Минчане оценили книгу Аркадия Нафрановича и Владислава Лапушинского “Пером признательности и долга”

2018 год — Год малой радзімы Общество

Такія шчырыя водгукі

Пра прэзентацыю кнігі Аркадзя Нафрановіча і Уладзіслава Лапушынскага “Пяром удзячнасці і абавязку” раённая газета расказвала даволі падрабязна. Друкаваліся раней і водгукі на яе. А днямі рэдакцыя атрымала два пісьмы з Мінска, якія і прапануем вашай увазе.

Аўтар першага — Андрэй Зуйкоў — ураджэнец Варапаева. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Яго бацька, Яўгеній Васільевіч, шмат гадоў быў дырэктарам саўгаса “Старадворскі”, старшынёй Варапаеўскага гарпасялковага Савета. Маці, Лідзія Іванаўна — дачка знакамітага садавода Івана Паўлавіча Сікоры, працавала ў саўгасе “Варапаева”. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак яны працягвалі займацца любімай справай: вырошчвалі саджанцы пладовых дрэў, размнажалі кветкі. У гарпасёлку і акрузе і па сённяшні дзень растуць і даюць плады дрэвы, прывітыя іх рукамі.

Вальтэр Зіфрыдавіч Несцяровіч — ураджэнец вёскі Валожына. Вырас, атрымаў адукацыю на роднай зямлі. Цяпер працуе ўрачом-хірургам у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Маці і дзіця”.

Перажытае – не забытае

Калі атрымаў запрашэнне на прэзентацыю кнігі Аркадзя Нафрановіча і Уладзіслава Лапушынскага “Пяром удзячнасці і абавязку”, многага ад такой падзеі не чакаў. Ды і з аўтарамі знаёмы не быў. Як жа прыемна быў здзіўлены! Прэзентацыя прайшла на вельмі высокім узроўні. Прысутнічалі героі кнігі, іх родныя, блізкія, калегі. Для кожнага Уладзіслаў Уладзіміравіч знайшоў многа цёплых слоў.

Гэта кніга не для масавага чытача, але мае вельмі вялікае значэнне. Яе будуць вывучаць спецыялісты-краязнаўцы, людзі, якія любяць свой край, даследчыкі гісторыі краіны, якой ужо няма. На мой погляд, некаторыя раздзелы варта было б уключыць у школьную праграму навучальных устаноў Пастаўшчыны. Выданне — быццам дакументальны фільм пра простых людзей, якія ў надзвычай цяжкіх умовах перамаглі ў жорсткай вайне, адбудавалі краіну з руін. Яны верылі ў светлую будучыню, былі апантаныя імкненнем да ўсяго перадавога, да ведаў. У гаспадарках расла ўраджайнасць, павялічваліся прывагі і надоі, будавалася шмат жылля.

З вялікай павагай распавядаецца ў кнізе пра настаўнікаў, чыя прафесія была адной з самых ганаровых, а таксама пра нялёгкую працу і быт вяскоўцаў, з любоўю апісваецца прырода роднага краю.

Аўтары двухтомніка сабралі і перапрацавалі каласальны матэрыял, уклалі ў работу над ім сваю душу. Спадзяюся, што кніга будзе запатрабаваная. Ад сваёй сям’і хачу падзякаваць Уладзіславу Уладзіміравічу за яго працу, памяць і добрае слова пра маіх бацькоў.

Андрэй ЗУЙКОЎ, г. Мінск

Наталіўся ўспамінамі

Кніга Аркадзя Нафрановіча і Уладзіслава Лапушынскага “Пяром удзячнасці і абавязку” стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Я вярнуўся ў гады свайго юнацтва, сталасці. З цеплынёй успамінаю той час. Удзячны лёсу, што меў дачыненне да служэння маёй малой радзіме. Старэйшае пакаленне паказвала нам прыклад сваімі добрасумленнымі адносінамі да справы, не давала права адступацца ад высокамаральных норм і правілаў, вучыла быць годнымі прадаўжальнікамі традыцый нашчадкаў, верных працаўнікоў зямлі.

Такімі былі і нашы бацькі — Зіфрыд Якаўлевіч і Марыя Мацвееўна Несцяровіч з вёскі Валожына. Яны ўсё жыццё адпрацавалі ў тагачасным калгасе “Ленінскі шлях”, рупіліся па гаспадарцы, вучылі паважаць сялянскую працу. І для нас застаюцца ўзорам добразычлівасці, працавітасці, сумленнасці. Такім аднавяскоўцы памятаюць і Уладзіслава Лапушынскага. У школьныя гады мы, малодшыя, імкнуліся быць такімі ж стараннымі і адказнымі, як ён. За час свайго старшынёўства Уладзіслаў Уладзіміравіч сфарміраваў баявы і працаздольны калектыў, натхніў на пакарэнне новых рубяжоў. Пачалося ўзвядзенне гаспадарчых пабудоў, школы, Дома культуры. Палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база гаспадаркі, у якую ахвотна ехалі маладыя спецыялісты, каб рэалізаваць свае амбіцыйныя планы.

Уладзіслаў Уладзіміравіч распавёў у кнізе пра сваю багатую біяграфію. Перад чытачом паўстае яркае жыццё гэтага цудоўнага чалавека, клапатлівага сем’яніна, вернага сябра. У гэтага чалавека сваё бачанне вытворчай дзейнасці, якой ён аддаваў усе свае здольнасці, веды, сілы. Радуе, што на старонках выдання жыве памяць пра шчырых працаўнікоў сваёй малой радзімы, захоўваецца храналагічная карціна той эпохі з багатым архівам фотадакументаў.

Вальтэр НЕСЦЯРОВІЧ, г. Мінск



Tagged