Новый уровень ответственности. Поставы посетил министр информации Республики Беларусь Александр Карлюкевич

Главное

Аляксандр Карлюкевіч, Юрый Кісялёў і Сяргей Герасіменка падчас сустрэчы ў каледжы

Новы закон павінен павялічыць узровень адказнасці

У сераду Паставы наведаў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч.

Візіт высокай службовай асобы ў наш райцэнтр быў запланаваны ў рамках адзінага дня інфармавання. Пасля невялікай гутаркі з кіраўніком раёна Сяргеем Чэпікам Аляксандр Мікалаевіч у суправаджэнні намесніка старшыні райвыканкама Юрыя Кісялёва накіраваўся ў Пастаўскі дзяржаўны каледж на сустрэчу з яго навучэнцамі і выкладчыкамі.

Нагадаем, з 1 снежня ў Беларусі ўступілі ў сілу змены ў закон аб СМІ. Сярод галоўных навацый — магчымасць рэгістраваць інтэрнэт-рэсурсы ў якасці СМІ, а таксама абавязковая ідэнтыфікацыя асоб, якія размяшчаюць матэрыялы ці каментарыі на форумах і інтэрнэт-рэсурсах (не толькі ў сеткавых выданнях). Менавіта апошні пункт выклікаў у грамадстве найбольшую колькасць абмеркаванняў і, па большай частцы, незадаволеных водгукаў. Таму не дзіўна, што кіраўнік Мінінфарма падрабязна спыніўся на гэтай тэме. Па яго словах, усе заканадаўчыя новаўвядзенні прадыктаваныя самім часам.

— Сёння любы карыстальнік інтэрнэта мае практычна неабмежаваныя магчымасці для самавыяўлення ў віртуальнай прасторы. Аднак за гэтым часта стаіць нізкі ўзровень адказнасці, — заўважыў Аляксандр Карлюкевіч. — Нормы абноўленага закона якраз і накіраваны на тое, каб у свядомасці грама­дзян ураўнаважыць паняцці «магчымасць» і «адказнасць».

Пасля заканчэння выступлення кіраўнік галоўнага інфармацыйнага ведамства краіны адказаў на пытанні аўдыторыі. Іх было няшмат, і ў асноўным яны закраналі перспектыўныя напрамкі развіцця медыя­сферы ў Беларусі. Пасля гэтага міністр наведаў рэдакцыі раённай газеты і тэлебачання, каб бліжэй пазнаёміцца з работай рэгіянальных журналістаў. Уважліва выслухаў праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца работнікам пяра, выказаў слушныя прапановы па ўдасканаленні інфармацыйнай прасторы рэгіёна.

Падчас візіту ў Паставы Аляксандр Карлюкевіч таксама не абмінуў увагай Белсаюздрук. Гэта гандлёвае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства з нядаўняга часу аб’ядноўвае ў адно цэлае ўсе павільёны і кіёскі горада Мінска і ўсіх абласцей, акрамя Магілёўскай, і з’яўляецца найбуйнейшай сеткай краіны па рэалізацыі друкаванай прадукцыі.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ



Tagged