На Поставщине стартовала республиканская благотворительная акция «Наши дети»

Образование Общество

З увагай да дзяцей

У панядзелак на Пастаўшчыне стартавала штогадовая рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», якая прадоўжыцца да 11 студзеня наступнага года.

Як заўсёды, у яе рамках запланавана нямала мерапрыемстваў. Так, 27 снежня ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі адбудуцца дабрачынныя ёлкі для хлопчыкаў і дзяўчынак са шмат­дзетных, малазабяспечаных сем’яў, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Павіншаваць іх з Новым годам і ўручыць падарункі прыдуць прадстаўнікі мясцовай улады. Чацвёра вучняў раёна адправяцца на навагодняе свята ў Палац Рэспублікі ў Мінску з удзелам Прэзідэнта краіны, а 30 школьнікаў — на губернатарскую ёлку ў Віцебск. Сярод іх пераможцы прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, лідары дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, дзеці-сіроты і інш. Навагоднія мерапрыемствы пройдуць таксама ва ўсіх установах адукацыі Пастаўшчыны, у тым ліку ў цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і сацыяльна-педагагічным, дзе звычайна бывае асабліва шмат гасцей.

Актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі прымуць грамадскія аб’яднанні і іншыя арганізацыі, установы і прадпрыемствы раёна. Напрыклад, акты­вісты РГА «Белая Русь» па традыцыі ў апошнія дні адыходзячага года наведаюць з падарункамі ўсе аддзяленні Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, каб павіншаваць дзетак, якія правядуць адно з самых любімых свят у бальнічных сценах. Акрамя таго, ужо не першы год кіраўніцтва рэспубліканскага грамадскага аб’яднання і Віцебскай абласной арганізацыі «Белай Русі» ладзяць свае навагоднія прадстаўленні, на якія запрашаюць дзяцей членаў арганізацыі. Сёлета на яго паедуць 9 юных пастаўчан.

Алена ШАПАВАЛАВА



Tagged