«Про меня писать не надо». Начальник сергеевичского отделения «Дуниловичи-агро» Елена Киселева

Личности Сельское хозяйство

Спаўна аддае сябе справе

Начальнік сяргеевіцкага аддзялення сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Алена Кісялёва ахвотна расказвае пра ўсіх працаўнікоў, толькі не пра сябе. «Пра мяне пісаць не трэба», — заяўляла катэгарычна.

А вось у дырэктара сельгаспрадпрыемства Андрэя Сарапененкі іншае меркаванне: «Абавязкова напішыце! Алена Бярнардаўна — найлепшы спецыяліст у гаспадарцы. Яна не проста адказна выконвае свае непасрэдныя абавязкі, а душой хварэе за справу. Іншы і бачыць праблему, але можа змаўчаць, Бярнардаўна — не. Вось і зусім нядаўні прыклад. На ферме «Сяргеевічы» сёлета намнога ўзрасла вытворчасць малака, а зарплата жывёлаводаў нізкаватая. Кісялёва звярнулася да мяне з прось­бай перагледзець расцэнкі за работу жывёлаводаў, што і было зроблена. Ферма заўсёды ў зоне яе ўвагі. Не толькі кантралюе, але пры патрэбе і дапаможа ў працы. Калі ідзе сяўба або жніво, так і калясіць па палях на матацыкле. Там, дзе Бярнардаўна, аграному можна і не паяўляцца — усё будзе ў парадку».

…Алена вырасла ў вёсцы Пераслега ў мнагадзетнай сям’і (чацвёра дзяцей). У 1989 годзе закончыла Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум. У калгасе «Ра­дзіма» (пазней СВК «Лугавыя прасторы») пачынала працаваць дыспетчарам. Праз пяць гадоў перавялі эканамістам. Так бы і засталася канторскім работ­нікам, калі б не ўзбуйненне гаспадарак. У 2005-м СВК «ХХV партз’езд» і «Лугавыя прасторы» далучылі да Пастаўскага мясакамбіната. Натуральна, гэта выклікала скарачэнне кадраў. Алене Кісялёвай прапанавалі ўзначаліць сяргеевіцкае аддзяленне. Згадзілася, бо не хацелася зрывацца з сям’ёй з абжытага месца, пераязджаць у іншую гаспадарку, абы толькі мець кабінетную работу.

— Напачатку было вельмі цяжка, — узгадвае. — Я ведала не ўсіх людзей і зусім не ведала палёў. Трэба было да кожнага даехаць, абмераць, вызначыцца, дзе што лепш пасеяць. Да гэтага часу з удзячнасцю ўспамінаю тагачаснага кіраўніка Васілія Ула­дзіміравіча Катовіча. Як чула ён адносіўся да лю­дзей! Як многаму мяне навучыў! Вельмі ўдзячная і Андрэю Мікалаевічу Русецкаму, які быў аграномам. А ўвогуле працую ўжо з восьмым па ліку кіраўніком гаспадаркі. Без усялякага падхалімажу, а па справядлівасці скажу, што цяперашні — Андрэй Віктаравіч Сарапененка — гаспадар з гаспадароў! Добра ведае сельгасвытворчасць, умее арганізаваць работу спецыялістаў, вельмі патрабавальны і сам ва ўсім паказвае прыклад. Заўсёды магу звярнуцца па параду або дапамогу да намесніка дырэктара Валянціна Францавіча Далжонка, галоўнага эканаміста Тэрэсы Ула­дзіміраўны Пайлак. Адчуваючы такую падтрымку, і самой хочацца старацца.

Зараз яна ведае ўсіх жывёлаводаў, паляводаў, механізатараў і кожнае поле аддзялення. «Сёлета ўраджай атрымалі невысокі, — гаварыла са шкадаваннем. — А з вясны мелі такія спадзяванні! Першымі ў раёне пачалі сяўбу і правялі яе ў сціслыя тэрміны. Але неўзабаве засушыла так, што зерне ледзьве прарасло, і ўсходы вельмі дрэнна развіваліся. У выніку 200 гектараў яравых давялося спісаць. Вельмі крыўдна, калі ўкладваюцца сродкі, затрачваецца шмат працы, а капрызы прыроды перакрэсліваюць усе намаганні хлебаробаў».

Васьмігадзінны рабочы дзень, два выхадныя. Гараджане настолькі прывыклі да гэтага, што, калі зрэдчасу каму патрабуецца выйсці звышурочна або ў выхадны дзень, некаторыя ўспрымаюць гэта як пакаранне. У вяскоўцаў зусім іншы рытм жыцця.

— Разумею, што з-за пастаяннай сваёй занятасці многага недадаю сваёй сям’і, — прызналася Алена Бярнардаўна. — Нядаўна запытала ў дарослага сына (Жэня закончыў Горацкую сельгасакадэмію, працуе галоўным рыбаводам у рыбгасе «Навінкі» — аўт.), што яму найбольш помніцца з дзяцінства, і пачула ў адказ: «Тое, што вас з татам ніколі не было дома і выхоўвалі вы мяне па тэлефоне». Балючай стрэмкай застаецца ў сэрцы і такі эпізод. На «хуткай» прывезла маму ў Дуніла­віцкую бальніцу, а мне тэлефануюць, што ўзніклі сур’ёзныя праблемы са здачай малака з фермы. Медыкі ратуюць маму, а я выбягаю ў калідор і вяду перамовы. Праз 20 хвілін мамы не стала… Два гады мінулі, а боль не суцішаецца. Зараз хочацца часцей бачыць маленькага ўнучка, а не атрымліваецца, хаця сын з сям’ёй жыве недалёка — у Дунілавічах.

Хтосьці з чытачоў можа падумаць, што я перабольшваю вытворчую занятасць Алены Кісялёвай. Толькі не тыя, хто побач з ёй працуе і бачыць гэта на свае вочы. Такі ўжо яна чалавек — спаўна аддае сябе справе, ніколі не лічыцца з часам.

       Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Tagged