На продукции Поставского молочного завода появилась социальная реклама по правилам безопасности

Важное Правовое поле

Малочка нагадала пра правілы бяспекі

У аўторак многія, хто прыходзіў у фірменныя магазіны Пастаўскага малочнага завода, звярталі ўвагу на прадукцыю ў пластыкавай і пюр-пак-упакоўцы з аранжавымі наклейкамі з тэкстам «Соблюдать правила безопасности — это легко!» і значком Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. На прылаўках яна з’явілася ўжо ў другі раз. Упершыню паступіла ў малочныя магазіны горада 14 лістапада.

— Ідэя размясціць на прадукцыі нашага прадпрыемства сваю сацыяльную рэкламу належыць раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях, — расказвала спецыяліст па маркетынгу малаказавода Наталля Гушча. — РАНС прапанаваў эскіз рэкламы, а мы адобрылі яго, надрукавалі тысячу этыкетак, якія ўручную наклеілі ў першую чаргу на малако, кефір, смятану лінейкі «Легко», а таксама на ін­шую прадукцыю завода ў пюр-паку.

Непасрэдны ўдзел у акцыі прынялі і самі ратаўнікі. У магазіне «Малочны рай» па вуліцы Юбілейнай яны ўручалі кожнаму, хто набываў тавар з наклейкамі, спецыяльныя брашуры, дзіцячую тэматычную літаратуру і размалёўкі.

— Фарміраванне культуры бяспекі ў насельніцтва раёна — важны аспект нашай работы, — гаварыў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Кісель, які знаходзіўся ў магазіне. — Мы рэгулярна выступаем у працоўных калектывах, перад школьнікамі і выхаванцамі дзіцячых садоў. Яшчэ адным крокам у гэтым напрамку з’яўляецца размяшчэнне нашай сацыяльнай рэкламы на таварах народнага спажывання. Спадзяюся, што інфармацыя на малочных прадуктах, якія купляюць усе, лішні раз нагадае грама­дзянам пра неабходнасць выконваць элементарныя правілы бяспекі.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged