навуковы супрацоўнік Пастаўскага раённага краязнаўчага музея



Tagged