Молодой механизатор ОАО «Хотилы-агро» Александр Буча занял первое место в районе на вспашке зяби

Главное Сельское хозяйство

Першае месца ў раёне

На ворыве зябліва заняў малады механізатар ААТ «Хацілы-агра» Аляксандр Буча

Чатырнаццатага лістапада Саша пайшоў у водпуск, але праз некалькі дзён яго адклікалі на работу — гаспадарцы дабавілі зямлі, а надвор’е дазволіла прадоўжыць ворыва.

 Магутны МТЗ-3522 з ППА-9-45 сельгаспрадпрыемства набыло гэтым летам і даверыла яго Аляксандру, што стала для маладога механізатара вялікай радасцю. Жніво было завершана, камбайн, на якім ён убіраў збажыну, пастаўлены на захоўванне, і хлопец з 25 жніўня прыступіў да работы на новай тэхніцы. Пры зменнай норме 9 гектараў штодня ўзорваў да 25-ці, а агульны вынік — 1179 гектараў, як пад сяўбу азімых, так і на зябліва.

Як пераможцу раённага спаборніцтва механізатара запрасілі ў Паставы на ўрачыстасць, прысвечаную Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Падымаўся на сцэну, з рук першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзія Лютынскага атрымаў грашовую прэмію. Канешне, гэта былі прыемныя хвіліны для Аляксандра. Але шчыраваў ён у полі, зусім не думаючы пра ўзнагароды. А таму, што, нягледзячы на маладыя гады, вялікі працаўнік па сваёй сутнасці. Расказваў, што з самага дзяцінства ні пра што іншае, як пра тэхніку, не марыў. Спачатку пра­сіўся пракаціцца побач з вадзіцелем ці трактарыстам, потым — пакруціць гайкі. Калі падрос, стаў памочнікам камбайнера. Ну а летась і сёлета ўжо сам браў у памочнікі малодшага брата Юру, які вучыцца ў Пастаўскім каледжы на механізатара. Дарэчы, і старэйшы брат Косця таксама працуе ў ААТ «Хацілы-агра», але не на тэхніцы, а кіруе брыгадай будаўнікоў.

Аляксандр каледж закончыў у 2016-м. Не толькі авалодаў спецыяльнасцямі трактарыста-машыніста катэгорый «А», «В», «С» і слесара па рамонце аўтамабіляў і сельгасмашын, але і дыплом тэхніка-механіка атрымаў. «Дык чаму працуеш не механікам?» — спытала. «А мне больш падабаецца на тэхніцы, асабліва на такой сучаснай», — пачула ў адказ.

У гэтыя дні Аляксандр дагульвае водпуск. Таму і на здымку ён не ля трактара, а за рулём аўтамашыны.

Фаіна Касаткіна
Фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged