Раздельно – значит правильно. В Беларуси планируется закрыть мини-полигоны для ТБО

Важное Общество

На мінулым тыдні з пасылкай на намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Корбута з’явілася інфармацыя, што ў бліжэйшыя два-тры гады ў Беларусі плануецца закрыць міні-палігоны для цвёрдых камунальных адходаў.

Тэндэнцыя да змяншэння іх колькасці прасочваецца апошнія гады па ўсёй рэспубліцы і звязана з тым, што яны не адпавядаюць сучасным экалагічным патрабаванням. Не абмінула яна і наш раён. У пачатку бягучага года на Пастаўшчыне налічвалася 17 міні-палігонаў і 1 палігон для ЦКА. 6 з іх закрылі. Тыя, што функцыянуюць, знаходзяцца пад пастаянным наглядам камунальнай службы, па меры неабходнасці падбуртоўваюцца. Маніторынг за іх эксплуатацыяй наладжаны і супрацоўнікамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Перад Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі цяпер стаіць задача распрацаваць план будаўніцтва новых палігонаў, якія будуць адпавядаць міжнародным экалагічным патрабаванням, што прад’яўляюцца да такіх аб’ектаў. Гэта бліжэйшая перспектыва, а галоўная задача сёння — здабыча другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Першапачаткова нікому не патрэбнае смецце насамрэч здольна прыносіць вялікую карысць эканоміцы дзяржавы і экалогіі, праўда, толькі пры ўмове яго сарціроўкі. Па-першае, з другаснай сыравіны атрымліваюць неабходныя рэчывы і матэрыялы, якія затым ідуць на выраб новых тавараў і тым самым робяць іх вытворчасць больш таннай. Па-другое, практыка раздзельнага збору адходаў дазваляе пазбягаць забруджвання навакольнага асяроддзя, паколькі вялізныя кучы смецця не будуць гніць на палігонах. 

Штомесяц у нашым раёне ад насельніцтва на звалкі вывозяцца 600-610 тон смецця. З іх каля 200 тон праходзіць праз сартавальную станцыю ў райцэнтры, аднак выбарка другаснай сыравіны невысокая: усяго 10-11 %. Для параўнання, у сярэднім па рэспубліцы за апошні год здабыча другасных матэрыяльных рэсурсаў склала 18 %.

— Канешне, гэта не тыя аб’ёмы, пра якія сёння хацелася б гаварыць, аднак павялічыць іх самастойна, без дапамогі людзей, мы не зможам, — каменціруе дырэктар УП ЖКГ Ілья Глушонак. — Першапачаткова раздзяляць адходы павінны самі спажыўцы, а далей абавязкова размяшчаць іх па розных кантэйнерах: для паперы, шкла, пластыку. Сёння ў раёне ўстаноўлена 307 кантэйнераў для раздзельнага збору смецця, сартаваць якое зусім не складана, проста неабходна ўзяць гэта за звычку.   

Спецыялісты нагадваюць, што ні ў якім разе не павінны трапіць у навакольнае асяроддзе хатнія электрапрыборы (халадзільнікі, пральныя машыны, электрапліты), якія па розных прычынах сталі непатрэбнымі гаспадарам. Іх можна здаць на пункце прыёму другаснай сыравіны ў Паставах, па вуліцы Пушкіна, 44а, і пры гэтым атрымаць яшчэ і ўзнагароджанне. Калі няма магчымас­ці самастойна даставіць туды тэх­ніку, то, патэлефанаваўшы па нумары 2-70-70, работнікі камунальнай службы вывезуць яе бясплатна самі. На пункце прыёму другаснай сыравіны таксама можна здаць макулатуру, пластык і шкло.

— Пэўнай праблемай для нашай службы з’яўляецца і тое, што часта на кантэйнерныя пляцоўкі людзі вывозяць друз і буйнагабарытныя вырабы, хаця рабіць гэта катэгарычна забараняецца, — засяроджваў увагу Ілья Генадзьевіч. — Даводзіцца адтуль вывозіць старую мэблю, сантэхніку, рэшткі будаўнічых матэрыялаў. Калі ёсць патрэба пазбавіцца ад буйнагабарытных грузаў, набірайце нумар 2-70-70. Пры гэтым памятайце, што паслуга платная. У зімовы перыяд у прыватным сектары грамадзяне выкідваюць у кантэйнеры попел, які часам загараецца і псуе кантэйнеры. А між тым, адзін каштуе каля 200 рублёў.

 Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ



Tagged