Последнее напоминание про Первую мировую. Студенты-практиканты решили благоустраивать старое военное кладбище в Лынтупах

Важное Общество

У лістападзе ва ўсім свеце ўспаміналі падзеі Першай сусветнай вайны — прайшло роўна стагоддзе з дня яе заканчэння.

Напамін пра тыя жудасныя падзеі ёсць і ў Лынтупах. Тут захаваліся рэшткі могілак, дзе больш за сто гадоў назад пахаваны дзясяткі ахвяр Вялікай вайны. Аднак што пра гэта гістарычнае месца ведалі раней мясцовыя жыхары? Хроніку па­дзей тых часоў маглі аднавіць хіба што краязнаўцы. Сёлета сітуацыя змянілася карэнным чынам. Цяпер кожны можа даведацца інфармацыю пра пахаванне на ўстаноўленым побач з ім стэндзе.

З’явілася сёлета ля могілак і вялікая драўляная брама. Такія пазітыўныя змены адбыліся дзякуючы таму, што ўжо другі год запар на базе ўстановы культуры “Лынтупскі культурны цэнтр “Культыватар” праходзіла выязная студэнцкая практыка. Папоў­ніць свае тэарэтычныя веды і прымяніць іх на практыцы прыязджалі 19 студэнтаў першага і другога курсаў архі­тэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Кіравалі двухтыднёвым “летнікам” выкладчык БНТУ, архітэктар-рэстаўратар Раман Забела і архітэктар Дар’я Мандзік.

— Летась мы ў асноўным займаліся навукай і даследаваннямі — абмяралі лынтупскі касцёл. Сёлета вырашылі зрабіць нешта карыснае “тут і зараз”, — распавёў Раман Забела. — Старыя вайсковыя могілкі сталі аб’ектам для добраўпарадкавання невыпадкова. З аднаго боку, сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня заканчэння Першай сусветнай вайны, а гісторыя Лынтуп шчыльна звязаная з гэтай гістарычнай падзеяй. З іншага — хацелі закрануць тэму памяці і інтэгравання старых пахаванняў у сучаснае жыццё, і гэта задача вельмі актуальная і складаная. Важна, што ідэю добраўпарадкавання могілак падтрымалі мясцовыя жыхары і ўлада, некаторыя фірмы. Самі мы не паспелі б зрабіць запланаванае.

Напярэдадні маштабнага “суботніка” могілкі знаходзіліся ў закінутым стане: надмагіллі ўраслі ў зямлю, было шмат смецця (ад суседніх дзеючых могілак). Студэнты расчысцілі некалькі дзясяткаў надмагільных пліт ад зямлі і моху, прыбралі тэрыторыю.

Якая ж гісторыя ў гэтага лынтупскага пахавання? Адказ на пытанне чытаю на інфармацыйным стэндзе побач. З яе вынікае наступнае. У верасні 1915 года лінія фронту ўсталявалася за 30 км на ўсход ад Лынтуп (каля Кабыльніка — сучаснага пасёлка Нарач). Пасёлак апынуўся за лініяй фронту — у нямецкім тыле. З месца баявых дзеянняў раненых і палонных дастаўлялі ў палявы лазарэт ці лагер для ваеннапалонных, які размяшчаўся на тэрыторыі бровара.

Загінулых з абодвух бакоў — розных па нацыянальнасці і веравызнанні — хавалі на новаствораных могілках: ля агароджы старых каталіцкіх. Каля кожнай ма­гілы быў усталяваны драўляны крыж і пасаджана дрэва. На тэрыторыі пахаванняў немцы ўстанавілі і два вялікія крыжы — каталіцкі і праваслаўны.

У 1930-я гады драўляныя крыжы замянілі на бетонныя надмагільныя пліты з надпісамі на польскай мове. Тады дзейнічалі міжнародныя правілы: інфармацыя пераводзілася на мову той краіны, на тэрыторыі якой знаходзіліся пахаванні.

Падчас Другой сусветнай вайны над адной з магіл сын  пахаванага тут нямецкага жаўнера ўстанавіў гранітнае надмагілле з надпісам на нямецкай мове.

Разам з гістарычнай даведкай на стэндзе змешчана інфармацыя пра тых, хто дапамог набыць могілкам новы выгляд. А гэта “Культыватар”, Лынтупскі сельскі Савет, навукова-праектны цэнтр “Рэстабіліс” і МГА “Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў”. Матэрыялы для будаўніцтва брамы, агароджы і стэнда прадастаўлены базай піламатэрыялаў ТАА “Элівуд”. У зборцы і мантажы дапамог жыхар Лынтуп Раман Цяпша.

На стэндзе таксама прывабліваюць увагу ксеракопіі цікавых гістарычных здымкаў. Іх аўтар — знакаміты прускі фатограф Фрыц Краўскапф з Кёнігсберга, які падчас Першай сусветнай вайны зрабіў у Лынтупах вялікую колькасць фотаздымкаў. Дарэчы, каля сотні яго арыгінальных (!) фатаграфій з відамі мястэчка знаходзяцца ў калекцыі “Культыватара”.

— На гэтых здымках мы ўбачым, як выглядалі лынтупскія вайсковыя могілкі стагоддзе назад, у 1916—1917 гады,  — адзначыў дырэктар “Культыватара” Вадзім Гліннік. — Кожнага салдата — свайго ці з варожага боку — немцы хавалі паасобку, тым самым падкрэсліваючы павагу да кожнай ахвяры вайны. Пра гэта сведчаць і ўстаноўленыя праваслаўныя крыжы для загінулых Рускай арміі. Наогул, Фрыца Краўскапфа можна смела назваць фоталетапісцам Лынтупшчыны і наваколля (дарэчы,  “Культыватар” пачаў працу над выпускам альбома яго здымкаў).

У наступным годзе ў Лынтупы на практыку зноў прыедуць студэнты БНТУ, каб атрымаць каштоўны вопыт і зноў прапанаваць лынтупчанам нешта цікавае і карыснае. У планах — працягваць добраўпарадкаванне могілак. А ўсё для таго, каб нашчадкі лынтупчан маглі ўбачыць іх  не толькі на фота­здымках.

Іна МІКУС
Фота прадаставіў «Культыватар»



Tagged