Са святам Божага Нараджэння! З Раством!

Главное Местная власть Общество

Апошнія прыгатаванні да Божага Нараджэння: пастаўчане Андрэй і Мая Дулінец, іх дзеткі Віка і Сяргей аздабляюць батлейку, якую зрабілі сваімі рукамі

Паважаныя пастаўчане і жыхары раёна!

Шчыра віншуем вас з самым радасным хрысціянскім святам — Божым Нараджэннем! Гэта светлая і прыгожая падзея, асаблівы час чакання, напоўнены цяплом і любоўю родных і блізкіх. Няхай яркая Бэтлеемская зорка як сімвал нараджэння Ісуса Хрыста запаліць святло веры і надзеі ў сэрцы кожнага хрысціяніна. Раство Хрыстова — гэта яшчэ і магчымасць для здзяйснення добрых учынкаў на карысць іншых. Няхай іх будзе як найбольш!

 Жадаем вам нястомнай веры, надзеі, ажыццяўлення ўсіх пажаданняў і мар, міру і дабра!

Сяргей ЧЭПІК, старшыня раённага выканаўчага камітэта
Пётр КУРТО, старшыня раённага Савета дэпутатаў 


Шаноўныя землякі!

Сардэчна віншую вас са святам Божага Нараджэння! Раство Хрыстова з’яўляецца сімвалам веры, чысціні і шчырасці, вучыць міласэрнасці і любові да бліжняга, выхоўвае такія чалавечыя якасці, як дабрыня, справядлівасць, цярпімасць. Гэта невычэрпная крыніца духоўнага пачатку, імкненне чалавека да абнаўлення і духоўнага ачышчэння. У такое светлае хрысціянскае свята няхай у вашых сем’ях пануюць атмасфера дабрыні і ўзаемаразумення, вера ў лепшую будучыню, шчырая любоў да кожнага.

Жадаю вам дастатку, поспехаў, толькі пазітыўных эмоцый, радасці і цеплыні.

Сяргей ЗЯМЧОНАК, дэпутат Палаты прадстаўнікоў  Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь



«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2.10).

Слова аб нараджэнні Езуса Хрыста ўскалыхнула цішыню Бэтлеемскiх палёў. У цемры ўспыхвае святло. Страх змешваецца з радасцю. Пастухі ў цішыні не маглі не пачуць Слова. Навіна аб прыходзе на свет Збаўцы ў адно iмгненне ўзрушыла іх сэрцы і заахвоціла адправіцца ў дарогу, каб убачыць Яго і засведчыць змены, змяніцца самім і несці гэтыя змены іншым.



Дарагія вернікі, паважаныя браты і сёстры ў Хрысце!

Сёння ў нас і вакол нас, як правіла, мала цішыні. Паўсюль святочныя гірлянды, музыка. Рэклама прымушае бегчы набываць розныя рэчы да каляднага ці навагодняга стала. Няма супакою, няма цішыні, паўсюль яркае святло… Як пачуць словы анёла ў гэтай мітусні? Як убачыць Божае дзеянне? Для таго каб Слова пачулі, патрэбна цішыня. Каб заўважыць Божае святло, трэба задумацца над тым, што ёсць наша цемра, у чым неспакой, што ёсць наш страх, якія маем крыўды, дзе праяўляецца наш эгаізм. Нам вельмі патрэбныя Слова і святло, але створаныя не чалавекам, а Богам.

Дарагія браты і сёстры! Жадаю вам, каб свята Божага Нараджэння стала для вас магчымасцю сустрэцца з Богам у цішыні. Няхай Слова пра Збаўцу загучыць у нашым жыцці, дазволіць заўважыць Божае дзеянне і ўбачыць Яго вялікую любоў да нас!

Ксёндз-дэкан Павел Самсонаў



Tagged