«Полесье — проблемная зона. Из-за халатности родителей страдают дети». Рейд по неблагополучным семьям

Важное Общество

Павел Лысёнак расказвае дзецям пра правілы пажарнай бяспекі

З-за нядбайнасці бацькоў церпяць малыя

У адзін з апошніх дзён лістапада разам з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марынай Нагановіч, інспектарамі аддзела па надзвычайных сітуацыях Паўлам Лысёнкам і Энерганагляду Алегам Тэразам адправілася ў Палессе, каб наведаць сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці.

— Палессе — праблемная зона, — гаварыла Марына Паўлаўна. — Там адбылося некалькі пажараў са смяротным зыходам. Нядаўні — летам, калі ў агні загінула дзяўчынка. Прычынай усіх няшчасцяў паслужыла п’янства. Таму сем’і, у якіх хоць крыху сумняваюся, наведваю часта. Учора ў ААТ «Янавіца-агра» выплацілі зарплату. Паглядзім, на што яе трацяць.

Робім першы прыпынак. На дзвярах двух дамоў, у якія павінны зайсці, — замкі. Значыць, дзеці ў школе, бацькі — на рабоце. У трэцім ля веснічак гогатам сустракае статак гусей, тут жа завіхаецца гаспадар. Навокал — беспарадак. Мужчына расказвае, што нідзе не працуюць ні ён, ні жонка, жывуць з уласнай гаспадаркі. Дом застаўся ад бацькоў, у ім плануюць рабіць рамонт. Толькі што змуравалі новую печ.

Заходзім у пакой. На ложку ляжыць хлопчык гадоў дзесяці. На пытанне, чаму не ў школе, тлумачыць, што хварэе. Інспектары правяраюць дымаход, электраправодку, наяўнасць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Парушэнняў выявілі нямала, далі тэрмін, каб іх ухіліць. А я тым часам не магла апрытомнець ад хаосу ў кожным куточку хаты. Брудны посуд у ракавіне, на сталах… Колькі дзён стаіць нямыты, меркаваць цяжка. На падлозе — слоікі з варэннем, кампотам, агуркамі. На ложках, крэслах — «горы» адзення. Не ўяўляю, як можна так запусціць жыллё. І гэта пры тым, што гаспадыня нідзе не працуе. Як увогуле можна жыць у такіх умовах і тым больш выхоўваць дзіця?

— Алкаголем гаспадары не злоўжываюць, але парадку няма, — уводзіць у курс справы Марына Нагановіч. — Трымаюць гаспадарку. Паўшчуваю — крыху прыбяруць. Але ненадоўга.

Па наступным адрасе нам доўга не адчынялі. А калі пераступілі парог кватэры, думала, перахопіць дыханне ад перагару, які там стаяў. Два хлопчыкі ў куртках і абутку, затаіўшыся за дзвярыма пакоя, з цікавасцю паглядалі на чужых людзей. Дзве жанчыны з «памятымі» тварамі і мужчына з абадраным носам не адмаўляюць, што вечарам з зарплаты крыху выпілі. Гэта «крыху» на алкатэстары паказала амаль 2 праміле ў кожнага. Гаспадыня кватэры паспешна прыбірае пасцельную бялізну з падлогі, яе сужыцель спрабуе іграць ролю гаспадара. Іх госця апраўдваецца перад Марынай Паўлаўнай, расказваючы, што яе з дома выгнаў муж і таму з сынам папрасілася тут пераначаваць. Дзеці ў школу не пайшлі, бо ўсе праспалі. ­Адзінаццатая гадзіна дня. У кватэры холадна. На стале ў талерцы вэнджаная кураціна. 

— Колькі зарплаты атрымала? — строга пытае Марына Паўлаўна. — 100 рублёў? На колькі ж табе іх хопіць, калі ў першы дзень так шыкуеш? Чым потым будзеш карміць сына? Апошняе папярэджанне абедзвюм — інакш дзяцей забяром у прытулак.

Гора-мамы сталі плакаць і абяцаць выправіцца. Аса­біста я іх «алкагольным» слязам не верыла.

У той дзень камісія наведала больш за 10 сем’яў. Інспектары акцэнтавалі ўвагу на стане пячнога ацяплення, электраправодкі, раздавалі дзецям тэматычную літаратуру і размалёўкі. «Да бяды — адзін крок, калі пліта са шчылінамі, праз якія можа выбіцца агонь, — пераконваў нядбайных гаспадароў Павел Лысёнак. — Не так складана іх замазаць і тым самым засцерагчы сям’ю ад небяспекі». Тое самае і з электраправодкай. У некаторых дамах яе варта памяняць, у многіх — элементарна ізаляваць правады, паставіць новы ўключальнік, замацаваць разетку, купіць новыя батарэйкі ў пажарны апавяшчальнік. На гэта не патрэбны вялікія фінансавыя сродкі і шмат часу. Усе гаспадары сцвяр­джалі, што разумеюць праблему, і абяцалі выправіцца. Праз пару тыдняў Марына Нагановіч зноў сюды наведаецца, каб праверыць бяспеку і праўдзівасць іх слоў.

Самымі распаўсюджанымі прычынамі, па якіх дзеці трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча, з’яўляюцца неналежнае выкананне бацькамі абавязкаў па іх выхаванні і ўтрыманні, злоўжыванне алкаголем, сямейныя канфлікты. Выйсці з крызісу такім сем’ям дапамагаюць работнікі адукацыі, аховы здароўя, райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сельвыканкамаў. Але іх намаганні не будуць выніковымі, калі самі бацькі не зробяць адпаведных вывадаў і не зменяць свайго ладу жыцця.

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged