На базе БШ №5 официально открыли футбольную академию Fair Play

Важное Спорт

Алеся Верхатурава і Віталій Крупіца

Футбол жыве тут

Такімі словамі заснавальнік футбольнай акадэміі Fair Play Аляксандр Кушнер сустракаў бацькоў з дзецьмі, якія 29 лістапада прыйшлі ў БШ №5 на афіцыйнае адкрыццё філіяла акадэміі. Паказваў, куды праходзіць, і дадаваў: «Абавязкова вазьміце часопіс», маючы на ўвазе асобнікі глянцавага выдання «Вялікі футбол», якія ляжалі на крэслах, узвышаліся стосам на стале і пахлі друкарскай фарбай. Паступова актавая зала цалкам запоўнілася.

Адкрыццё філіяла Fair Play у Паставах — адзін з крокаў па ажыццяўленні праекта «Мой футбольны клуб», накіраванага на развіццё масавага і дзіцячага футбола. Ён курыруецца Асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футбола», якая сёлета здзейсніла ў гэтым кірунку каласальны прарыў: праект «Тата, мама, я — футбольная сям’я» АБФФ у катэгорыі «ўдзел» узяў галоўную ўзнагароду года ў цырымоніі UEFA GROW 2018, апярэдзіўшы 26 яе суіскальнікаў. Гэта фантастычная перамога — у многім заслуга начальніка аддзела масавага футбола АБФФ Віталія Крупіцы, які таксама прысутнічаў на адкрыцці філіяла футбольнай акадэміі ў Паставах. Ён расказаў пра ўзнагароду, падзяліўся сваімі разважаннямі пра сучасны стан гэтай гульні, падзякаваў мясцовай уладзе за падтрымку ініцыятывы па адкрыцці філіяла Fair Play у нашым райцэнтры, а таксама ўсім тым, хто мае дачыненне да рэалізацыі праекта. 

— Я сам нарадзіўся ў падобным да вашага невялікім горадзе, таму заўсёды з задавальненнем прымаю ўдзел у такіх мерапрыемствах. І, шчыра кажучы, на цырымоніі UEFA, якая адбылася месяц таму ў Рызе, хваляваўся менш, чым зараз, — гаварыў Віталій Крупіца. — У апошні час федэрацыя футбола змяніла сваё стаўленне да масавага дзіцяча-юнацкага футбола. Зараз у гэтым кірунку рэалізуецца шмат праграм, 90 % з іх накіравана на развіццё гульні №1 у рэгіёнах, у тым ліку на падтрымку прыватных клубаў. Бо ўсе мы разумеем, што дзяржаўныя ўстановы перш за ўсё нацэленыя на вынік, на дасягненні ў вялікім спорце, у тым ліку на міжнароднай арэне. Таму (у адрозненне ад прыватных футбольных клубаў) не ўсе дзеці могуць у іх займацца. Што да якасці заняткаў у акадэміі Fair Play, то мы яе гарантуем.

Віталій Крупіца ўручыў Алесі Верхатуравай, акая разам з сынам Елісеем першай прыйшла на цырымонію адкрыцця, вымпел АБФФ, а акадэміі — спартыўны інвентар.

Аляксандр Кушнер прадставіў трэнераў, якія будуць дапамагаць пастаўскім дзеткам спасцігаць азы футбола. Гэта былыя выхаванцы футбольнай акадэміі «ПМЦ-Паставы» Арцём Цітовіч і Сяргей Міснік. Падрабязна спыніўся на трэніровачным працэсе, раскладзе заняткаў (у зімовы перыяд яны будуць праходзіць тры разы ў тыдзень у спартыўнай зале СШ №5, у летні — на спартыўнай базе «ПМЦ-Паставы»), іх кошце і іншых арганізацыйных момантах. Таксама адзначыў, што акадэмія разглядае футбол у першую чаргу як сацыялізацыю дзяцей праз гульню, праз кантакт у калектыве. Гэта прадугледжвае нямецкая методыка, па якой і будуць займацца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі 2005—2014 гадоў нараджэння. Засцярог бацькоў ад завышанага патрабавання да дзяцей, асабліва ў першыя месяцы трэні­ровак, запэўніў, што вынік абавязкова будзе, але для гэтага патрэбны пэўны час, для кожнага — свой.

Заняткі ў футбольнай акадэміі распачаліся ў панядзелак.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged