С VII открытой международной научно-практической конференции — с дипломом I степени

Важное Образование

А. І. Кузняцоў і Аляксандра Хоміч вывучаюць дакументы ваеннага часу

Заявілі пра сябе ў сталіцы

Дыплом І ступені прывезлі з VII адкрытай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Асоба ў гісторыі: Г. К. Жукаў і яго роля ў пераломных бітвах Вялікай Айчыннай вайны», якая праходзіла 5 снежня ў Мінску, вучаніца 9 класа Юнькаўскай ЯСБШ Аляксандра Хоміч і яе навуковы кіраўнік, дырэктар школы Аляксандр Кузняцоў.

Гэта канферэнцыя ладзіцца з 2013 года. Першапачаткова яе правяла ў сябе СШ №83 імя Г. К. Жукава, ініцыятыву якой падхапілі Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, іншыя нераўнадушныя да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам растуць маштаб і колькасць удзельнікаў мерапрыемства. Так, сёлета на фінальны этап канферэнцыі было прадстаўлена 76 работ, а на яе адкрыцці выступілі паслы Кубы і Венесуэлы ў нашай краіне.

— Пра канферэнцыю мы даведаліся з інфармацыі, якая паступіла ў школу, — расказваў Аляксандр Іванавіч Кузняцоў. — Падумаўшы, вырашылі ўдзельнічаць, бо не першы год займаемся з вучнямі ўстанаўленнем імёнаў раней невядомых абаронцаў Айчыны, якія за­гінулі пры вызваленні Пастаўскага раёна. Для навуковай працы Сашы выбралі адно з пахаванняў, дзе былі безыменныя салдаты, — брацкую магілу савецкіх воінаў і партызан у вёсцы Манькавічы. Спачатку адправілі на завочны тур, які праходзіў з 1 па 12 лістапада, тэзісы з работы, а пазней атрымалі запрашэнне на вочны тур у Мінск.

Абаранялася Аляксандра Хоміч у секцыі «Вялікая Айчынная і Другая сусветная войны: факты, падзеі, людзі» (усяго было чатыры секцыі) у ліку 13 навучэнцаў школ, гімназій і каледжаў Мінска, Гродна, Полацка, іншых беларускіх гарадоў, студэнтаў першага курса расійскіх ВНУ. З 76 удзельнікаў канферэнцыі яна адзіная прадстаўляла базавую сельскую школу. І таго, што работа Сашы зойме першае месца, не чакалі ні сама дзяўчынка, ні яе педагог. Хоць даследаванне і адпавядае заяўленым крытэрыям, дастаткова грунтоўнае.

— Пры яго напісанні Аляксандра не карысталася крытычнай літаратурай, а працавала толькі з перша­крыніцамі, — зазначае А. І. Кузняцоў. — Разам мы вывучылі архіўныя дакументы, якія даступныя на інтэрнэт-сайтах, у тым ліку Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, маюцца ў раённым края­знаўчым музеі. І змаглі ўстанавіць імёны 19 салдат, пра 10 з якіх наогул не ведалі, што яны пахаваныя ў гэтай брацкай магіле. Таксама ўстанавілі, што загінулі воіны не каля вёскі Савічы, як лічылася раней, а побач з вёскай Соўчына, дзе ішлі баі.

Названая вышэй работа заняла не адзін год. Займацца ёй Аляксандр Іванавіч пачынаў з іншымі вучнямі, якія вясной закончылі Юнькаўскую ЯСБШ і перайшлі ў школы горада. А з Сашай дапрацаваў сабраны раней матэрыял. Тым не менш гэта акалічнасць ніколькі не змяншае заслуг дзяўчынкі, якая прапусціла праз сэрца сваё даследаванне і змагла годна яго прадставіць.

— Гэта была першая навуковая канферэнцыя, у якой я ўдзельнічала, — апавядала Саша. — Хоць і хвалявалася, але ўражанні засталіся самыя лепшыя. Атрымала добры вопыт для сябе. Спадзяюся, яшчэ не раз давядзецца выступаць на такіх мерапрыемствах. Цудоўна, што яны арганізуюцца для моладзі, даюць магчымасць нам глыбей вывучаць тэму Вялікай Айчыннай вайны, пра якую на самай справе ведаем не так шмат.

У роднай школе Аляксандра Хоміч — адна з найлепшых вучаніц. Сярэдні бал яе паспяховасці па ўсіх прадметах — 9,2. Асабліва падабаюцца дзяўчынцы гуманітарныя прадметы, у лік якіх уваходзіць гісторыя. Ёю захапілася яшчэ ў 5 класе і вельмі ўзрадавалася, калі сёлета дырэктар прапанаваў заняцца пошукавай работай. І хоць устанаўленне імёнаў загінулых удзельнікаў ваенных падзей на Пастаўшчыне займае шмат часу, узнагародай становіцца ўдзячнасць родных салдат, многія з якіх лічыліся прапаўшымі без вестак. Адно такое пісьмо нядаўна прыйшло на электронную пошту школы з далёкай Удмурціі ад пляменніка сяржанта Антона Арцёмавіча Філатава, пахаванага ў брацкай магіле ў Манькавічах.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged