Комфорт для всех. Государственная программа «Комфортное жилье и благоприятная среда на 2016-2020 годы»

Важное Местная власть

Для ўтульнасці і камфорту

У красавіку 2016 года Урад Беларусі зацвердзіў Дзяржаўную праграму «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2016—2020 гады». Яе мэта — забеспячэнне камфортных умоў пражывання ў першую чаргу за кошт павышэння эфектыўнасці і надзейнасці функцыянавання аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі з адначасовым зніжэннем затрат на аказанне паслуг ЖКГ.

— У кожнага сваё паняцце камфортнага і ўтульнага жылля, — гаварыў намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалай Доўмант. — Але абавязковыя яго ўмовы — халодная і гарачая вада, газавае ацяпленне, іншыя выгоды. Камунальныя пытанні закранаюць інтарэсы кожнага чалавека, уз­дзейнічаюць на сацыяльную стабільнасць, фарміраванне ацэнкі работы ўсёй сістэмы. Дзяржпраграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» ўключае некалькі раздзелаў: якасць і даступнасць паслуг, мадэрнізацыя і павышэнне эфектыўнасці цеплазабеспячэння, рамонт жыллёвага фонду, забеспячэнне спажыўцоў чыстай пітной вадой і іншыя. Галоўным яе выканаўцам на Пастаўшчыне з’яўляецца ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальная гаспадарка Пастаўскага раёна.

Перавага – ПІ-трубам і мясцовым відам паліва

Для надзейнага цеплазабеспячэння сёлета заменены 3 кіламетры старых цеплавых сетак на папярэдне ізаляваныя трубы. Дзякуючы гэтаму, змяншаецца расход па транспарціроўцы цеплавой энергіі. За 9 месяцаў бягучага года ён знізіўся на 1,3 працэнтнага пункта. На пачатак года доля ПІ-труб у агульнай працягласці складала 94,6%, цяпер — 98. Работы будуць прадоўжаны.

Апошнім часам стаўка робіцца на мясцовыя віды паліва. Калі ў 2012 годзе іх выкарыстанне складала 50,5%, то за 9 месяцаў бягучага года — 63,0, што амаль на 6% больш, чым за такі перыяд летась. У мінулым годзе праведзена рэканструкцыя кацельні «Паставы-1». Устаноўлены дадатковы кацёл, які працуе на мясцовых відах паліва. Ён дазволіў знізіць спажыванне прыроднага газу за 9 месяцаў 2018 года на 19%.

Рамантаваць капітальна

Да канца года ў раёне будуць уведзены ў эксплуатацыю 7,8 тысячы квадратных метраў жылля. Сярод праблемных камунальных пытанняў — капітальны рамонт жыллёвага фонду. На гэтыя мэты за 9 месяцаў накіравана 725,1 тысячы рублёў сродкаў ад унесенай платы за капітальны рамонт уласнікамі, наймальнікамі жылых памяшканняў і членамі арганізацыі забудоўшчыкаў і 433,3 тысячы з мясцовага бюджэту. Да канца года павінен быць завершаны капітальны рамонт 9 дамоў, на 11 — распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя для ажыццяўлення капітальнага рамонту ў 2019 і наступных гадах. Па стане на 1 кастрычніка 2018 года за сродкі ўласнікаў (наймальнікаў) выкананы бягучы рамонт 7 ­пад’ездаў. Да канца года абновяцца яшчэ 4.

Чыстая вада

Вялікую ўвагу раённая ўлада надае пытанню якасці вады. Не першы год востра яно стаіць для жыхароў Варапаева. Нарэшце вырашэнне праблемы зрушылася з мёртвай кропкі — вядзецца праектаванне станцыі абезжалезвання. Распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі аб’екта «Будаўніцтва станцыі і водаправода з закальцаваннем у г. п. Варапаева» займаецца УП «Інстытут Маладзечнапраект». А ў Юньках будаўніцтва станцыі абезжалезвання ўжо пачата. Увогуле такія станцыі неабходныя ў Камаях, Навасёлках, Парыжы, Казлоўшчыне, Кураполлі, Андронах, Шырках, Лучаі, Хацілах, Гуце.

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged